“След чорнага ветру”


Сяргей Яўгеньевіч Літвіновіч, Кацярына Віктараўна Калібатава і Уладзімір Аляксандравіч Кахно.

Пад такой назвай у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча прайшоў літаратурна-музычны вечар, прысвечаны 30-годдзю з дня катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электра­станцыі.

Удзельнікаў сустрэчы — а гэта былі ліквідатары на      ступстваў аварыі, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і старшакласнікі школ горада —  вітала арганізатар і вядучая мерапрыемства, мастацкі кіраўнік РДК Алена Слядзеўская. Яна зрабіла невялікі экскурс у трагічны красавік 1986-га, нагадала пра маштабы чарнобыльскай катастрофы, подзвіг людзей, якія цаной свайго здароўя і жыцця рабілі ўсё для таго, каб зменшыць яе наступствы.

У выніку аварыі вакол АЭС была створана 30-кіламетровая зона адчужэння, з сельгасабароту выведзена каля 5 мільёнаў гектараў зямель, знішчаны і пахаваны сотні населеных пунктаў. Забруджаная выкідамі рэактара  тэрыторыя склала больш за 200 тысяч квадратных кіламетраў. Сотні тысяч людзей атрымалі радыяцыйнае апраменьванне, страцілі здароўе, жыллё, сваю малую радзіму. Трагедыя пакалечыла многія лёсы, але ахвяр магло б быць значна больш.

Аляксандр Мухля.

Першымі ўступілі ў барацьбу з атамнай стыхіяй і прынялі на сябе смяротнае дыханне рэактара 28 пажарных Чарнобыля. Пра іх гераізм і мужнасць на сустрэчы расказаў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Ігар Іосіфавіч Януковіч. Пажарныя здзейснілі сапраўдны подзвіг, адвёўшы бяду, выратаваўшы тысячы чалавечых жыццяў. Але доза радыяцыі, якую яны атрымалі, аказалася вель­мі высокай. І. І. Януковіч пайменна назваў усіх, хто   цаной уласнага жыцця ратаваў таварышаў, усіх нас. У іх ліку лейтэнанты Віктар Кібек і Уладзімір Правік, якім пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Сярод пастаўскіх выратавальнікаў таксама былі тыя, хто сумленна і адказна выконваў свой  службовы і грамадзянскі абавязак у зонах рызыкі. Гэта Сяргей Яўгеньевіч Літвіновіч, Міхаіл Фёдаравіч Брэскі і Міхаіл Сяргеевіч Іршонак. За шматгадовую добрасумленную службу, асабісты ўклад у забеспячэнне пажарнай бяспекі на тэрыторыі Віцебскай вобласці і ў сувязі з 30-годдзем з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС  яны ўзнагароджаны  граматамі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.

У першыя месяцы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у ліквідацыі яе наступстваў удзельнічалі дзясяткі пастаўчан. Гэта былі людзі розных прафесій і ўзростаў, якія не думалі аб небяспецы, успрынялі чужую бяду як сваю, адказна адносіліся да ўсяго, што ім даручалі. Трое з іх сталі ўдзельнікамі і галоўнымі героямі літаратурна-музычнага вечара.

Наталія Карнілава.

25-гадовай дзяўчынай, адной з першых сярод работнікаў Пастаўскага райспажыўтаварыства, трапіла ў Брагін Кацярына Віктараўна Калібатава. З моманту катастрофы прайшоў усяго месяц,  многае яшчэ было невядомым і незразумелым. Кацярына працавала поварам у сталовай за 60 кіламетраў ад ЧАЭС: гатавала стравы для вахтавікоў — вадзіцеляў з Гродзеншчыны.

Малодшы сяржант запасу, ва­дзіцель аўтакалоны №17 Ула­дзімір Аляксандравіч Кахно, як і многія іншыя, быў камандзіраваны ў чарнобыльскую зону райваенкаматам. Дома засталіся жонка і двое дзетак. Спачатку нёс службу на пункце санітарнай апрацоўкі тэхнікі і людзей, затым у складзе батальёна выконваў іншыя работы. Ваенныя зборы зацягнуліся амаль на паўгода.

Сяргей Яўгеньевіч Літвіновіч працаваў інспектарам раённай інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, калі прыйшло паведамленне аб накіраванні аднаго супрацоўніка з іх калектыву ў абласны цэнтр, а затым у зону радыеактыўнага забруджвання. Праз некалькі дзён у складзе зводнага атрада прыбыў у Брагін. У зонах адсялення і адчужэння  займаўся звычайнай для сябе справай.

Выступае агітбрыгада СШ №1.

Прысутныя на сустрэчы, затаіўшы дыханне, слухалі выступленні людзей, якія трыццаць гадоў назад прымалі ўдзел ў надзвычай важнай рабоце па ліквідацыі наступстваў аварыі, кожны дзень сутыкаліся з небяспекай. На шчасце, ім пашанцавала — засталіся жывымі. Радуюць дзеці, унукі. А на сустрэчы іх віталі паэтэса Наталія Карнілава, салістка Вольга Балотнікава, выканаўцы песень Аляксандр Мухля, Людміла Логінава, пераможца раённага экафестывалю — агітбрыгада СШ №1 — і тэатр моды СШ №4.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.