Справа, якая стала любімай


Галоўны тэхнолаг Пастаўскага малочнага завода Святлана Віктараўна Германовіч — адна з пятнаццаці жыхароў раёна, каму сёлета прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”. “Ініцыятыўная, вопытная, увесь час у пошуку новага, душой балее за сваю справу”, — так характарызаваў спецыяліста выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства Георгій Пятровіч Касцень. А між тым, тэхнолагам Святлана Віктараўна стала, можна сказаць, выпадкова, марачы за школьнай партай пра зусім іншую прафесію.

— У дзяцінстве я вельмі хацела быць урачом і нават не думала звязваць свой лёс з харчовай прамысловасцю, — расказвала С. В. Германовіч. — У 11 класе ў газеце “Знамя Юности” прачытала аб’яву, што ў Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным інстытуце харчовай прамысловасці будзе праходзіць алім­піяда па хіміі. Вырашыла паспрабаваць свае сілы, паколькі збіралася здаваць хімію пры паступленні ў медінстытут. І зусім нечакана для сябе заняла другое месца, як медалістка атрымала права паступіць без экзаменаў на любую спецыяльнасць у гэтай ВНУ. Такая магчымасць вельмі спакушала. У той жа час было страшна паступаць у медыцынскі, думала: а раптам не атрымаецца? У выніку падала дакументы ў інстытут харчовай прамысловасці, на прэстыжную тады спецыяльнасць “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі малака”.

Студэнцкія гады Святлана Віктараўна ўзгадвае з вялікай цеплынёй: вучыцца было весела, разам з іншымі студэнтамі жыла ў інтэрнаце. Хоць спачатку і была расчаравана сваім выбарам: ВНУ тэхнічная, а сама па натуры, хутчэй, гуманітарый. Але выдатныя выкладчыкі змаглі зацікавіць прадметам вывучэння, прывіць любоў да малочнай справы. Інтарэс да яе яшчэ павялічыўся падчас вытворчай практыкі, якую будучы тэхнолаг праходзіла на такіх буйных прадпрыемствах, як Магілёўская фабрыка марожанага, Магілёўскі малочны камбінат (зараз гэта вядомая кампанія “Бабушкина крынка”), малочных заводах у Ваўкавыску і Баранавічах. Апошнюю, пераддыпломную, — у Паставах. Калі ішло размеркаванне, тут быў патрэбны інжынер-тэхнолаг, і завод прыслаў у інстытут запыт на маладога спецыяліста. Так ура­джэнка Ганцавіч Брэсцкай вобласці аказалася на Пастаўшчыне.

— Я трапіла ў вельмі моцны, дружны, з’яднаны калектыў, — успамінае жанчына. — У той час — а гэта быў 2004 год — галоўным тэхнолагам працавала Валянціна Мікалаеўна Лапко, начальнікам лабараторыі — Таццяна Пятроўна Багданава, начальнікам вытворчасці — Таццяна Пятроўна Цітова. Яны і іншыя спецыялісты былі сапраўднымі прафесіяналамі, любілі свой тады яшчэ маленькі завод і ганарыліся ім, на чале з дырэктарам Іванам Юльянавічам Юхно імкнуліся яго развіваць, укараняць нешта новае. Яны многаму мяне навучылі.

Два гады Святлана Віктараўна адпрацавала на прадпрыемстве інжынерам-тэхнолагам, потым столькі ж — вядучым інжынерам па якасці, а з 2008-га з’яўляецца галоўным тэхнолагам. Кола яе цяперашніх абавязкаў вельмі шырокае. Даводзіцца адказваць за ўвесь тэхналагічны працэс, пачынаючы з прыёмкі малака і заканчваючы выхадам гатовай прадукцыі. Усачыць за ўсім надзвычай складана, тым больш што малако — вельмі капрызны прадукт, кардынальна адрозніваецца па сваім складзе ў залежнасці ад сезона. Але разам з іншымі спецыялістамі вытворчасці С. В. Германовіч паспяхова спраўляецца з гэтай задачай.

Так, у 2004 годзе Пастаўскі малаказавод адным з першых у Віцебскай вобласці ўкараніў сістэму менеджменту якасці ІСO-9000 і сістэму кіравання якасцю і бяспекай прадукцыі ХACCП. Вынікам гэтай вялікай працы стала прэмія Урада Рэспублікі Беларусь, якую прадпрыемства атрымала зноў жа адным з першых у малочнай галіне. Самым жа няпростым і напружаным перыядам работы Святлана Віктараўна называе ўвядзенне ў эксплуатацыю ў 2013 го­дзе новага сырцэха.

— Было цяжка, страшна і адначасова вельмі цікава, — дзялілася яна. — Магутнае замежнае абсталяванне, з якім да гэтага не сутыкаліся, высокая ступень аўтаматызацыі, калі цалкам выключана ручная праца, у цэху толькі 3 чалавекі і ты павінен кіраваць усім з камп’ютара. Як тэхнолагу мне прыходзілася самой унікаць ва ўсе вытворчыя працэсы. Зразумела, спачатку былі праблемы і з запускам, і з якасцю прадукцыі.

Затое цяпер сырцэх працуе без збояў, перапрацоў­ваючы, як і было запланавана, да 200 тон малака ў суткі. А нядаўна завод устанавіў свой гістарычны рэкорд — прыняў за суткі 300 тон малака. На сённяшні дзень з яго вырабляюць каля 40 відаў прадукцыі. І тэхналогію выпуску кожнага з іх ведае С. В. Германовіч, якая імкнецца, каб прадпрыемства мела ўласны твар. Сумесна з інстытутам мяса-малочнай прамысловасці Святлана Віктараўна распрацавала шмат відаў сыроў, якія выпускаюцца толькі ў Паставах. Гэта “Груер”, “Стары Амстэрдам”, “Альпійскі”, “Тызенгаўз”, “Вільна”, “Пармезан Гранд” і іншыя. Яны карыстаюцца вялікім попытам у Ра­сійскай Федэрацыі, увай­шлі ў буйныя федэральныя гандлёвыя сеткі.

Як чалавек неабыякавы Святлана Віктараўна ўсёй душой балее за сваю справу, аддаючы ёй шмат часу і сіл. І хоць мае вялікі практычны вопыт, не перастае вучыцца. Летась на працягу тыдня стажыравалася ў Чэхіі, паглядзела, як там працуюць на такім жа абсталяванні, якое ўстаноўлена ў нашым сырцэху. Была таксама на сыраробных прадпрыемствах у Літве, Польшчы, Германіі, наведала міжнародную выставу “Зялёны тыдзень” у Берліне. Такія камандзіроўкі, па словах С. В. Германовіч, даюць вельмі шмат у плане знаёмства з перадавымі тэхналогіямі, падштурхоўваюць да развіцця. Сёння яна абсалютна ўпэўнена, што займаецца сваёй справай, адчувае да яе сапраўдную любоў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.