Сто разоў за змену “Добры дзень”

Общество

На гэтым здымку — супрацоўнікі аддзялення пагранічнага кантролю “Мольдзевічы” Смаргонскай пагранічнай групы: Марыя Кірплюк, Таццяна Сляпнёва, Анастасія Волкава, Аляксандр Назаранка, Андрэй Трацяк, Ангеліна Андрэйчык з намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце Уладзімірам Друкам падчас сёлетняга святкавання Дня Перамогі на цэнтральнай плошчы горада. Гэта яны першымі сустракаюць грамадзян і гасцей Беларусі, якія пражываюць у пагранічнай зоне на граніцы з Літвой. За змену ім даводзіцца больш за сто разоў гаварыць “добры дзень”. Пашпарт у руках трымаюць усяго некалькі хвілін, засяроджаным поглядам звяраюць фотаздымак з “арыгіналам”, заносяць патрэбныя звесткі ў камп’ютар і вяртаюць дакумент. За гэты час трэба вызначыць сапраўднасць пашпарта і законапаслухмянасць яго ўладальніка.

— Працаваць з людзьмі няпроста, — расказваў начальнік аддзялення Уладзіслаў Ігаравіч Жыгала. — Важна быць тактоўным і добразычлівым. Разумеючы груз адказнасці, пагранічнікі стараюцца быць на вышыні, добра ведаць заканадаўства. Пры неабходнасці растлумачаць, як дабрацца да пункта назначэння, параяць, што цікавае і прыгожае можна паглядзець на Пастаўшчыне. Здараюцца і парушэнні пры перасячэнні граніцы. Часцей за ўсё спрабуюць нелегальна вывезці тытунёвыя вырабы. Але ад пільнага вока спрактыкаванага начальніка змены малодшага лейтэнанта Міхаіла Алімава цяжка што-небудзь схаваць. На яго рахунку дзясяткі выяўленых схронаў тытунёвых вырабаў у аўтамабілях і асабістых рэчах грамадзян.

Работа на пункце пропуску цікавая і дынамічная. Патрабуе адказнасці, аператыўнасці, рашучасці, культуры зносін з людзьмі, пазітыўнасці, цярпення, умення правільна весці сябе ў стрэсавай сітуацыі. Але галоўнае — трэба любіць сваю работу, тады і прафесійныя абавязкі не будуць цяжарам. А вакансіі ў “Мольдзевічах” яшчэ ёсць. Жадаючыя мужчыны ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў могуць звяртацца непасрэдна да начальніка ад­дзялення У. І.  Жыгалы.

— Напярэдадні Дня пагранічніка хачу падзякаваць за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў усім супрацоўнікам аддзялення, — гаварыў Уладзіслаў Ігаравіч. — Віншую з прафесійным святам ветэранаў. Багаты вопыт перадалі маладому пакаленню Д. В. Радына, У. Г. Спяранскі, А. В. Бут, А. М. Мілта, С. А. Шаўкапляс, В. Я. Пацэвіч, Ю. І. Катовіч і многія-многія іншыя. Мне не давялося з імі працаваць, але іх з удзячнасцю ўспамінаюць мае калегі як са стажам, так і маладыя. Жадаю ўсім моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту і шчасця ў сем’ях.

Анна АНІШКЕВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.