У пастаяннай баявой гатоўнасці

Общество

Штодня людзі ў зялёных фуражках нясуць сваю вахту па ахове Дзяржаўнай граніцы. Яны першымі сустракаюць гасцей, у тым ліку і няпрошаных. Ахова Дзяржаўнай граніцы на ўчастку аддзела пагранічнай службы “Паставы” — а гэта амаль 90 кіламетраў па тэрыторыі нашага раёна — ажыццяўляецца ў адпаведнасці з загадам начальніка Смаргонскай пагранічнай групы. У складзе аддзела — ма­більная пагранічная застава, пагранічныя заставы “Лынтупы” і “Ярэва”, пагранічны пост “Палессе”. Задачы па ахове Дзяржаўнай граніцы і забеспячэнні пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь выконваюцца дакладна, што дазваляе кантраляваць абстаноўку, прымаць неабходныя меры.

Дзякуючы ўзаемадзеянню з рознымі структурамі ўдалося забяспечыць недапушчэнне парушэнняў Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь на дадзеным участку асобамі, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і іншай супрацьпраўнай дзейнасці. Асноўныя намаганні ў рабоце аддзела былі накіраваны на забеспячэнне эфектыўнага прымянення наяўных сіл і сродкаў, паспяховае і своечасовае выкананне пастаўленых задач. Ваеннаслужачыя паказваюць высокі ўзровень і прафесіяналізм, скаардынаваную работу.

У выніку зладжаных дзеянняў сёлета затрыманы 2 парушальнікі Дзяржаўнай граніцы, 23 — пагранічнага рэжыму, 3 — правілаў знаходжання і транзітнага праезду па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адзін грама­дзянін парушыў рэжым Дзяржаўнай граніцы, амаль на 700 мільёнаў беларускіх рублёў не дапушчана перамяшчэння праз граніцу тавара-матэрыяльных каштоўнасцей.

У пагранічнікаў для нясення службы ёсць сучасная тэхніка і найноўшае абсталяванне. Але асновай заўсёды былі і застаюцца людзі, для якіх загад “Заступіць на ахову Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь” азначае адказнасць за жыццё і спакой не толькі пастаўчан, але і ўсіх жыхароў краіны. Хочацца адзначыць старшых лейтэнантаў Д. А. Сімончыка, Я. А. Сазановіча, лейтэнанта А. К. Іваноўскага,  старшых прапаршчыкаў В. В. Патрушава, В. З. Кухальскага і іншых.

Працуем і над прапагандай сваёй прафесіі. З верасня мінулага года ў СШ №4 адкрыты профільны ваенна-патрыятычны клас. Кіруе ім Сяргей Іванавіч Машкоў. Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, павышэнню інтэлектуальнага ўзроўню, фізічнага развіцця і прававой культуры, выхаванню адказных адносін да ўмацавання здароўя. Навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у розных спартыўных спаборніцтвах, задзейнічаны ў падрыхтоўцы і правядзенні культурных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў раёне. Вядзецца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы выпускнікоў для паступлення ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Вялікае значэнне для паспяховага выканання пастаўленых задач мае цеснае супрацоўніцтва з мясцовым насельніцтвам. Рады любой дапамозе. Пры ўзнікненні пытанняў, звязаных з аховай Дзяржаўнай гра­ніцы і парадкам на прыгранічнай тэрыторыі, можна патэлефанаваць на нумар аператыўнага дзяжурнага аддзела пагранічнай службы “Паставы” 4-70-00.

А. ЗЕЛЮКОЎ,

начальнік аддзела пагранічнай службы “Паставы”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.