Укараняючы новыя тэхналогіі


Інжынеры электрасувязі Сяргей Іосіфавіч Сініца і Міхаіл Міхайлавіч Афанасьеў пад кіраўніцтвам начальніка станцыйнага ўчастка Канстанціна Віктаравіча Кукеля кожны дзень забяспечваюць бесперабойную работу сродкаў сувязі і перадачы даных.

У наш час немагчыма ўявіць жыццё без тэлефона, інтэрнэту, тэлебачання. Для таго каб забяспечыць іх бесперабойную работу, калектыў Пастаўскага раённага вузла электрасувязі шчыруе кругласутачна. Расказвае кіраўнік прадпрыемства Іосіф Вікенцьевіч ТАМАШЭВІЧ:

 

— Роля інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у эканоміцы імкліва расце. Сучасныя сеткі сувязі ўсё шырэй і больш упэўнена ўваходзяць ў паўсядзённае жыццё. Пастаўскія сувязісты настойліва працуюць над тым, каб даць магчымасць жыхарам нават самых аддаленых вёсак карыстацца сродкамі тэлекамунікацый. Укараненне новых тэхналогій дазваляе нам паляпшаць якасць паслуг, робячы іх даступнымі для жыхароў раёна. Сёння «Белтэлекам» прадстаўлены практычна ва ўсіх сегментах рынку сувязі і аказвае больш за 500 відаў паслуг. Найбольш папулярныя — тэлефонная сувязь, доступ да інтэрнэту, інтэрактыўнае і эфірнае тэлебачанне ZALA. Па выніках мінулага года сярод раёнаў Віцебскай вобласці наш вузел электрасувязі займае другое месца па колькасці абанентаў тэлефоннай сеткі (16618) і абанентаў тэлебачання (8837), да высакаскораснага інтэрнэту падключаны 8732 абаненты — гэта лепшы паказчык у вобласці.

Летась працягвалася работа па пракладцы аптычнага валакна ў сельскія населеныя пункты. Цяпер яно ёсць у Шырках, Дварчанах, Сяргеевічах і Валках, на чарзе — Муляры. Вялося падключэнне па тэхналогіі GPON шматкватэрных дамоў у райцэнтры, што дазваляе пашырыць колькасць паслуг, іх якасць, хуткасць перадачы даных. Асноўныя перавагі гэтай тэхналогіі для абанентаў заключаюцца ў хуткасці доступу да сеткі інтэрнэт, якая значна ўзрастае і паляпшае скачванне і прагляд відэа ў рэжыме рэальнага часу, у магчымасці прагляду відэа ў HD-якасці, у тым ліку прагляд HD-каналаў у інтэрактыўным тэлебачанні ZALA, магчымасці падключэння да паслуг інтэрактыўнага тэлебачання па адной лініі адразу некалькіх тэле­візараў, а таксама ў лічбавай якасці тэлефоннай сувязі і дадатковых відах паслуг. Усяго за 2015 год доступ да высакаскораснага інтэрнэту атрымалі 799 абанентаў, да інтэрактыўнага тэлебачання ZALA — 1100. У сувязі з адключэннем аналагавага тэлебачання карысталася попытам паслуга падключэння да эфірнага тэлебачання ZALA. Яна прыйшла ў дом да 811 абанентаў. Тэхналогія GPON актыўна ўкараняецца і ў гэтым годзе. У першым квартале да яе падключана каля 800 чалавек. На сучасную тэхналогію цалкам пераключаны мікрараён 5 гарадка, вядуцца работы па вуліцы Юбілейнай. Па выніках першага квартала колькасць абанентаў GPON склала 2322 чалавекі. У планах — да канца года перавесці на новую тэхналогію ўсіх абанентаў мікрараёна 6 гарадка, а да 2020-га — усіх жыхароў шматкватэрных дамоў у райцэнтры.

Для зручнасці карыстальнікаў абнаўляюцца тарыфныя планы, укараняюцца новыя паслугі. Адна з апошніх — «Разумны дом», якая ўяўляе сабой сістэму ўстройстваў кіравання, бесправадных датчыкаў руху, задымленасці, адкрыцця дзвярэй ці вокнаў, тэмпературы і вільготнасці і іншых, устройстваў відэаназірання. Карыстальнік па сваім жаданні можа наладзіць сістэму не толькі на інфармаванне аб спрацоўванні датчыкаў, але і на выкананне пэўных дзеянняў. Скарыстацца паслугай змогуць тыя, хто падключаны да інтэрнэту і мае мабільнае ўстройства з аперацыйнай сістэмай Android.

Новы брэнд «Ясна» аб’ядноўвае пакетныя рашэнні для абанентаў сетак GPON і ўключае тры асноўныя паслугі — высакаскорасны інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і бясплатную тэлефонную сувязь па фіксаванай сетцы РУП «Белтэлекам» па ўсёй Беларусі. Аналагам пакетаў «Ясна» для абанентаў, падключаных па тэхналогіі ADSL, выступае пакет «Сямейны».

У мінулым годзе абнавіў­ся аўтамабільны парк прадпрыемства — мы атрымалі пяць новых машын. Гэта дазволіла стаць яшчэ больш мабільнымі. Апошнія гады актыўна ўкараняецца высокапрадукцыйнае абсталяванне, таму калектыў прадпрыемства паступова скарачаецца. Зараз сярэдняспісачная колькасць работнікаў складае 60 чалавек. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія маюць добрую адукацыю, пастаянна павышаюць кваліфікацыю на розных курсах, праходзяць тэхвучобу. Па выніках работы за мінулы год фота інжынера электрасувязі Сяргея Іосіфавіча Сініцы занесена на Дошку гонару РУП «Белтэлекам». Ганаровай граматай Віцебскага філіяла прадпрыемства ўзнагароджаны: вядучы бухгалтар Алена Вінальеўна Скрыцкая, эканаміст Людміла Анатольеўна Еванісава, інжынер электрасувязі станцыйнага ўчастка Міхаіл Міхайлавіч Афанасьеў і вадзіцель аўтамабіля Андрэй Часлававіч Курцэвіч. Начальніку станцыйнага ўчастка Канстанціну Віктаравічу Кукелю, механіку па рамонце транспарту Віктару Іосіфавічу Вежану і кабельшчыку-спайшчыку Вячаславу Вячаслававічу Кірплюку аб’яўлена падзяка дырэктара абласнога філіяла.

Віншую ўсіх сувязістаў і ветэранаў галіны з прафесійным святам — Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі! Вы дорыце людзям радасць зносін, злучаючы не толькі вёскі і гарады, але і розныя краіны. Жадаю выдатнага вясновага настрою, жыццёвай энергіі, поспехаў, сямейнага дабрабыту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.