Упэўніліся ў правільнасці выбару

Образование

25 красавіка ў 8 “А” класе пастаўскай СШ №4 прайшла класная гадзіна на тэму прафарыентацыі, на якую запрасілі і карэспандэнта “ПК”.

Пытанне, кім быць, якую прафесію выбраць пасля школы, хвалюе кожнага старшакласніка. Навучэнцы 8 “А” класа свой выбар зрабілі яшчэ год назад, вырашыўшы вучыцца ў ваенна-патрыятычным класе, які адкрыўся 1 верасня 2015-га. Зараз у ім 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, прычым трое з іх прыйшлі з іншых школ на працягу навучальнага года. За гэты час усе яны сталі падобнымі на сапраўдных вайскоўцаў: на ўрокі ходзяць у армейскай форме, строга выконваюць загады і каманды свайго ваеннага кіраўніка Сяргея Іванавіча Машкова, які праводзіць факультатыўныя заняткі па тактыцы пагранічнай службы. Нават перад пачаткам класнай гадзіны дзяжурная па класе Вікторыя Смятанка па-ваеннаму далажыла, колькі чалавек прысутнічае на мерапрыемстве.

— На сённяшні дзень у свеце існуе больш за 50 тысяч прафесій. З некаторымі з іх, а таксама з кла­сіфікацыяй прафесій па тыпах мы азнаёмімся, сумесна абгрунтуем ваш выбар — вучыцца ў ваенна-патрыятычным класе, — акрэсліла задачы класны кіраўнік Таццяна Радзівонаўна Мадвейка.

Пасля гэтага яна прадаставіла магчымасць самім навучэнцам ахарактарызаваць 5 агульнапрынятых тыпаў прафесій і вызначыць, якія прафесіі да якога тыпу адносяцца. Некалькімі днямі раней 8-класнікам было прапанавана адказаць на шэраг пытанняў, каб даведацца, які тып прафесій блізкі кожнаму з іх. Па выніках анкетавання 70 працэнтаў навучэнцаў належаць да тыпу “чалавек—чалавек”, куды адносіцца і прафесія пагранічніка. А гэта значыць, што большасць школьнікаў невыпадкова трапілі ў ваенна-патрыятычны клас.

Яшчэ адну невялікую даследчую работу правялі самі дзеці. Ім трэба было распытаць сваіх блізкіх пра тое, хто з родных меў дачыненне да арміі. Як аказалася, многія з’яўляюцца прадаўжальнікамі ваеннай справы: у адных дзядулі служылі на флоце або ў ракетных войсках, у іншых прадзядулі і прабабулі ваявалі на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нехта з родных выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, быў лётчыкам-выпрабавальнікам. Таксама ў студзені школьнікі пісалі сачыненне на тэму “Чаму я хачу стаць пагранічнікам”. Урыўкі з іх яны зачыталі на класнай гадзіне.

Як чалавек выбірае тую ці іншую прафесію? Робіць гэта свядома або ўплывае выпадак? Адказаць на пытанні Т. Р. Мадвейка папрасіла ваеннага кіраўніка 8-класнікаў С. І. Машкова і аўтара артыкула. Сяргей Іванавіч, у прыватнасці, адзначыў, што ён ужо пасля 8 класа ведаў, што бу­дзе ваенным. Пасля школы паступіў у Рыжскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча ракетных войскаў стратэгічнага назначэння. Службу пачынаў у Расіі, у горадзе Балагое. Затым былі Паставы, Пружаны, Баравуха, зноў Паставы.

— Служыць у арміі нялёгка, — гаварыў ён. — Трэба быць пастаянна гатовым заступіць на баявое дзяжурства. І, як у любой прафесіі, тут ёсць свае мінусы і плюсы. Вы іх ужо ведаеце і зможаце яшчэ лепш пазнаёміцца з асаблівасцямі ваеннай службы падчас маючага адбыцца палявога выхаду на граніцу.

Безумоўна, не ўсе навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа стануць вайскоўцамі. Нехта з іх абярэ прафесію ваеннага ўрача, карэспандэнта або наогул не звязаную з арміяй. Але якім бы ні быў гэты выбар, зазначыла Т. Р. Мадвейка, самае галоўнае — заставацца чалавекам з вялікай літары, быць актыўным і ініцыятыўным. Пра тое, наколькі названыя якасці дапамагаюць у жыцці, а таксама пра дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі 8-класнікам расказала намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ СШ №4, намеснік старшыні Мала­дзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Ліза Жук. На класную гадзіну яна прыйшла для таго, каб уручыць вучням, якім споўнілася 14 гадоў, членскія білеты і значкі ГА “БРСМ”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.