Узаемадзеянне стане больш цесным

Экономика

На сумесным пасяджэнні прэзідыумаў раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай ветэранскай арганізацыі і раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”, якое адбылося 21 красавіка, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж гэтымі арганізацыямі.

Яго мэта — павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці пажылых людзей, ветэранаў і пацярпелых ад наступстваў вайны, далейшае ўдасканаленне і развіццё шэфскай дапамогі, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Пагадненнем вызначана правядзенне розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных свят, памятных дат і падзей, якія звязаны з подзвігамі і воінскай доблесцю народа, захаванне і развіццё гераічных традыцый.

У раёне і да гэтага праводзілася нямала сумесных мерапрыемстваў, падчас якіх асаблівая ўвага ўдзялялася ветэранам вайны. Іх на тэрыторыі раёна засталося толькі 32 і 102 былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Асноўная мэта ў рабоце аб’яднанняў — не пакінуць без увагі ні аднаго ветэрана. Прадугледж­ваецца сумеснае добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, помнікаў, абеліскаў.

— Нашы грамадскія арганізацыі з’яўляюцца самымі шмат­лікімі, — адзначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Францаўна Літвіновіч. — Падпісанне такога пагаднення стала значнай падзеяй. Мы будзем дзейнічаць для будучыні жыхароў раёна. Пагадненне дазволіць нам яшчэ больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць, сумесна вырашаць складаныя пытанні, у тым ліку па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў. Сёння калектыўныя дагаворы многіх прадпрыемстваў прадугледжваюць выплату сацыяльнай дапамогі ветэранам, якія некалі на іх працавалі. Радуе, што ў Беларусі ветэранам удзяляецца столькі ўвагі з боку дзяржавы, прафсаюзаў і моладзі.

— Адзін з кірункаў нашай дзейнасці — пераемнасць пакаленняў, — адзначыла першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Іна Каралёва. — Мы абавязаны клапаціцца пра тое, каб моладзь ведала гісторыю сваёй краіны і свайго народа, цаніла мінулае. Вельмі важна не згубіць сувязнае звяно. Таму нашым саюзам сумесна з прафсаюзамі, ветэранскай арганізацыяй арганізуюцца шматлікія акцыі і мерапрыемствы, накіраваныя на перадачу вопыту і ведаў старэйшага пакалення маладым.

— Пагадненне падпісана незадоўга да Дня Вялікай Перамогі, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Хоць год не юбілейны, але ветэраны не павінны быць абдзелены ўвагай. З кожным годам удзельнікаў і сведкаў жудасных падзей Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш і менш. Мы павінны імі даражыць і клапаціцца пра іх. Узрост у іх паважаны, здароўе слабае, многія не маюць сіл выйсці з кватэры. Таму да іх павінны дайсці члены тых калектываў, дзе ветэраны працавалі, вучні і моладзь, валанцёры.

— У працэсе сваёй рэалізацыі пагадненне будзе развівацца і па новых кірунках, — падвяла рысу старшыня раённага аб’­яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая. — Ветэраны, моладзь, прафсаюзы і раней знаходзілі ўзаемаразуменне. Цяпер гэта супрацоўніцтва замацавана пагадненнем, якое яшчэ раз падкрэслівае кансалідацыю нашых сіл. Планы вялікія, і толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам іх ажыццявіць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.