Хроніка здарэнняў


Пахадзілі зладзеі па дачах

16 красавіка з заявай аб крадзяжы маёмасці з дачнага дома ў вёсцы Вайшкуны ў РАУС звярнуўся жыхар г.п. Лынтупы. Мужчына паведаміў, што нехта пранік у яго гаспадарчую пабудову і вынес адтуль шрубакрут, садовую тачку і пісталет для мантажнай пены. Злодзеем аказаўся 27-гадовы пастаўчанін, які нідзе не працуе. У адносінах да маладога чалавека ўзбу­джана крымінальная справа, украдзенае канфіскавана.

Прыблізна ў гэты ж час у Вайшкунах адбыўся яшчэ адзін крадзеж маёмасці з гаспадарчай пабудовы — у двары дома, які належыць жыхару Мінска. У яго злодзей, асоба якога пакуль не ўстаноўлена, украў сантэхніку на суму 8 мільёнаў рублёў.

“Дапамаглі” гаспадары

У адзін з красавіцкіх вечароў 50-гадовы жыхар Муляраў украў з незамкнёнага гаража 87-гадовай пенсіянеркі, якая пражывае ў гэтай жа вёсцы, тры дарожныя веласіпеды. Таксама пад покрывам цемры невядомая асоба пранікла ў незамкнёны гараж па вуліцы Някрасава ў Паставах і прыбрала да рук розныя інструменты на суму амаль 2 мільёны рублёў. А ў канцы сакавіка сярод белага дня злодзей сцягнуў з адчыненай павеці жыхара г.п. Лынтупы карданны вал да аўтамабіля “УАЗ”.

Пагарэлі на гашышы

У красавіку супрацоўнікі райаддзела міліцыі затрымалі двух грамадзян 1992 і 1988 гадоў нараджэння, адзін з якіх пражывае ў аграгарадку Камаі, а другі — у горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Пры правядзенні вобыску ў абодвух маладых людзей быў знойдзены гашыш, які яны захоўвалі пры сабе без мэты збыту. Узбуджаны крымінальныя справы за незаконны абарот наркатычных сродкаў.

З-за прылаўка на лаву падсудных

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да аднаго з прадаўцоў філіяла “Каапгандаль №2 райспажыўтаварыства”. Устаноўлена, што ў лютым і сакавіку яна двойчы падманула пакупніка, які набываў тавар у магазіне. Скарыстаўшыся тым, што апошні знаходзіўся ў нецвярозым стане, несумленная работніца прылаўка абодва разы наўмысна спісала з яго банкаўскай картачкі, якую атрымала для разлікаў за набытую бутэльку віна, замест 38 тысяч рублёў 380 тысяч. Цяпер жанчыну чакае лава падсудных.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.