Хроніка здарэнняў


Пад “прыцэлам” — дачы

У пачатку мая з заявай аб пранікненні ў дачны дом у вёсцы Вайшкуны ў райаддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Мінскага раёна. Мужчына паведаміў, што нехта ўзламаў замок на ўваходных дзвярах і ўкраў з дома мікрахвалевую печ, тры каструлі, дзве патэльні і масляны радыятар. Прыкладна ў гэты ж час у РАУС зарэгістравана заява жыхара Мінска, які мае дачу ў Ясюках. З яе злодзей — ім аказаўся 25-гадовы непрацуючы жыхар вёскі Кейзікі, — выставіўшы аконную раму, вынес будаўнічы ўзровень, ліхтар для падводнага плавання і партатыўную газавую гарэлку. Украдзенае канфіскавана. Узбуджаны крымінальныя справы.

Распусцілі рукі

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 22-гадовага жыхара вёскі Пруднікі. У красавіку малады чалавек з хуліганскіх намераў збіў свайго равесніка са Старога Двара, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджанні. За гэта хулігану пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

На такі ж тэрмін можа трапіць за краты і 42-гадовы жыхар завулка Партызанскага ў Паставах. Устаноўлена, што на працягу некалькіх месяцаў мужчына — а ён нідзе не працуе і раней быў асуджаны — у нецвярозым стане сістэматычна збіваў сужыцельку.

Не стала ўрокам

29 красавіка супрацоўнік дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ каля аднаго з дамоў па вуліцы Пясочнай у райцэнтры затрымаў пастаўчаніна, які знахо­дзіўся за рулём “Опеля” ў нецвярозым стане. Высветлілася, што мужчына на працягу года ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне і быў пазбаўлены права кіравання аўтамабілем. Але гэта не прымусіла яго задумацца над сваімі паводзі­намі. Магчыма, задумаецца цяпер, пасля ўзбуджэння крымінальнай справы.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.