Яго вайна была такой


З  кожным  Днём Перамогі пачынаеш вастрэй адчуваць, што няўмольны час вырывае з нашых радоў непасрэдных пераможцаў, тых, хто падарыў нам сённяшні светлы дзень. А як не стае гэтых мудрых і мужных лю­дзей! Як іх жыццёвы прыклад патрэбны ў патрыятычным выхаванні!

Многія пастаўчане, напэўна, памятаюць Аляксея Пятровіча Віклюка. Ён прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, спяваў у хоры пры клубе “Памяць”, актыўна ўдзельнічаў у раённых мерапрыемствах. У сёлетнім сакавіку Аляксею Пятровічу споўнілася б 90. На жаль, не дажыў да юбілею. Але ў нашым школьным музеі захоўваюцца ўспаміны ветэрана вайны.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксей Віклюк вучыўся за токара ў Адэскім рамесным вучылішчы. Пры набліжэнні фашысцкіх войск да Адэсы ўсе вучылішчы пешым ходам эвакуіравалі на Усход. Аляксей жа 15 чэрвеня ўпаў з турніка і атрымаў адкрыты пералом правай рукі, таму і застаўся ў горадзе. Да акупацыі хлопец, падлячыўшыся, працаваў на абарону Адэсы. 16 кастрычніка 1941 года горад быў акупіраваны нямецка-румынскімі войскамі. Навучэнцаў рамеснага вучылішча, якія заставаліся ў Адэсе, узялі да сябе жыхары горада.

Пасля вызвалення Адэсы юнака прызвалі на ваенную службу, спачатку ў пяхоту, потым у крылатую пяхоту ПДВ (на камісіі ўдалося ўтаіць пералом рукі). Тут ад роты ПТР (бранябойшчыкі) быў накіраваны ва ўзвод сувязі вучыцца на тэлефаніста. У студзені 1945-га 25-ая брыгада ПДВ чакала высадкі ў тыл, але камандаванне накіравала байцоў як проста пяхоту па чыгунцы. На станцыі Сухінічы Аляксей, пакуль стаяў за кіпенем, адстаў ад эшалона. Тых, хто  адстаў ад сваіх, накіравалі ў бліжэйшы запасны полк у Калугу. Аднойчы камандзір палка аддаў загад да наступлення цемры ўзяць вёску, занятую немцамі. На самай справе яе трэба было вызваляць суседняму палку іх дывізіі на золку наступнага дня. Баявы загад быў выкананы. Але чамусьці іх камандзір не паведаміў пра гэта камдзіву. На золку другі полк пайшоў у атаку. А ў вёсцы адпачывалі салдаты, выставіўшы ахову, якая вырашыла, што гітлераўцы вяртаюцца, і падняла полк па трывозе. Немцы таксама сталі страляць па атакуючых. Завязаўся бой паміж сваімі, пакуль справа не дайшла да рукапашнай. Вось тады ўсім усё і стала ясна. Высветлілася, што пасля гібелі камандзіра палка быў назначаны новы, па званні  —  капітан. Гэта ён не далажыў камандзіру дывізіі аб узяцці вечарам вёскі. Пазней яго аддалі пад ваенны трыбунал.

Пасля расфарміравання ды­візіі полк, у якім служыў А. Віклюк, накіравалі ў Венгрыю. Там ён уліў­ся ў 25-ую брыгаду ПДВ, якая стаяла лагерам у лесе. Аляксей Пятровіч сустрэўся з воінамі-дэсантнікамі з запаснога палка Калугі. Іх накіравалі на фронт 2 сакавіка 1945 года, куды яны прыбылі ў другой палове сакавіка. Фактычна, гэта ўжо была тэрыторыя Германіі. Калі эшалон глыбокай ноччу прыбыў на прыфрантавую станцыю, на яе наляцелі нямецкія штурмавікі. На парашутах яны развесілі асвятляльныя бомбы і пачалі абстрэл эшалона. Падпалілі і яшчэ некалькі. Днявальныя вагонаў у пачатку налёту паднялі асабовы склад па трывозе і многія паспелі пакінунуць вагоны і адбегчы далей. Але было і шмат забітых, раненых.  Забітых пахавалі на месцы, раненых пагрузілі на ўзятыя ў жыхароў павозкі і адвезлі ў бліжэйшы медсанбат.

Наперадзе ў 19-гадовага Аляксея Віклюка было каля двух месяцаў цяжкай вайны. З Германіі ён вярнуўся пераможцам. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За  перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ,

кіраўнік музея баявой

і працоўнай  славы СШ №2. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.