За крок ад п’едэстала

Спорт

Упершыню ў Глыбокім адбылося першынство Віцебскай вобласці па хуткіх шахматах сярод сельскіх раёнаў. Кожны ўдзельнік меў у сваім актыве 15 хвілін на абмеркаванне хадоў на кожную партыю. У заяўцы было 9 каманд. Гаспадары і пастаўчане заявілі да дарослых удзельнікаў яшчэ і дружыны школьнікаў. У іх склад  увайшлі таленавітыя юныя шахматысты, якія займаюцца ў аб’яднаннях пазашкольных устаноў. У Паставах такой секцыяй кіруе кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатоль Салацінскі.

Перад стартам спаборніцтваў капітан нашай каманды Юрый Катовіч выказаў меркаванне, што калі ў турнірнай табліцы апярэдзім лепяльчан, то станем чэмпіёнамі. Забягаючы наперад, скажу, што лепяльчан мы апярэдзілі, а вось чэмпіёнамі не сталі. А цяпер пра ўсё па парадку.

У складзе каманды з Лепеля гулялі два кандыдаты ў майстры спорту і два першаразраднікі. І справа нават не ў гэтым. Месяц таму ў Дуброўне на першынстве Віцебскай вобласці па класічных шахматах лепельская дружына дала сапраўдны бой фаварытам аршанцам і фінішавала другой. Вось і цяпер усе чакалі сустрэчы лідараў. Трэба аддаць належнае нашым шахматыстам, бо яны ўпэўнена перамаглі з лікам 2,5:1,5 ачка спачатку лепяльчан, а пазней з такім жа лікам яшчэ аднаго фаварыта — браслаўчан. У гэтых гульнях дзве бліскучыя перамогі атрымаў банкаўскі служачы Аляксандр Сямёнаў. Але далей пастаўчане неспадзявана страцілі ачкі са слабейшымі па рангу. А вось каманда Браслаўскага раёна згуляла мабільна і стала чэмпіёнам. На другім месцы нашы шахматысты, на трэцім — прадстаўнікі Докшыц. Каманда “Паставы-І” набрала 21,5 ачка. У асабістым заліку гэта выглядае так: А. Мурзо — 2,5, А. Сямёнаў — 5, Д. Стахоўскі і Ю. Катовіч — па 7 ачкоў.

Трэба адзначыць, што Аляксандр Мурзо выступаў на першай (самай моцнай) дошцы. А вось Дзмітрый Стахоўскі (2-я дошка) і Юрый Катовіч (4-я) у асабістым заліку занялі першыя месцы, у Аляксандра Сямёнава (3-я дошка) — бронзавы медаль.

Каманда “Паставы-ІІ” набрала 9,5 ачка і фінішавала восьмай. Гонар дружыны абаранялі Яна Галатылец, Жэня Ліпская (СШ №1), Матфей Іваноў (СШ №2), Мацвей Курашэвіч (СШ №3). У асабістай сустрэчы каманда “Паставы-ІІ” перамагла “Паставы-І” з лікам 2,5:1,5.

І. СІДАРУК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.