Зацвіце ў іх гонар сад

Общество

Рэспубліканская акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі” стартавала ў мінулым годзе і прысвячалася 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты шырокамаштабны праект знайшоў свой працяг і сёлета. У Варапаеве ў яго рамках каля абеліска землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, пасадзілі фруктовыя дрэўцы.

Гучала музыка, завіхаліся дзеці і дарослыя: адны капалі ямкі, другія падносілі ваду, трэція — са­джанцы, хтосьці прывязваў дрэўцы да калочкаў. Руплівай працы ў той дзень спрыяла сонейка, якога так доўга чакалі сёлетняй вясной.

— Абеліск устаноўлены напрыканцы 60-х гадоў, — расказвала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Сюдзюкевіч. — Праблемай былі старыя і аварыйныя дрэвы, які растуць побач. Некалькі гадоў таму іх пачалі выпілоўваць. Сёлетняй вясной работнікі варапаеўскага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама спілавалі і вывезлі 24 дрэвы. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ачышчалі тэрыторыю і ручай, які працякае побач. Некалькі дзён выходзілі на добраўпарадкаванне тэрыторыі і работнікі сельвыканкама. А каб месца яшчэ больш папрыгажэла, вырашылі пасадзіць яблынькі і алычу. 

Пасадкай займаліся вучні сёмага класа Варапаеўскай сярэдняй школы разам з настаўнікамі працы Ірынай Мечыславаўнай Халдзей і Генадзіем Альфонсавічам Валадзько. Разам працавалі старшыня сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч, члены аматарскага аб’яднання “Памяць Сікоры” пры Варапаеўскай бібліятэцы, ляснічы мясцовага лясніцтва Анатолій Уладзіміравіч Сапрончык, ляснік Яўгеній Лукашэвіч, вадзіцель Аляксандр Казаровец. Да добрай справы далучыліся Андрэй Петух з сынам Мацвеем, дом якіх стаіць побач, і сябар хлопчыка Макар.

— Калі дрэўцы прыжывуцца, то на наступны год іх можна будзе прышчапляць, — тлумачыў А. У. Сапрончык. — А праз некалькі гадоў з’явяцца і першыя яблыкі. Адыходзяць у свет іншы ветэраны (у Варапаеве іх засталося шэсць — аўт.), то няхай у памяць пра іх пладаносяць яблынькі. 

— У школе праводзіцца сістэматычная мэтанакіраваная работа па  патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, — расказвала настаўніца І. М. Халдзей. — Удзел у акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі” і пасадцы дрэўцаў — адзін з яе напрамкаў. Рэха Вялікай Айчыннай дакацілася амаль да кожнай беларускай сям’і. І сярод вучняў ёсць тыя, чые продкі набліжалі Перамогу.

— Мой прадзед загінуў у блакадным Ленінградзе, — гаварыла вучаніца Таццяна Яршова. — Пра яго я ведаю зусім мала. Але сёння ўспамінала. Пасадка дрэўцаў — гэта свое­асаблівая традыцыя: упрыгожыць нашу зямлю, унесці свой уклад ва ўвекавечванне памяці аб мінулым.

— Мамін дзед, а мой прадзед Коля таксама ваяваў, — уключыўся ў размову Мікіта Ніколенка. — Я яго ніколі не бачыў, ведаю толькі з расказаў мамы. Адно з пасаджаных сёння дрэўцаў — у памяць пра яго, а сад — даніна памяці ўсім, хто цаной свайго жыцця заваяваў для нас мір.

— Тое, што сёння на гэтым месцы высаджваюцца яблынькі, — сімвалічна для Варапаева, — гаварылі члены аматарскага аб’яднання “Памяць Сікоры” Ірына Кузьміч, Ірына Шарынская і Галіна Рагіня. — Дрэўцы выкапалі ў гадавальніку, які некалі заклаў Іван Паўлавіч Сікора. Вядомы садавод нарадзіўся ў Шаркаўшчынскім раёне, але доўгі час жыў у нашым пасёлку і пакінуў нам час­цінку сваёй душы. У яго гонар у Варапаеве названа вуліца, яго імя носяць піянерская дружына школы і наша аматарскае аб’яднанне. Яблыня сімвалізуе непарыўную сувязь паміж пакаленнямі і памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа.

Праз год-другі саджанцы ўбяруцца ў белую квецень. Варапаеўцы, праходзячы праз сад, будуць успамінаць тых, каму мы абавязаны за яснае неба над галавой.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.