Задае тон


Сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як Васілій Чабуранаў прыйшоў працаваць у райаграсэрвіс. Да гэтага меў некаторы вопыт работы ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Але менавіта ў райаграсэрвісе адбылося яго працоўнае станаўленне. У калектыве ў той час было нямала спрактыкаваных механізатараў. У іх набіраўся вопыту, асвойваў новую тэхніку. Пачаў працаваць на зернеўборачным камбайне і праз год-другі не ўступаў у рабоце сваім настаўнікам. Вясной і восенню  быў падменным на сяўбе ў Вячаслава Савіча. А калі той звольніўся з работы, трактар “МТЗ-3022” з пасяўным агрэгатам “ААП-6Д” перадалі Чабуранаву. Трэці сезон малады механізатар кіруе сучаснай тэхнікай. І, як адзначаюць спецыялісты, асвоіў яе дасканала, выконвае вялікі аб’ём работы. Вось і сёлета  яравыя зерневыя і рапс пасеяў ужо больш чым на 500 гектарах. На пазаўчарашні дзень гэта быў адзін з самых высокіх вынікаў у раёне.

— У красавіку вельмі перашкаджалі дажджы, стаяла халоднае надвор’е, — расказваў Васілій Чабуранаў. — Тэмпы ўзраслі толькі ў апошні час. У цэлым жа, калі ёсць падрыхтаваная глеба, то за дзень можна пасеяць да 40 і больш гектараў збажыны. Праўда, сёлета на такі паказчык выйсці яшчэ не ўдалося.

У дзень наведвання гаспадаркі галоўны сейбіт аграсэвісу, як і іншыя механізатары,  працаваў у варапаеўскім  аддзяленні. А ў думках быў на іншым полі, перажываў, што вельмі пераўвільготнена глеба ў Вайцяхах. А там жа таксама трэба сеяць.

Такая заклапочанасць і пачуццё адказнасці прыйшлі з цягам часу. Па шэрагу прычын многія з механізатараў развіталіся з калектывам. Васілій застаўся і ўключыўся ў работу  яшчэ з большым стараннем. Летась, напрыклад, у райаграсэрвісе прыбаўка ўраджайнасці зерневых да папярэдняга года склала на кожным гектары 11 цэнтнераў. У гэтым  вялікі ўклад і Васілія Чабуранава. Ён і сёлета задае тон у рабоце.

Не лічацца з часам і Дзмітрый Лысёнак, Віктар Мядзюха, браты Дзмітрый і Анатолій Салавей, якія працуюць на падрыхтоўцы глебы, іншыя механізатары.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.