Задаволены і дзеці, і дарослыя


Дзе ў Паставах можна адсвяткаваць дзень нараджэння дзіцяці або проста адпачыць з ім у нязмушанай камфортнай абстаноўцы? У дзіцячым кафэ “Лагуна”! Год ад году яно набывае ўсё большую папулярнасць не толькі ў жыхароў нашага горада, але і ў гасцей. Даты правядзення мерапрыемстваў забраніраваны на месяцы наперад.

Святлана Міхайлаўна Стасюк адміністратарам дзіцячага кафэ прыйшла працаваць у лістападзе 2014 года. Успамінае, што тады яно выглядала сумна і аднастайна: аднатонна пафарбаваныя сцены, мінімум яркіх дэкарацый і, як вынік, — наведвальнікаў. Заручыўшыся падтрымкай кіраўніцтва райспажыўтаварыства, пачала ўвасабляць у жыццё шматлікія задумы.

— Давалі аб’явы, папулярызавалі кафэ сярод знаёмых, — расказвала адміністратар. — Вынік убачылі адразу. Масава прайшлі навагоднія ранішнікі, многія пастаўчане ўпершыню пабывалі ў нас. А потым  спрацавала “сарафаннае радыё”. Цяпер у кафэ прыязджаюць нават масквічы, мінчане, госці з Польшчы, Літвы, Расіі — часцей тыя, хто адпачывае на Нарачы. І дзеці, і дарослыя, якія іх суправаджаюць, застаюцца задаволеныя.

Святлана Міхайлаўна Стасюк.

Ды і не дзіўна. Заходзіш у кафэ — і нібы трапляеш у яркую казку. На сценах — малюнкі і плакаты з мультыплікацыйнымі героямі, пад столлю стракацяць папяровыя расцяжкі з выявамі клоўнаў, на падлозе ўстаноўлены арыгінальныя кампазіцыі. У акварыуме пасяліліся чарапаха Спірыдон і сомік Марго. Прыемную атмасферу ствараюць і дзіцячыя песенкі, якія гучаць прыцішана і неназойліва. Устаноўлены новы плазменны тэлевізар.

Мерапрыемствы тут прахо­дзяць не толькі ў выхадныя, але і ў будныя дні. Адначасова могуць адпачываць да 50-60 чалавек. З маленькімі наведвальнікамі працуе дзіцячы аніматар Іна Вярбіцкая. Яна праводзіць разнастайныя гульні, конкурсы, малюе з малымі, пускае з імі мыльныя пузыры, разам пераўвасабляюцца ў казачных персанажаў… Дарэчы, для забаў ёсць асобны пакой. Якія яркія здымкі адтуль атрымліваюцца! Многія з іх трапляюць у сацыяльныя сеткі. А гэта найлепшая рэклама ўстанове.

Асаблівая ўвага надаецца кухні. Стравы для кафэ гатуе сапраўдны прафесіянал — майстар-повар Кацярына Калібатава. У меню — курыны шашлык на палачках, піца, салаты, бульба фры… А якое свята для дзяцей без салодкага?  У асартыменце — кактэйлі, марожанае, жэле, блінчыкі і іншыя прысмакі. Можна купіць сокі, газіраваныя напіткі, прысмакі, а таксама дзіцячыя цацкі — лялькі, машынкі…

Кафэ карыстаецца папулярнасцю і ў дарослых. З 12 да 15 гадзін тут можна бюджэтна паабедаць — комплексны абед каштуе ўсяго 25-30 тысяч рублёў. У памяшканні часта арганізуюцца вяселлі, юбілеі і іншыя масавыя ўрачыстасці.

Напэўна, няма і дня, каб тэлефон адміністратара маўчаў. Святлану Міхайлаўну гэта толькі радуе. Яна ўмее знайсці з кліентамі агульную мову.

— Я любіла і люблю працаваць з людзьмі, — прызнавалася суразмоўца. — Ніколі не шкадую асабістага часу для вырашэння рабочых пытанняў. А іх заўсёды шмат, асабліва цяпер, напярэдадні летняга сезона. Па сутнасці, у кафэ працую адна. Таму для мяне асабліва важная падтрымка з боку старшыні праўлення райспажыўтаварыства Р. А. Леўкаўца, дырэктара філіяла “Каапгандаль №2 Пастаўскага райспажыўтаварыства” М. Д. Скраблевіч, яе намесніка К. М. Красоўскай. Спыняцца нельга. Бу­дзем і надалей удасканальваць нашу работу, імкнуцца да таго, каб задаволеным застаўся кожны кліент.

Іна СНЯЖКоВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.