А ў душы яшчэ маладыя…


Апошнія майскія цёплыя і сонечныя выхадныя парадавалі ўсіх, а мяне і маіх сяброў дзяцінства — асабліва. У апошнюю суботу месяца мы, былыя вучні Дунілавіцкай сярэдняй школы, сабра¬ліся разам у вызначаны час у скверыку каля велічнага адноўленага мясцовага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. З хваляваннем і радасцю ехалі ўсе на гэту сустрэчу, пра што дамовіліся некалькі гадоў назад.

Праўда, трое пастаўчан крыху спазніліся, бо трэба было заехаць у Сяргеевічы і забраць адтуль па-ранейшаму абаяльную і энергічную Ірыну Шылько, якая прыехала напярэдадні з Гродна. Зараз яна ўжо на заслужаным адпачынку, а працавала на хімічным гіганце — “Азоце”, выгадавала дзвюх дачок, мае трох унучак. Разам з ёй збіраўся ехаць у родныя мясціны Славік Свірковіч, які яшчэ працуе ў Гродзенскім аблвыканкаме і ганарыцца сваімі сынамі, двума ўнукамі і ўнучкай. Ён самы старэйшы з нас, таму ў школьныя гады карыстаўся асаблівым аўтарытэтам, пасля заканчэння інстытута замежных моў у Мінску прызваўся афі¬цэрам у армію, закончыў службу падпалкоўнікам, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане. Мы ўсе вельмі засмуціліся, даведаўшыся, што за пару дзён да сустрэчы ў яго ўзніклі праблемы з сэрцам, і шчыра пажадалі выздараўлення.

Па традыцыі найперш крыху пахадзілі па апусцелай старой школе, паразмаўлялі, сфатаграфаваліся і паехалі на вясковыя могілкі. Там усклалі кветкі на ма¬гілы нашых былых настаўнікаў і аднаго з аднакласнікаў — Валодзі Маркевіча. Іншагароднім удзельнікам сустрэчы было прыемна даведацца, што яшчэ бадзёрыя нашы паважаныя педагогі С. І. Мышко, Л. Ф. Свір¬ковіч, І. Н. Закрэўская, школьны бібліятэкар Л. З. Кейзік, а тагачасныя маладыя выкладчыкі замежнай мовы М. У. Касяк і фізічнай культуры І. І. Казак працягваюць займацца любімай справай.

Потым ва ўтульным кафэ аграсядзібы “Салаўіны гай” не адразу пачалі сяброўскую вячэру, якая працягвалася больш за пяць гадзін. Спачатку я папрасіў 14 сваіх аднакласнікаў зноў крыху пабыць вучнямі і запоўніць анкету выпускнікоў далёкіх 70-х гадоў. Як высветлілася, у большасці з іх асноўныя мары дзяцінства, на шчасце, споўніліся, і яны зноў паўтарылі б свой жыццёвы шлях. Так, медыцынскімі сёстрамі сталі Ядвіга Чыкун і Аня Траяноўская (яны вучыліся разам, а яшчэ іх аб’яднала тое, што абедзве раптоўна страцілі сваіх мужоў, сталі ўдовамі). Ядзя ў Туле пайшла на пенсію, пакінула кватэру сям’і сына і пераехала жыць з Расіі на Пастаўшчыну, а Аня яшчэ лечыць дзетак у Варапаеўскай райбальніцы.

Сярод нашых выпускнікоў было яшчэ двое ўрачоў, але хірург Антон Савіцкі, з якім мы сядзелі за адной партай, ужо пакінуў гэты свет. Яго аднакурснік па Віцебскім медінстытуце і сусед у маладосці Міхаіл Матошка стаў ваенным медыкам, перад звальненнем у запас працаваў начальнікам аддзялення аднаго з буйных расійскіх ваенных шпіталяў. А ўвогуле сярод аднакласнікаў найбольш аказалася педагагічных работнікаў. Васіль Мычко — намеснік дырэктара адной са школ Ушацкага раёна, з любімай жонкай усё жыццё адпрацаваў у школе. Як і ўсім нам, ім асаблівую радасць прыносяць зносіны з дзецьмі і ўнукамі, толькі ў Васі яны жывуць у Аўстрыі, куды зноў паедуць сёлета дзядуля з бабуляй падчас летняга адпачынку.

А вось былыя настаўнікі фізікі Аляксандр Пранько і фізвыхавання Вітольд Сініца ўжо на заслужаным адпачынку. У нашай школе 8 гадоў адпрацаваў Рамуальд Хоміч, потым стаў кіраваць прыватным мясаперапрацоўчым прадпрыемствам “Заазёрнае”. Педінстытут скончыла і Уладзіслава Лукашэвіч, якая знайшла сваё месца ў літоўскай сталіцы і да выхаду на пенсію вымушана яшчэ некалькі гадоў працаваць.

Жыццёвыя дарогі раскідалі маіх сяброў дзяцінства па свеце. Іра Шчасная жыве ў Чыце, мае вельмі дружную ¬сям’ю і ўжо адпачывае, як і былая швачка Эва Яцына з расійскага абласнога цэнтра Уладзіміра.

Далей за ўсіх, на Сахаліне, працаваў калісьці чыгуначнік Эдуард Ластоўскі, бацька трох сыноў. Зараз ён пусціў карані ў Паставах, прафесійны стаж меў немалы і пару гадоў назад выйшаў на пенсію. У Маладзечне жывуць трое былых аднакласнікаў: Тамара Паршанкова, якая практычна не змянілася, як і Ганарата Лукашэвіч (апошняя працяглы час жыла і працавала ў Польшчы), а Міхаіл Сіповіч, які скончыў факультэт радыёфізікі і электронікі БДУ, на жаль, стаў удаўцом. Аб’ядноўвае нас зараз і тое, што, пакуль ёсць здароўе і сілы, імкнёмся дапамагаць дзецям клапаціцца пра любімых унукаў, пра што напісалі ў анкеце Лёня Крукаў з Варапаева і пастаўчанка Люся Васілеўская. А Багдан Краско, вадзіцель аўтобуса аўтапрадпрыемства №17, ужо пасля нашай сустрэчы прыйшоў на раённы баль выпускнікоў павіншаваць свайго ўнука, а іх у яго чацвёра.

Дарэчы, наша шматдзетная мама з Дунілавіч Тамара Малько ганарыцца, што мае ўжо 9 унукаў. У дзень сустрэчы, якая прайшла ў вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы і праляцела, быццам адно імгненне, было вельмі шмат успамінаў аб пражытых гадах. Нездарма той жа Саша Пранько прызнаўся, што пасля папярэдняга спаткання адчуў такую радасць і эмацыянальны ўздым, што нават сардэчныя болі пакінулі, удалося скончыць узвядзенне дома. У нашым класе, між іншым, з 1963 года і да выпуску вучылася каля сарака чалавек, але, на вялікі жаль, ужо адзінаццаць пайшлі з жыцця. Хвілінай маўчання мы ўшанавалі памяць пра кожнага з іх. Я вельмі ганаруся сваімі сябрамі дзяцінства, пра ўсіх гэтых годных і прыгожых дагэтуль людзей можна многае расказаць. Галоўнае, што хоць на імгненне вярнуліся мы ў шчаслівыя часы маладосці, у душы засталіся ранейшымі юнакамі і дзяўчатамі і ўжо думаем пра новую такую сустрэчу, якую збіраемся правесці ў Гродне.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.