А ў марш-кідку не было роўных пастаўчанам


16-17 чэрвеня на базе Расонскага раёна адбыўся абласны этап ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца», прысвечанай 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у спаборніцтвах прыняла і каманда пастаўчан.

Наш раён прадстаўлялі навучэнцы СШ №4 Іван Філановіч, Глеб Жук, Павел Храпун, Наталля Карандашова, Яна Рамановіч і На¬дзея Ермалаева, якія сёлета сталі пераможцамі раённага этапа патрыятычнай гульні. Суправаджалі каманду першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №4 Сяргей Зямчонак і ваенны кіраўнік ваенна-патрыятычнага класа гэтай навучальнай установы Сяргей Машкоў.

Спаборніцтвы складаліся з васьмі этапаў. Удзельнікам неабходна было здзейсніць марш-кідок з перашкодамі, падчас якога патрабавалася транспартаваць «пацярпелага», прайсці паласу перашкод і элементы турыстычнай паласы, кінуць гранату ў дзесяціметровы калідор. Традыцыйна ў праграму спаборніцтваў уваходзілі конкурсы строю і песні, «Баявы лісток», прадстаўленне творчых нумароў, праверка тэарэтычных і практычных ведаў па медыка-санітарнай падрыхтоўцы, зборка-разборка аўтамата. Таксама каманды сапернічалі ў лазертагу і ваенна-патрыятычным квэсце «Патрыёт».

У першы конкурсны дзень заняць лідзіруючыя пазіцыі камандзе нашага раёна не ўдалося, затое наступны стаў больш шчодрым на ўзнагароды: на самым галоўным, складаным і працяглым этапе «Зарніцы» — марш-кідку — не было роўных пастаўчанам, а ў афармленні баявога лістка яны сталі другімі. Да прызавога месца не хапіла адной па¬зіцыі — у агульнакамандным заліку сталі чацвёртымі. Гэта найлепшы вынік прадстаўнікоў нашага раёна за апошнія гады.

— Шкада, што не выйшлі ў лік прызёраў, але і такім вынікам мы задаволены, паколькі перамога ў асноўным конкурсе сведчыць пра тое, што наша каманда была самай хуткай, вынослівай і фізічна падрыхтаванай, — дзялілася ўражаннямі Іна Каралёва. — Вельмі спадабалася насычаная праграма «Зарніцы»: удзельнікі патрыятычнай гульні не толькі спаборнічалі, але і прынялі ўдзел у мітынгу і ўскладанні кветак у мемарыяльным скверы гарадскога пасёлка, убачылі паказальнае выступленне службовых сабак, наведалі музей баявой садружнасці ў Расонах, пабывалі ў адрэстаўраваных зямлянках каля вёскі Роўнае Поле, у якіх падчас Вялікай Айчыннай вайны дыслацыравалася брыгада Пятра Міронавіча Машэрава.

Вельмі важна, што падлеткі змястоўна правялі вольны час, далучыліся да гераічнага подзвігу продкаў, ацанілі значнасць службы ў арміі, праверылі ўзровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі. А ўсё разам наблізіла іх да ўсведамлення таго, як няпроста абараняць Радзіму і якімі якасцямі павінны валодаць яе сапраўдныя абаронцы.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея МАШКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.