Так гавораць пра ўзорны дзіцячы ансамбль народнай музыкі і песні “Званочкі” Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў тыя, хто хоць аднойчы чуў яго выступленне.
Ансамбль створаны амаль дваццаць гадоў таму, у 2007-ым атрымаў званне “ўзорны”. У рэпертуары — песні і музыка Варапаеўшчыны. У свой час у гэтай мясцовасці была адметнай у заходнім Паазер’і школа ігры на гармоніку. Яркімі яе прадстаўнікамі называюць Франца Януковіча, бацьку і сына Рабізаў, іншыя сямейныя ансамблі. Мясцовыя майстры самі выраблялі гармонікі. У акампаніруючай групе “Званочкаў” менавіта гэтыя інструменты, а таксама баян, цымбалы, дудачка, бас-гітара, барабан, трашчоткі, тамбурын. Многія інструменты — справа рук дырэктара школы Валянціна Пятровіча Жагулы.
Народныя песні ў ансамблі выконваліся спачатку салістамі і дуэтамі. З цягам часу стала складвацца выканальніцкая група. Найбольшая ўвага ўдзяляецца аўтэнтычным песням — абрадавым, жартоўным, лірычным. Кожная з іх вылучаецца сваёй непаўторнай манерай выканання, сваім каларытам. Юныя ўдзельнікі “Званочкаў” — носьбіты песеннай, а разам з тым і народнай культуры. Дзякуючы ім багатая музычная спадчына захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Заснавальнікам ансамбля быў Дзмітрый Антонавіч Кузьміч. З 2009 года калектывам кіруе Ігар Эдуардавіч Гваздзеўскі. Яго музычны шлях пачынаўся менавіта з гэтага ансамбля. На працягу апошніх гадоў на базе “Званочкаў” пачаў дзейнічаць ансамбль гарманістаў, у складзе якога — лаўрэаты конкурсу імя Жыновіча Аляксандра Баршчэўская і Кацярына Ясінская. Кіруе групай загадчыца народнага аддзялення школы Валянціна Мікалаеўна Тамазанава. Інструментальнымі апрацоўкамі для “Званочкаў” займаюцца дырэктар школы Валянцін Пятровіч Жагула і кіраўнік Ігар Эдуардавіч Гваздзеўскі.
“Званочкі” хочацца слухаць і слухаць, кожны нумар гледачы адорваюць працяглымі апладысментамі. Ансамбль выступае на сцэнічных пляцоўках як нашага раёна, так і за яго межамі, прымае ўдзел у шматлікіх раённых і абласных конкурсах, дзе займае прызавыя месцы. Ён лаўрэат X абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор” і рэспубліканскага тэлепраекта “Зорны шлях”. “Званочкі” прадстаўлялі Пастаўшчыну на Днях беларускага пісьменства, якія праходзілі ў Быхаве, неаднаразова станавіліся лаўрэатамі Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Праграма выступлення пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца, у яе ўключаюцца сучасныя творы, інструментальныя найгрышы.
Анна АНІШКЕВІЧ.