Ад вальса — да сучасных навамодных стыляў


Танцавальны калектыў “Скай Дэнс”.

Насычанай атрымалася майская афіша раённага Дома культуры. Тут у розныя дні ладзілі справаздачныя канцэрты выпускнікі і выхаванцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза і танцавальныя калектывы “Непаседы” і “Скай Дэнс” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Сваіх прыхільнікаў сабралі вакальна-інструментальны ансамбль “Музей” і ўзорны эстрадна-духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам Леаніда Косава. Пры высокай актыўнасці прайшоў чарговы фестываль харэаграфіі “Танцавальны мікс”, іншыя мерапрыемствы.

Той, хто рэгулярна сочыць за культурным жыццём горада, не мог не заўважыць, што большасць канцэртных праграм, ма      савых мерапрыемстваў праходзяць з удзелам дзіцячых танцавальных калектываў. Яны растуць не толькі колькасна, але і прафесійна. Гэта пацвердзіў і майскі фестываль танца, у якім прынялі ўдзел калектывы чатырох узроставых катэгорый устаноў адукацыі і культуры Пастаўшчыны. Журы ў складзе галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Субко, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Грачанік, дырэктара раённага Дома культуры Алы Чарнюк, настаўніка па класе харэаграфіі Пастаўскай ДШМ Анастасіі Логінавай, мастацкага кіраўніка РДК Алены Слядзеўскай і аўтара гэтых радкоў было аднадушным у тым, што сёлетні фестываль вызначаўся сучаснай харэаграфіяй, кампазіцыйна пабудаванымі выступленнямі, прыгожымі касцюмамі, узрослым майстэрствам выканаўцаў, сярод якіх нямала было хлопчыкаў. Хаця журы і гледачам былі прапанаваны нестарэючыя  вальс, сіртакі, чарльстон  і нават сярэдневяковы танец, большасць кампазіцый вызначаліся навамоднымі сучаснымі танцавальнымі стылямі, чым прыемна здзівілі і парадавалі аўдыторыю.

Танцавальны калектыў “Амбішнс”.

Як і ў папярэднія гады, найбольш масавымі і падрыхтаванымі выглядалі рознаўзроставыя калектывы “Скай Дэнс” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, “Хамелеон” Дунілавіцкай СШ і “Дзяцінства” Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ. Тут з танцорамі працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Вельмі ўдала спалучаюць навыкі харэографаў, пастаноўшчыкаў, касцюмераў, проста выдатных арганізатараў і выхавальнікаў  Алена Салавей, Юлія Петухова, Фарыда Дуб. Яны фарміруюць праграмы выступленняў, падбіраюць рэпертуар. А гэта няпроста, бо, прымаючы кожны год удзел у раённым фестывалі, на яго трэба прадстаўляць новыя нумары. Дзякуючы канкурэнцыі, росту танцавальнага майстэрства, перамагаюць сапраўды мацнейшыя, таленавітыя, найбольш падрыхтаваныя. Сёлета пераможцамі ў сваіх узроставых катэгорыях сталі два  танцавальныя калектывы “Скай Дэнс” і танцавальны калектыў “Амбішнс” Пастаўскай гімназіі. Пра апошні трэба сказаць асобна. Кіруе ім мінулагодняя выпускніца навучальнай установы, удзельніца калектыву, а цяпер студэнтка Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» Вераніка Мелехавец. Пачынаючы з сакавіка гэтага года, яна два разы ў месяц прыязджала да сваіх дзяўчынак. Двух-трохгадзінныя рэпетыцыі, выбар і пашыў касцюмаў, падтрымка бацькоў і сяброў, вялікая ўлюбёнасць і адданасць танцам дапамаглі гімназісткам зноў стаць першымі ў змешанай групе. Такую ацэнку атрымаў і танцавальны калектыў “Хамелеон” малодшай узроставай групы.

Танцавальны калектыў СШ №2.

Прызёрамі “Танцавальнага мікса” сталі рабяты з Навасёлак, Дунілавіч, пастаўскіх №2 і №5 сярэдніх школ. Усе ўдзельнікі атрымалі спецыяльныя дыпломы адпаведных ступеняў. Віншуючы іх з цудоўным выступленнем, дырэктар РДК Ала Чарнюк адзначыла, што кожны год, прымаючы рашэнне аб правядзенні чарговага фестывалю харэаграфіі, яна хвалюецца наконт таго, ці змогуць яго ўдзельнікі  зацікавіць, паказаць штосьці новае, дасягнуць больш высокага ўзроўню майстэрства. Юныя танцоры  і кіраўнікі калектываў даказваюць, што ў іх ёсць палёт фантазіі, жаданне працаваць над новымі сюжэтнымі кампазіцыямі, радаваць гледачоў сваімі адкрыццямі. Значыць, фестывалю — жыць!

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.