Адпачыць і зарабіць

Культура

Несумненна, лета — самая любімая і чаканая ўсімі дзецьмі пара года. Ззаду засталіся ўрокі і хатнія заданні, наперадзе — канікулы. Можна ўволю гуляць, купацца, загараць, падарожнічаць… Адным словам, адпачываць. А каб адпачынак праходзіў цікава і з карысцю, з першых дзён лета адчыняюць свае дзверы шматлікія дзіцячыя лагеры.

Як расказалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сёлета яны прымуць 752 юных пастаўчан і жыхароў раёна. 700 дзяцей і падлеткаў змогуць добра правесці час і ўмацаваць сваё здароўе ў дзённых і кругласутачных аздараўленчых лагерах і 52 школьнікі — у лагеры працы і адпачынку.

Самымі першымі адкрыліся дзённыя лагеры пры сярэдніх і базавых школах раёна, а таксама пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Яны пачалі работу 1 чэрвеня. Працягласць змены — 18 рабочых дзён. Следам, 6 чэрвеня, стартавала першая змена ў летнім аздараўленчым лагеры на базе АДРАЦ “Ветразь”. Усяго такіх змен будзе чатыры, і ў кожнай змогуць аздаравіцца па 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Для іх аддзел адукацыі, спорту і турызму заказаў 30 пуцёвак.

З 18 чэрвеня адчыняць дзверы 9-дзённыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем на базе пастаўскага і камайскага касцёлаў. Пакуль гаворка ідзе пра пяць лагераў — адзін у Камаях і чатыры ў Паставах — напаўняльнасцю адпаведна 30 і 35 дзяцей. Але жадаючых трапіць у іх так шмат, што, хутчэй за ўсё, будзе арганізаваны яшчэ адзін лагер у райцэнтры. Таксама на працягу ліпеня-жніўня будзе працаваць дзённы спартыўны лагер на базе ФАКа па вулі¬цы Савецкай у Паставах, у якім за дзве змены пабываюць каля 120 дзяцей. Як і ў мінулыя гады, школьнікаў раёна чакае і Нацыянальны аздараўленчы лагер “Зубраня” на беразе возера Нарач. На мінулым тыдні туды адправілі¬ся 11 навучэнцаў СШ №2, а ў жніўні паедуць навучэнцы СШ №3.

Што датычыць кошту адпачынку дзяцей, то сумы, якія давялося або давядзецца заплаціць бацькам, у большасці выпадкаў невялікія або наогул сімвалічныя. Напрыклад, у прышкольных лагерах дзеці з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў і сіроты адпачываюць бясплатна. Для астатніх бацькоўская даплата складае ўсяго 66 тысяч рублёў. За гэтыя грошы хлопчыкі і дзяўчынкі забяспечваюцца трохразовым харчаваннем, для іх арганізуюцца розныя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі. 9-дзённая змена ў лагеры пры пастаўскім касцёле абыдзецца мамам і татам прыкладна ў 90-100 тысяч рублёў, а ў Камаях яна наогул бясплатная — там усе выдаткі бярэ на сябе спонсар.

Між тым, школьнікі могуць летам не толькі добра адпачыць, але і зарабіць. З 13 чэрвеня на базе СШ №1 адкрыўся лагер працы і адпачынку, дзе навучэнцы з першай, трэцяй і чацвёртай школ, якім споўнілася 16 гадоў, будуць займацца касметычным рамонтам сваіх навучальных устаноў, добраўпарадкоўваць іх тэрыторыю. Абяцаюць працаўладкаваць старша-класнікаў у час канікулаў і некаторыя арганізацыі раёна, у прыватнасці ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, лясгас, “Каапнарыхтпрамгандаль”. Школьнікам рэкамендавана таксама самастойна заняцца зборам і здачай лекавых траў, грыбоў, ягад.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.