Адпачынак ля вады. Ці будзе ён бяспечным?

Общество

Кожны год з наступленнем цяпла сотні гараджан і жыхароў раёна накіроўваюцца на прыроду — у лес, бліжэй да вадаёмаў, дзе раённыя ўлады імкнуцца стварыць неабходныя ўмовы для забеспячэння бяспекі людзей. Што зроблена сёлета для таго, каб баўленне часу на ўлонні прыроды прыносіла толькі радасць? Адказ на гэта пытанне журналісты райгазеты і мясцовага тэлебачання шукалі разам з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС А. Г. Мядзелкам падчас аб’езду самых папулярных месцаў масавага адпачынку пастаўчан.

 

Рашэннем райвыканкама на Пастаўшчыне вызначаны 6 афіцыйных месцаў масавага адпачынку каля вады. Гэта пляжы азёр Баравое на тэрыторыі Дунілавіцкага сельсавета, Дубок і Белае ва ўрочышчы Азёркі, Задзеўскае і Чорнае ў Паставах, а таксама пляж на беразе ракі Мя­дзелкі ў гарадскім парку. За кожным з іх замацавана пэўная арганізацыя, якая ажыццяўляе добраўпарадкаванне і адказвае за бяспеку грамадзян, што адпачываюць там.

Штогод перад пачаткам купальнага сезона ствараецца спецыяльная камісія з ліку прадстаўнікоў РАУС, санстанцыі, аддзела ЖКГ райвыканкама, Таварыства ратавання на вадзе і РАНС, а таксама прадстаўнікоў арганізацый, замацаваных за пляжамі, якая правярае месцы масавага адпачынку: выяўляе недахопы, кантралюе іх ухіленне і складае пашпарты аб’ектаў. Сёлета такая камісія выязджала двойчы — у пачатку і ў сярэдзіне мая, вынікам чаго стала амаль стопрацэнтная гатоўнасць пляжаў прыняць адпачывальнікаў. Як расказаў старшыня раённай арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе А. Г. Іўко, якога сустрэлі на выратавальным пасту на возеры Дубок, вадалазамі абследаваны акваторыі пляжаў і праведзена ачыстка дна ад смецця, работ­нікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праверана якасць вады, усё, што было зламана або згніло за зіму, адрамантавана і пафарбавана. Аб’язджаючы месцы адпачынку, убачылі, што паўсюдна маюцца кантэйнеры для смецця, туалеты і раздзявалкі. На многіх пляжах абсталяваны альтанкі, ценевыя навесы, стаянкі для аўтатранспарту, устаноўлены знакі, якія забараняюць праезд машын да вады, на некаторых прывезены пясок для падсыпкі.

Па словах А. Г. Мядзелкі, пачынаючы з 1 мая, у месцах масавага адпачынку грамадзян раённым аддзелам унутраных спраў што­дзень задзейнічаны дадатковыя сілы і сродкі — выстаўляюцца нарады, якія сочаць за грамадскім парадкам, спыняюць факты распіцця спіртнога, здзяйснення іншых проціпраўных дзеянняў. Дзякуючы гэтаму, у апошнія гады там не было дапушчана сур’ёзных правапарушэнняў. Да работы па забеспячэнні бяспекі і грамадскага парадку прыцягваюцца прадстаўнікі РАНС, Таварыства ратавання на вадзе, райцгэ, аховы здароўя, аховы прыроды, іншыя зацікаўленыя, якія ўдзельнічаюць у рэйдавых мерапрыемствах.

Аляксандр Генадзьевіч таксама нагадаў, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, у месцах масавага адпачынку забаронена ўжыванне спіртных напіткаў, у тым ліку слабаалкагольных і піва. Пра гэта сведчаць і інфармацыйныя таблічкі, якія ён прымацаваў на кожным пляжы. Як паказвае практыка, па прычыне п’янства адбываюцца асноўныя правапарушэнні і няшчасныя выпадкі на вадзе. Распіццё спіртнога або дробнае хуліганства цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць — ад штрафу да адміністрацыйнага арышту.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.