Апошні празвінеў званок — не пакліча больш ён на ўрок

Образование

З самага ранку ў Гуцкай сярэдняй школе, як і ў іншых, панавала атмасфера свята, прыгожыя вучні з букетамі кветак спяшаліся ў свае класы. А за некалькі хвілін да пачатку лінейкі, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, выстраіліся на месцы яе правядзення — на пляцоўцы перад уваходам у школу. Усе, здаецца, замерлі ў чаканні віноўнікаў урачыстасці. А яны выйшлі пад гукі вальса, лёгка і прыгожа закружыліся ў  танцы. Бацькі пазіралі на іх з зачараваннем і любоўю, употай выцірачы слёзы (выраслі дзеткі), настаўнікі — з лёгкім сумам (шкада развітвацца з такімі здольнымі, актыўнымі рабятамі), малодшыя вучні — з зайздрасцю (шчаслівыя, ім не трэба больш садзіцца за парты, вучыць урокі).

Адзінаццацікласнікі Вераніка Аляхновіч, Анастасія Вырвіч, Ірына Аліхвер, Алена Гінько, Вікторыя Ракіта, Дзяніс Лукашэвіч, Арцём Зубовіч, Дзяніс Арэх, Сяргей Татарэнка не хавалі эмоцый: развітанне заўсёды шчымлівае і хвалюючае. Ганаровае права падняць сцяг было прадастаўлена пераможцу трэцяга абласнога этапа і ўдзельніку рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Дзянісу Арэху. Загадам дырэктара школы Дзяніс вызвалены ад здачы выпускнога экзамену па гісторыі, а ў атэстат яму бу­дзе выстаўлена 10. Загад абвясціла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Пятроўна Казаровец.

Са словамі прывітання да прысутных звярнулася дырэктар школы Іна Генадзьеўна Касарэўская:

— Цяжка развітвацца з выпускнікамі, — гаварыла яна. — Вы — наш гонар: эрудыты, танцоры, спевакі. Спадзяюся, што будзеце прыкладам для іншых і ў дарослым жыцці, у якое вы сёння ўступаеце. Жадаю поспехаў, моцнага здароўя, каб сустракаліся на вашым шляху добрыя і спагадныя людзі, на экзаменах (а іх будзе шмат у жыцці) выпадалі лёгкія білеты, і каб кожны з вас ажыццявіў сваю мару.

Кранальным быў зварот да выпускнікоў  пачаткоўцаў. А каб асушыць слёзы на вачах віноўнікаў урачыстасці, першакласнікі падарылі ім насовачкі, чым і развесялілі адзінаццацікласнікаў. Ад іх імя слова ўзяў Дзяніс Лукашэвіч. Ён падзякаваў настаўнікам за тое, што навучылі быць самастойнымі, адказнымі за свае ўчынкі і даручаную справу. Асаблівая ўдзячнасць прагучала ў адрас першай настаўніцы Таццяны Сямёнаўны Мамчыц і класнага кіраўніка Уладзіміра Мікалаевіча Арэха.

— Звычайна бываюць класныя мамы, а ў нас класны тата, — гаварылі мне пазней выпускнікі. — Уладзімір Мікалаевіч — сапраўды класны класны! Апекаваўся над намі сем гадоў. Праводзіў не толькі змястоўныя ўрокі па гісторыі, але і перадаваў свой жыццёвы вопыт, сумесна мы ладзілі шмат цікавых мерапрыемстваў.

— Школьныя гады былі насычаны рознымі падзеямі, — расказваў У. М. Арэх. — Здаралася і радаснае, і кур’ёзнае. Усё гэта будзе помніцца. Клас дружны, старанны. Вікторыя Ракіта прэтэндуе на залаты медаль. З кожным з выпускнікоў шкада развітвацца.

— Мы, бацькі выпукнікоў, сёння хвалюемся не менш за сваіх дзяцей,— гаварыла мама Веранікі Аляхновіч Святлана Ві­тальеўна. — Вялікае дзякуй настаўнікам за іх цярпенне, мудрасць, за тое, што на працягу  ­адзінаццаці гадоў закладвалі ў нашых дзетак усё самае лепшае, давалі трывалыя веды, рыхтавалі да самастойнасці. У кожнага свая будучыня. Няхай ва ўсім спадарожнічае ўдача.

Выпускнікі з букетамі кветак накіроўваюцца да сваіх любімых настаўнікаў. І вось кульмінацыя свята — Дзяніс Лукашэвіч і першакласніца Каця Рагелс даюць апошні школьны званок. Ён — рубеж паміж дзяцінствам і дарослым жыццём.

Лінейка закончылася крэатыўна —  усе вучні школы (а іх амаль 100) станцавалі флэшмоб, якім пакарылі гледачоў. Свята атрымалася добрым, цёплым, шчырым.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.