Берагчы тое, што падарыла прырода


Указам Прэзідэнта краіны Дзень аховы навакольнага асяроддзя ў Беларусі быў  назначаны на 5 чэрвеня і супаў з такім жа Сусветным днём, які ў 1972 годзе зацвердзіла  Генеральная  Асамблея ААН.

За апошнія дзесяць гадоў, як сведчыць статыстыка, у нашай краіне значна знізіўся ўзровень забруджвання прыроднага асяроддзя. Амаль у два разы скарацілі выкіды шкодных рэчываў прамысловыя прадпрыемствы. Ёсць пазітыўныя змены і на Пастаўшчыне, якую па праву называюць краем азёр і лясоў. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца.

На тэрыторыі раёна 115 азёр, 86 рэк і праточных ручаёў, 16 вадасховішчаў, вялікая сетка меліярацыйных каналаў. Каля 40% яго тэрыторыі занята лясамі. Размяшчэнне раёна на падзеле дзвюх прыродаахоўных зон — возера Нарач і Браслаўскіх азёр — робіць яго асабліва прыгожым і прывабным для адпачынку.

Неацэннай каштоўнасцю з’яўляецца тое, што на тэрыторыі пастаўскага краю знаходзіцца частка Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, а таксама гідрала­гічны заказнік рэспубліканскага значэння  “Швакшты”. Нядаўна Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прысвоіў такі статус яшчэ двум аб’ектам — гідралагічнаму заказніку “Споры” і гідралагічнаму помніку прыроды “Грамякі”. Акрамя таго, у розных месцах раёна размешчаны і іншыя ўнікальныя прыродныя комплексы. У іх ліку Спорыцкая ледніковая лагчына, святы камень Каптарунскі, горы Маяк, Баяраўшчына, Лысая, вялікія камяні Заўліцкі, Лодаскі, Мягунскі і іншыя.

Зберагчы і захаваць бясцэннае багацце для будучых пакаленняў — наш агульны абавязак. Гэтай задачы падпарадкавана кантрольная, асветніцкая і папераджальная работа, якую праводзяць раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, іншыя дзяржаўныя органы. У інспекцыі на пастаянным кантролі знаходзяцца 72 суб’екты прыродакарыстання.

У адпаведнасці з каардынацыйным планам,  найбольш частыя, сістэматычныя праверкі ажыццяўляюцца на сельгаспрадпрыемствах і аб’ектах УП ЖКГ. Несвоечасовы вываз арганічных угнаенняў, нерацыянальнае водакарыстанне, парушэнні ў зборы і захоўванні бытавых і гаспадарчых адходаў аказваюць негатыўны ўплыў на экалагічную абстаноўку ў раёне. Ёсць прэтэнзіі і да часткі насельніцтва раёна. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 35 асоб. Яны аштрафаваны на 58 мільёнаў рублёў.

Сёлета, як і ў папярэднія гады, вялікая ўвага надаецца навядзенню і падтрыманню парадку ў населеных пунктах,  і асабліва на тэрыторыях сельскагаспадарчых аб’ектаў. На вялікі жаль, у ходзе праверак, рэйдаў, абследаванняў намі рэгулярна выяўляюцца шматлікія факты парушэння норм і правілаў прыродаахоўнага заканадаўства. Тыя, хто ніяк не рэагуе на прадпісанні і інфармацыйныя пісьмы, прыцягваюцца да адказнасці. Сёлета складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў. З вінаватых спагнана  штрафаў на суму больш за 20 мільёнаў рублёў.

Важнай умовай аздараўлення экалагічнай абстаноўкі з’яўляецца ўдасканаленне прыродаахоўнага заканадаўства і ўсёй нарматыўнай базы ў гэтай галіне. За апошнія гады Парламент Беларусі прыняў шэраг асноўных дакументаў, якія рэгламентуюць сферу прыродакарыстання. Быць законапаслухмянымі —  адна з неабходных умоў цывілізаваных адносін да прыроды, навакольнага асяроддзя ў цэлым.

В. КАЗАК, начальнік раённай інспекцыі

прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.