Чужое як сваё


Позна ўвечары старыя знаёмыя, дапіўшы апошнюю бутэльку, сталі меркаваць, як і на што жыць заўтра. Пра тое, дзе працаваць, таксама гаварылі, але толькі ў далёкіх планах. Пакуль турбаваў заўтрашні дзень. У пасёлку, хоць і гарадскога тыпу, яны ўсіх ведалі. Узгадалі, што адзін знаёмы падаўся на заробкі ў сталіцу, а хата даўнавата стаіць без гаспадара. Завадатар Ч. там неаднойчы быў і ведаў, што можна ўкрасці. Вось і падбухторыў сабутэльніка пайсці на крадзеж.

Дом, які меркавалі абакрасці, быў дагледжаны і акуратна закрыты. Нават вокны веранды гаспадар абачліва забіў дошкамі. Але гэта не дапамагло. Зламыснікі паступілі так: адзін стаяў на вуліцы, а другі пайшоў да веранды. Дошкі ад акна адарваў умела і ціха, выставіў яго і залез у хату. Пачаў «парадкаваць» чужыя рэчы: тэле¬візар, прайгравальнік, скураную і спартыўную курткі, джэмпер, пальчаткі, шапку, абутак, бялізну, шкарпэткі, упакоўкі мыла і пральнага парашку, рыбалоўныя снасці, іншую драбязу і добры кавалак сала.

Стаў спрабаваць выставіць рэчы на вуліцу, але ручак ад акна не знайшоў, бо гаспадар перад ад’ездам іх паздымаў. Злодзей яшчэ раз прайшоўся па хаце, знайшоў інструменты і акно адкрыў. Праз яго і перадаў дабро свайму кампаньёну. Потым закрыў і тым жа шляхам, праз веранду, выбраўся на вуліцу.

Сабраўшыся разам, хаўруснікі за вуглом рэчы склалі ў посцілку. Як і дамаўляліся, аднеслі ўсё да напарніка Ч., што таму падалося моцна выгадным. Колькі дзён пасядзелі ціха, сёе-тое прадалі, папілі, і Ч. з’ехаў у Расію, дзе меркаваў уладкавацца на працу і нават стварыць сям’ю.

Усё б нічога, толькі здарылася неспадзяванка — раней, чым звычайна, вярнуўся гаспадар і выявіў, што дом абакрадзены. Чалавек адразу ж звярнуўся ў міліцыю і нават падказаў, хто мог здзейсніць кра¬дзеж. Інфармацыю грамадзяніна супрацоўнікі праваахоўных органаў аператыўна праверылі на месцы і большую частку ўкра¬дзеных рэчаў знайшлі. Напарніка Ч. арыштавалі і асудзілі па ч. 2 арт. 205 да абмежавання волі, а самога Ч. аб’явілі ў вышук. Праз які час яго знайшлі.

Пры разглядзе справы суд улічыў, што грама¬дзянін Ч., які меў падпіску аб нявыездзе, уцёк ад суда, быў затрыманы і ўзяты пад варту на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Улічаны і іншыя абставіны справы. У выніку грама-дзянін Ч. прызнаны вінаватым у тайным крадзяжы маёмасці, здзейсненым групай асоб, з пранікненнем у жылое памяшканне. Падсудны сваю віну не адмаўляў, раскаяўся. Па рашэнні суда ён пазбаўлены волі тэрмінам на адзін год у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Н. МАКСІМОВІЧ, суддзя.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.