“Цяжкасці загартоўваюць, удачы акрыляюць”


У мінулы чацвер, напярэдадні прафесійнага свята медыцынскіх работнікаў, у Мінску, у Палацы Рэспублікі, прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь”. У іх ліку ў намінацыі “Урач агульнай практыкі” была і загадчыца Парыжскай бальніцы сястрынскага догляду Марына Генадзьеўна Брэская.

— Марына Генадзьеўна! Шчыра віншую! Сёлетні год для вас багаты на ўзнагароды.

— Сапраўды. Па выніках работы за мінулы год я ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны”, а нашай бальніцы прысуджана першае месца сярод сельскіх бальніц раёна. Фотаздымак нашага калектыву занесены на раённую Дошку гонару. Пераможцай я выйшла на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь”. Таму і ўдзельні¬чала ва ўрачыстасцях у Мінску. Ганарова было падняцца на сцэну Палаца Рэспублікі. Дыплом з рук міністра аховы зда¬роўя Рэспублікі Беларусь В. І. Жарко атрымлівала якраз у дзень свайго нараджэння. Пра такі падарунак нават марыць не магла. Эмоцыі перапаўнялі.

— З кім іх раздзеліце?

— Найперш са сваім любімым дружным калектывам. Гэта наша агульная перамога. Працаваць у бальніцы сястрынскага догляду вельмі няпроста. Да нас паступаюць старыя цяжкахворыя, якіх няма каму даглядаць. З 15 пацыентаў 14 не падымаюцца з ложка: хто пасля інсульту, у каго паламана шыйка сцягна, хтосьці па іншых прычынах можа ляжаць толькі на спіне. У многіх праблемы з памяццю, зрокам, слыхам. Настальгія па доме, якога няма, невыносныя боль і пакуты. Задача медперсаналу — аблегчыць іх, наколькі магчыма, лекамі, працэдурамі, добрым словам, усмешкай. Медыцынскія сёстры, санітарачкі — мая апора, правая рука — старшая медсястра Раіса Францаўна Роліч. Выпадковыя людзі не затрымліваюцца, а тыя, хто выбраў такую дарогу, становяцца аднадумцамі на дзесяцігоддзі.

У мяне вялікая радня, мноства сяброў яшчэ са студэнцтва, добразычлівыя аднавяскоўцы, удзячныя пацыенты — ад усіх прымаю віншаванні. Шкада, што няма ў жывых бацькоў, якія таксама шчыра за мяне парадаваліся б.

— А як прыйшлі ў медыцыну?

— Дзякуючы маме. Я была чацвёртым дзіцем, якое яна нарадзіла. Трое памерлі немаўляткамі. Мяне ўрачы ўратавалі. Мама была бясконца ўдзячна ім і хацела, каб я таксама стала доктарам. Пасля заканчэння Варапаеўскай сярэдняй школы падала дакументы ў Віцебскі медыцынскі інстытут, але не паступіла. Асабліва не засмуцілася, бо на той момант вялікага жадання звязаць свой лёс з медыцынай не мела. Вярнуўшыся дадому, уладкавалася ў падсобны цэх былога саўгаса “Старадворскі”. Удзячна лёсу, які звёў мяне з такім цудоўным чалавекам, як Іосіф Вацлававіч Дэмбоўскі (ён на той час быў начальнікам цэха). Маладзенькіх дзяўчат працавала нямала. І ён клапаціўся пра нас, як пра дачок, вучыў жыццю. Год не прайшоў дарэмна: галоўнае, што мне захацелася змяніць сіні рабочы халат на белы медыцынскі. Фартуна павярнулася да мяне — пасля падрыхтоўчых курсаў паспяхова здала экзамены і стала студэнткай. Вучыцца было вельмі цікава.

— А дзе пачыналі працаваць?

У 1992 годзе з адзнакай закончыла медінстытут і вярнулася на Пастаўшчыну. Першым маім рабочым месцам стаў пункт аховы здароўя завода “Беліт”, бо вакантных месцаў у раённай бальніцы на той час не было. Загадчыца Галіна Васільеўна Раманоўская стала для мяне настаўнікам-практыкам. Памятаю, як я, новаспечаны спецыяліст, вызначыла ў адной з рабочых завода на ранняй стадыі развіцця вірусны гепатыт. Дыягназ пацвер-дзіўся пры абследаванні ў бальніцы. З завода “Беліт” пайшла ў дэкрэтны водпуск, нарадзіла сыночка і два з паловай гады знахо¬дзілася ў водпуску па яго доглядзе. А калі вырашыла вярнуцца на работу, мне прапанавалі два месцы: цэнтральную райбальніцу і Навадруцкую сельскую. Мы з мужам выбралі апошнюю: хацелася быць блі¬жэй да мамы, якая адна жыла ў Варапаеве, не мела здароўя.

— Ці верыцца, што з таго часу мінула 20 гадоў?

— Здаецца, толькі ўчора я пераступіла парог бальніцы. Прыняў загадчык Барыс Васільевіч Аўчыннікаў, замацаваў за мной стацыянар. Праз некалькі месяцаў Барыс Васільевіч пакінуў Навадруцк, а мяне назначылі на яго месца. Кіраўніком быць няпроста. Вялікую падтрымку адчувала ад тагачаснага намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Дамінікі Іванаўны Яраш, якая курыравала сельскія медыцынскія ўстановы. Прынцыповая, патрабавальная, адказная. Быць такімі вучыла і нас, маладых.

— Вы чалавек патрабавальны?

— Так. Але строгасць — спадарожніца справядлівасці. Стараюся разгле-дзець здольнасці, характар чалавека. Ацэньваю па ўчынках, адносінах як да выканання ўскладзеных абавязкаў, так і да падапечных, калег. Стараюся падтрымаць чалавека, падбадзёрыць. Як казала вышэй, у нас калектыў аднадумцаў. Сумеснымі намаганнямі і ўдаецца дабівацца поспехаў. Удзячны за падтрымку, разуменне галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміру Мікалаевічу Чакаваму, яго намесніку Людміле Васільеўне Сямёнавай.

— Ведаю, што вы не проста акунуліся ў клопаты сельскай бальніцы, а яшчэ працягвалі займацца навуковай работай.

— Мне гэта падабалася са студэнцкіх гадоў. З дакладамі выступала ў Вільнюсе, Львове. Пазней з вялікай цікавасцю вучылася і паспяхова закончыла клінічную інтэрнатуру пры сваім жа медуніверсітэце. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага медінстытута В. П. Падпалава і галоўнага ўрача Пастаўскай ЦРБ Уладзіміра Мікалаевіча Чакавага падрыхтавала навуковую работу на тэму распаўсюджвання артэрыяльнай гіпертэнзіі і фактараў рызыкі ў развіцці сардэчна-сасудзістай паталогіі. Удзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі на гэту тэму. Запрашалі ва ўніверсітэт у якасці выкладчыка. Але я бачыла сябе практыкуючым урачом і адмовілася.

— Марына Генадзьеўна, у Парыжы вы сямейны доктар.

— На ўчастку больш за 1300 чалавек. Лячу і дарослых, і дзяцей. Ведаю іх пайменна і стан здароўя кожнага. Гэта часам дапамагае ў дыягностыцы. На выклік іду ў любы час сутак, каб дапамагчы чалавеку. Вясковае насельніцтва старэе, але ёсць і маладыя. Тыя дзяўчынкі, патранажам якіх займалася 20 гадоў таму, сёння самі становяцца мамамі. На ўчастку сем дзетак ва ўзросце да года. Калі ў 2010-ым немаўлят нарадзілася трое, то летась — шэсць. За апошнія дзесяць гадоў не было дзіцячай смяротнасці. Зменшылася колькасць заўчаснага адыходу людзей у вечнасць. Для прыкладу, у тым жа 2010 годзе памерла 8 праца¬здольных, летась — 5. Вялікую ўвагу надаю дыспансерызацыі насельніцтва, прафілактычнай рабоце, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Усім вядома, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

— Ці здараліся нестандартныя сітуацыі, калі рашэнне трэба было прымаць самастойна і неадкладна?

— За гады работы іх было нямала. Асабліва запомнілася, як ратавала мінчаніна, які прыехаў у нашы мясціны на паляванне і адчуў моцны боль у сэрцы. У чалавека здарыўся інфаркт міякарда. На ўсё воля Бога, але і тое, што кваліфікаваная дапамога была аказана своечасова, зрабіла сваю справу. Двое родаў прымала дома. А гэта няпроста. Адказнасць нясеш за два жыцці: маці і дзіцяці. На шчасце, усё абышлося. Дзеткі выраслі, мамы здаровыя. Складанасці мяне ніколі не палохалі. Я мэтанакіраваная, настойлівая. Лічу, што цяжкасці загартоўваюць, а ўдачы акрыляюць.

— А што самае важнае ў рабоце ўрача агульнай практыкі?

— Тэрапія. Гэта сумесныя намаганні доктара і хворага знайсці кантакт і разуменне. Не шкадую часу, каб даступна ўсё растлумачыць. Сустрэўшы чалавека на вуліцы, заўсёды пацікаўлюся здароўем. Увага падбадзёрвае чалавека, паляпшаецца яго настрой. Важна, каб пацыент давяраў доктару, а не інтэрнэту. Бывае, начытаюцца розных артыкулаў і думаюць, што ведаюць больш за ўрача. Не перастаю паўтараць: кожны чалавек — індывідуальнасць, сапраўдную хваробу можна выявіць праз дасканалае абследаванне. Прыслухоў¬вайцеся да свайго арганізма, своечасова звяртайцеся ў бальніцу. Толькі ўрач можа паставіць дакладны дыягназ, назначыць правільнае лячэнне.

Медыцына імкліва развіваецца. Таму пастаянна вучуся. З задавальненнем еду на розныя курсы і семі¬нары, чытаю навінкі медыцынскай літаратуры, сябрую з інтэрнэтам. Урач агульнай практыкі — гэта ў нейкай ступені неўрапатолаг, эндакрынолаг, педыятр, лор. Мы не канкурэнты сваім калегам, а іх памочнікі. Веды і слова — важныя інструменты ў практыцы ўрача. У арсенале павінны быць таксама чуласць, дабрыня, увага. Яшчэ трэба любіць сваю работу. Тады жыццё напаўняецца асаблівым сэнсам і нават будні прыносяць задавальненне, лягчэй рашаюцца пастаўленыя задачы. А вось да боляў і пакут пацыентаў прывыкнуць немагчыма. Кожнаму, хто працуе ў такой атмасферы, знаёмы сіндром эмацыянальнага выгарання.

— І як ад яго пазбаўляецеся, што дапамагае аднаўляць энергію?

— Жыццё цудоўнае, у ім ёсць шмат не проста рэчаў, а дробязей, якія прыносяць радасць. З вясны да восені люблю займацца кветкамі. Маю 15 відаў руж, мноства лілей, петуній. Зімой захапляюся вязаннем. А яшчэ з дзяцінства я “запойны” кнігалюб. У якім бы горадзе ні была, найперш ішла ў кніжны магазін. Магла адмовіць сабе ў пакупцы туфляў, а кнігу абавязкова набывала. Маю багатую бібліятэку. Цяпер даступны электронны варыянт твораў. Люблю гістарычную літаратуру, у гэтыя дні, напрыклад, чытаю “Распуціна” Эдварда Радзінскага. У мяне шмат сяброў. Размовы і сустрэчы з імі зараджаюць асаблівай станоўчай энергіяй.

— Кажуць, мужчына ў жыцці абавязаны пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць сына. А што, на ваш погляд, важна для жанчыны?

— Асабіста для мяне — сям’я, дзе цябе разумеюць, падтрымліваюць, аберагаюць. Шчасце кахаць і быць каханай. Жанчына — захавальніца дамашняга ачага, усяго таго, што здабыта мужчынам. У мяне добры муж і цудоўны сын, які пайшоў маёй сцяжынкай — ён студэнт пятага курса Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Цяпер праходзіць практыку ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яму падабаецца хірургія. У наступным годзе споўніцца 25 гадоў, як я закончыла ўніверсітэт, а сын якраз атрымае дыплом. Сяргей — наша з мужам надзея, радасць, гонар.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.