Фантазія плюс працавітасць

Общество

Праязджаючы або праходзячы па вуліцы Астроўскага ў Паставах, немагчыма не заўважыць дом пад нумарам 24. У першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу прыгожы лебедзь на сцяне і дзве двухметровыя пальмы з пластыкавых бутэлек, адна з якіх “вырасла” прама на клумбе. Затым погляд спыняецца на невялікай сажалцы, у якой плавае качка, а побач спяшаюцца па сваіх справах божыя кароўкі і паважна прагульваюцца буслы, выглядваюць з травы баравікі. З другога боку, ля калодзежа з пеўнем, прытаіўся пластыкавы вожык, а за ім і ў іншых месцах “цвітуць” яркія самаробныя кветкі. Крыху далей у двары пасялілася яшчэ адно буслінае сямейства, пад гняздом якога лётаюць сімпатычныя пчолкі. Агульную карціну дапаўняюць дэкаратыўныя шышкі і падстаўкі для садовых скульптур усё з тых жа пластыкавых бутэлек, а таксама жывыя кветкі — на клумбах, вокнах, побач з ганкам.

Пра тое, што ў гэтым доме жывуць сапраўдныя гаспадары, сведчыць не толькі ўзорны парадак на тэрыторыі, але і адпаведная шыльда на будынку. Між тым, гаспадарыць тут адзін чалавек — Ганна Браніславаўна Касцюкевіч, і ёй, як ні цяжка ў гэта паверыць, 80 гадоў.

— На вуліцу Астроўскага я пераехала ў канцы 90-ых, калі разышлася з мужам. Раней жыла па Чырвонаармейскай, — расказвала жанчына. — Купіўшы дом, пачала наводзіць каля яго парадак і садзіць кветкі. Зрабіла сажалку і засяліла яе рознымі драўлянымі і гіпсавымі фігурамі, якія набыла ў магазінах і на рынку. Праўда, некаторыя фігуры неўзабаве ўкралі зладзеі, іх міліцыя так і не знайшла. Пасля абуладкавання сажалкі захацела лебедзя на сцяне. Наняла чалавека, які выразаў птушку з фанеры, а сусед размаляваў яе. Тады ж прыйшла ідэя змайстраваць пальмы. Папрасіла ў знаёмага два бервяны, аббіла іх донцамі ад пластыкавых бутэлек, з якіх зрабіла і лісце.

Аналагічным чынам з’явіліся падстаўкі, шышкі, вожык, пчолы і кветкі. Але на гэтым Ганна Браніславаўна не спынілася. Задум і ідэй у яе па-ранейшаму шмат. Вось толькі сілы ўжо не тыя рэзаць нажніцамі цвёрды пластык, ды часу на ўсё не хапае. Акрамя клумбаў і вазонаў, на якіх штогод высаджвае цыніі, гваз­дзікі, петуніі, браткі і іншыя кветкі, мае вялікі агарод, які садзіць і даглядае сама.

А бачылі б вы, як чыста, утульна і прыгожа ў доме, колькі ў ім кветак! Рамонт у пакоях рабілі дачка з зяцем — яны некаторы час жылі з Ганнай Браніславаўнай. А ўпрыгажэннем займалася гаспадыня, якая цудоўна вяжа на прутках і кручком, шые, вышывае. Звязаныя сурвэткі і падстаўкі, дэкаратыўныя падушачкі ў форме кветак арганічна ўпісваюцца ў інтэр’ер, робяць яго асаблівым.

— Я вельмі люблю парадак ва ўсім і каб было прыгожа, — прызналася Г. Б. Касцюкевіч. — Не шкадую на гэта ні часу, ні сіл, ні грошай. Напрыклад, нядаўна тры дні фарбавала агароджу каля дома.

Любяць бываць у жанчыны не толькі дзеці і ўнукі, але і маленькія праўнукі. Яны з задавальненнем бавяць час у бабулі, фатаграфуюцца на фоне створанай ёй прыгажосці.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.