Галоўнае — верхавенства закона і права


Заўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць пракурорскія работнікі краіны — людзі, перад якімі стаіць задача абараняць правы грамадзян у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, інтарэсы грамадства і дзяржавы, сачыць за захаваннем законаў і парадку ва ўсіх сферах жыцця-дзейнасці. Адным з тых, на каго ўскладзена гэта адказная місія, з’яўляецца пракурор Пастаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі А. А. КОЗІЧ, прызнаны сёлета чалавекам года Віцебшчыны.

— Аляксандр Аляксандравіч, у вас даволі рэдкая прафесія. Чаму выбралі менавіта яе?

— На самай справе ў мяне ажно тры прафесіі. Самую першую — вадзіцеля — я атрымаў яшчэ падчас вучобы ў пастаўскай СШ №1. Пасля школы паступіў у Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча №87, дзе набыў спецыяльнасць токара 4 разраду. Тры месяцы адпрацаваў на заводзе “Спутник” у Маладзечне. Затым прызвалі ў армію, пасля якой уладкаваўся токарам у сельгастэхніку ў Паставах. А праз два гады паступіў у Харкаўскі юрыдычны інстытут, на следча-пракурорскі факультэт. У той час падбіралі людзей для работы ў пракуратуры і аддавалі перавагу тым, хто закончыў гэту ВНУ.

Чаму вырашыў стаць пракурорскім работнікам? Магчыма, гэта было закладзена яшчэ ў дзяцінстве. Памятаю, як настаўніца, якая прыйшла да нас дамоў, каб пазнаёміцца са мной, будучым вучнем, якому споўнілася 7 гадоў, спытала, кім хачу быць. І я нечакана для ўсіх адказаў: “Следчым”. Тады мае словы ніхто не ўспрыняў сур’ёзна, пажартавалі, пасмяяліся. А калі стаў студэнтам, маці не раз прыгадвала гэты выпадак.

— Раскажыце, як склад¬валася ваша кар’ера.

— У 1988 годзе, пасля заканчэння інстытута, атрымаў размеркаванне на Віцебшчыну, хоць былі прапановы паехаць і ў Маскву, і ў Ліпецк — у Ліпецку нават адразу давалі кватэру. Але захацеў вярнуцца на радзіму. Спачатку накіравалі следчым у Шумілі¬на. Адпрацаваў там два гады. А калі ў Паставах вызвалілася месца памочніка пракурора, з радасцю прыехаў у родны горад. Тут прайшоў усе прыступкі: памочніка, старшага памочніка пракурора, яго намесніка, а з 2003 года з’яўляюся пракурорам раёна.

— Чым цікавая для вас ваша работа?

— Найперш рознабаковай дзейнасцю, тым, што практычна няма аднолькавых рабочых дзён. Узяць, напрыклад, судовыя пася¬джэнні, у якіх удзельнічаем. Пры ўсім знешнім падабенстве, яны розныя — розныя справы разглядаюцца, праходзяць розныя людзі і лёсы. Тое ж самае датычыць правядзення праверак, разгляду скаргаў. Увогуле, пракуратура кантралюе практычна ўсе сферы жыццядзейнасці. А гэта вялікая колькасць людзей, з якімі прыходзіцца кантактаваць у працэсе работы, што само па сабе цікава.

— Сёлета вам прысвоілі званне “Чалавек года Віцебшчыны”. Як успрынялі гэту навіну? Ці была яна для вас нечаканай?

— Калі мне патэлефанавалі і сказалі, што будуць намінаваць, і запрасілі даныя, якія характарызуюць асобу, я вельмі здзівіўся, таму што да гэтага ў Віцебскай вобласці ні адзін пракурорскі работнік яшчэ не атрымліваў такога звання. Думаю, на яго прысваенне паўплывала тое, што на Пастаўшчыне на працягу многіх гадоў захоўваецца нізкі ў параўнанні з іншымі раёнамі вобласці ўзровень злачыннасці (ён вызначаецца па колькасці здзейсненых злачынстваў на 10 тысяч насельніцтва), пры тым што сам раён даволі вялікі. Да таго ж апошнія 7-10 гадоў у нас назіраецца паступовае зніжэнне колькасці злачынстваў. А гэта ў першую чаргу работа ўсіх праваахоўных органаў, дзейнасць якіх каардынуе пракуратура. Якім чынам? Мы павінны своечасова ўбачыць праблему, абазначыць яе і паспрабаваць вырашыць сіламі міліцыі, райвыканкама, суда, следства, прадпрыемстваў, арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі. Сумесныя зладжаныя дзеянні названых вышэй суб’ектаў і структур і даюць добры вынік.

— Ведаю, што калектыў пракуратуры раёна зусім маленькі — непазбежная зараз аптымізацыя закранула яго адным з першых.

— Так. Калісьці, яшчэ ў 90-ыя гады, калі мы ажыццяўлялі нагляд за пагранічнікамі, у нас налічвалася 6 пракурорскіх работнікаў. Потым аднаго скарацілі, і доўгі час было 5 чалавек. У 2012 годзе ў сувязі з утварэннем Следчага камітэта ад нас забралі следчага і ліквідавалі пасаду памочніка пракурора. Засталіся я, мой намеснік Ігар Ула¬дзіміравіч Ластоўскі і старшы памочнік пракурора, на пасадзе якога апошнія паўтара года працаваў Максім Лаўданскі. Але 1 красавіка гэтага года ён пайшоў на павышэнне — перавёўся ў Верхнядзвінск намеснікам пракурора, а нам прыслалі на стажыроўку выпускніцу Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”.

Нягледзячы на тое, што калектыў зменшыўся, аб’ём работы застаўся ранейшым. Прыходзіцца спраўляцца з ім практычна ўдвух. Пашанцавала, што ў мяне вельмі вопытны намеснік. Раней Ігар Уладзіміравіч быў пракурорам Шаркаўшчынскага раёна і зараз, калі я адсутнічаю, вырашае ўсе пытанні, бо добра ведае дзейнасць пракуратуры, што і як трэба рабіць. Па чарзе з ім удзельнічаем у судовых пасяджэннях па ўсіх крымінальных і некаторых грамадзянскіх справах, праводзім неабходныя праверкі. Што да вынікаў работы, то яны нядрэнныя. Пастаўская пракуратура, як і раней, застаецца на добрым рахунку ў вобласці.

— Каб чытачы маглі ўявіць сабе, якая вялікая нагрузка на вас кладзецца, напэўна, варта сказаць, чым наогул займаецца пракуратура.

— Мы працуем па 19 напрамках. Ажыццяўляем розныя віды наглядаў: агульны — за захаваннем законаў усімі суб’ектамі гаспадарання, фізічнымі, юрыдычнымі асобамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, грамадскімі фарміраваннямі; за следствам і дазнаннем; за разглядам судом грама-дзянскіх і крымінальных спраў; за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетнімі; за выкананнем крымінальных пакаранняў; па зваротах грамадзян; па прыродаахоўным заканадаўстве і шэраг іншых. У прынцыпе, няма такой сферы жыццядзейнасці, куды б мы аднойчы не прыйшлі і не паглядзелі, ці выконваецца там той або іншы закон. І па кожным напрамку па выніках праверкі складаем адпаведны дакумент.

Так, за паўгоддзе мы праводзім каля 30-40 вялікіх праверак, па якіх уносім не менш за 20 прадстаўленняў, выдаём каля 20 прадпісанняў, столькі ж выносім пратэстаў на незаконныя прававыя акты, афіцыйна папярэджваем 20-30 службовых асоб, складаем больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў. За мінулыя паўгода да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 60 чалавек, да матэрыяльнай — 65 фізічных і 7 юрыдычных асоб, прад’явілі каля 30 іскаў на карысць дзяржавы і 11 — у гаспадарчы суд у абарону суб’ектаў гаспадарання. Акрамя таго, на працягу года ў пракуратуру паступае каля 100 пісьмовых зваротаў грамадзян, якія разглядаем, больш за 100 чалавек прымаем на асабістых прыёмах.

— А якія напрамкі дзейнасці з’яўляюцца прыярытэтнымі? Чаму ўдзяляеце асаблівую ўвагу?

— Асноўнае — гэта выяўленне, спыненне і прафілактыка карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў, забеспячэнне і падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе на высокім узроўні, каб пасля не было змяненняў або адмен вынесеных судом прыгавораў. У плане барацьбы з карупцыяй праводзім шмат праверак, нядаўна ўзбудзілі крымінальную справу па факце атрымання хабару, якую на гэтым тыдні накіравалі ў суд для прыняцця рашэння.

— Аляксандр Аляксандравіч, што хацелі б пажадаць з нагоды прафесійнага свята сваім цяперашнім і былым калегам?

— Самае галоўнае — аптымізму, больш станоўчых эмоцый у жыцці, паколькі часта нам даводзіцца сутыкацца з негатывам, рознымі складанымі момантамі. Канешне ж, здароўя, дабрабыту, прыемных клопатаў, якія радуюць і нара¬джаюць шчасце.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.