Газазваршчык — адмысловы


Дзмітрый Мікалаевіч Дарожка — газаэлектразваршчык СВК “Андроны” — “чараваў” над трубой. З асобных кавалачкаў спрабаваў “зляпіць” глушыцель да трактара. Гледзячы на метал, які ўжо нямала адслужыў, я не верыла, што атрымаецца неабходная рэч.

— Апошнія гады так і працую, — расказваў. — Тэхніка зношаная, што-небудзь ды зломіцца. Работы хапае. Калі раней старую дэталь замянялі на новую, то цяпер металалому даём другое жыццё.

Прафесію зваршчыка Д. М. Дарожка атрымаў у Мінску. З родных Васілін у сталіцу паехаў за старэйшым братам, уладкаваўся на аўтамабільны завод. Там далі накіраванне ў вучылішча. Тэхнічныя здольнасці меў ад прыроды, а падчас вучобы набыў трывалыя тэарэтычныя веды. Пасля яшчэ два гады адпрацаваў на прадпрыемстве. Работа падабалася, кіраўніцтва цаніла маладога спецыяліста.

Магчыма, і стаў бы мінчанінам. Ды пастарэлі бацькі, ім патрэбна была дапамога. Брат к таму часу ўжо атрымаў кватэру, і Дзмітрый перабраўся ў Паставы, уладкаваўся ў сельгастэхніцы. Тут маладому, але ўжо спрактыкаванаму спецыялісту былі рады: за што ні возьмецца — усё атрым-лі¬ваецца.

— Але, бачна, не суджана мне гарадское жыццё, — жартуе. — Мама з татам слабелі, з райцэнтра ездзіць штодня да іх стала нязручна, таму вымушаны быў вярнуцца ў бацькоўскі дом.

Калі абзавёўся сям’ёй (жонка Лена родам з Чартоў), атрымаў кватэру ў Андронах. А сем гадоў таму кіраўніцтва гаспадаркі прадаставіла Дарожкам асобны дом. Гаспадары яны сапраўдныя. Да нядаўняга часу трымалі на падвор’і каня, дзвюх кароў, іншую жыўнасць. Цяпер замест каня маюць мота¬блок. Карова адна, затое шмат розных хатніх птушак.

— Жонка загадвае зерня¬складам, падчас пасяўной, уборачнай спраў у яе хапае, — расказваў. — І мне нярэдка прыхо¬дзіцца затрымлівацца даўжэй: калі тэхніка выходзіць са строю, яе трэба тэрмінова рамантаваць. Жывёла ж патрабуе догляду. Цяжкавата разрывацца паміж домам і работай.

Зварачныя работы запатрабаваны як у майстэрні, так і на фермах. Прыходзіцца выязджаць і ў поле. Штодзённы клопат майстра — зрабіць усё для таго, каб тэхніка працавала. Асабліва трэба рупіцца ў вясенне-асенні перыяд, калі кожная хвіліна — на вагу золата. Зімой займаецца падрыхтоўкай тэхнікі да новага сезона. Складанасць у тым, што не хапае неабходнага матэрыялу. Прыходзіцца камбінаваць са старога металу. Работа патрабуе ўважлівасці, міліметровай дакладнасці. Дзмітрый Мікалаевіч дасканала ведае абсталяванне і ўсе прамудрасці і складанасці ў газазварцы, разбіраецца ў тэхніцы, добрасумленна адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Зварка прымяняецца пры рамонце рухавікоў, тармазных дыскаў, пры ўхіленні дэфектаў, трэшчын на розных дэталях. Пры гэтым неабходна выконваць правілы бяспекі.

— Спакойны, сціплы, — гаварылі пра Дзмітрыя Мікалаевіча калегі. — А газазваршчык — адмысловы. Да яго па дапамогу прыязджаюць нават з суседніх гаспадарак. Нікому не адмовіць, заўсёды выручыць. Вельмі адказны, надзвычай кампетэнтны спецыяліст. Прытым што сёння не хапае сродкаў на своечасовае абнаўленне тэхнічнага парка і набыццё новых дэталяў, ён знаходзіць спосабы прымусіць тэхніку працаваць. Што да электра¬зваркі, то ён умее ўсё.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.