І камяні загаварылі…


Падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” Паставы напаўняюцца чароўнымі гукамі музычнай культуры розных краін, набываюць новыя сяброўскія і эканамічныя сувязі, а на працягу апошніх чатырох гадоў яшчэ і прырастаюць арыгінальнымі гранітнымі скульптурамі. Іх аўтары і выканаўцы — былыя студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія на базе ТАА “ПастКамень” пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры скульптуры Аляксандра Міхайлавіча Фінскага ўвасобілі ў жыццё свае творчыя задумы.

Адной з першых на плошчы Камсамольскай райцэнтра прызямлілася “легкакрылая” Жар-птушка. У той жа год тэрыторыю школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза ўпрыгожылі гармонік і музычная хваля. Затым у гарадскім парку “прапісалася” каменная кампазіцыя, прысвечаная фестывалю, якая сімвалізуе непарыўную сувязь горада, музыкі і традыцый. Там жа красуецца дыпломная работа Паліны Піраговай з касмічнай назвай “Планета”. Летась тры новыя скульптуры з’явіліся побач з дзіцячай пляцоўкай у скверы паміж мікрараёнам 5 гарадка і вуліцай Юбілейнай, яшчэ адна — у гарадскім парку. Памятны знак — сумесная работа скульптараў Аляксандра Фінскага, Андрэя Суднікава і спецыялістаў таварыства з абмежаванай адказнасцю “ПастКамень”, прысвечаная гарадам-пабрацімам Пастаў.

А разам усе гэтыя цудоўныя кампазіцыі ўпрыгожваюць наш горад, ствараюць яго непаўторны каларыт і служаць напамінам пра незабыўныя дні свята народнай музыкі.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.