І класічныя творы


Удзельнікі і пераможцы адкрытага абласнога конкурсу Дзіяна Авіжыч, Дзмітрый Дзеўгуць, Дзмітрый Дзявятнікаў і Вольга Цітовіч.

Пастаўшчына славіцца сваёй народнай творчасцю, музычнай спадчынай і традыцыямі, самабытнымі народнымі калектывамі. Годнае месца сярод іх займае і ўзорны дзіцячы духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, які з моманту  стварэння (1993 г.) і па сённяшні дзень узначальвае апантаны музыкант, педагог і арганізатар Леанід Уладзіміравіч Косаў. Менавіта дзякуючы такім асабістым якасцям яму ўдаецца на працягу больш чым двух дзясяткаў гадоў захоўваць калектыў, падтрымліваць высокі творчы ўзровень, пастаянна ўзбагачаць рэпертуар, у якім побач з маршамі, вальсамі, джазавай музыкай  і іншымі ёсць сур’ёзныя класічныя творы.

Духавы аркестр — неаднаразовы дыпламант і лаўрэат абласных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў творчых калектываў сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. А нядаўна грані таленту юных музыкантаў адкрылі­ся па-новаму. Чатыры з іх — Дзіяна Авіжыч (саксафон), Вольга Цітовіч (флейта),  Дзмітрый Дзеўгуць (трамбон) і Дзмітрый Дзявятнікаў (кларнет) — удзельнічалі ў адкрытым абласным конкурсе навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў па класах духавых і ўдарных інструментаў. Моцнай атрымалася канкурэнцыя на занальным этапе, які праводзіўся на базе Наваполацкага музычнага каледжа. Выхаванцы Леаніда Косава аказаліся адзінымі прадстаўнікамі такога калектыву, як духавы аркестр, і ўсе былі адзначаны за выканальніцкае майстэрства.  Аднак на заключны тур у Віцебск трапілі толькі двое — Дзмітрый Дзеўгуць і Дзмітрый Дзявятнікаў. Іх выступленні ў зале музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага атрымалі самыя высокія ацэнкі журы і вывелі пастаўчан на першыя месцы.

— Для Дзіяны Авіжыч і Дзмітрыя Дзеўгуця ўдзел у абласным конкурсе стаў добрай падрыхтоўкай напярэдадні іх паступлення на вучобу ў Віцебскі музычны каледж, — адзначыў Л. У. Косаў. — Іх, а таксама іншых юных музыкантаў чакае яшчэ адно выпрабаванне. Наш калектыў атрымаў запрашэнне ўдзельнічаць у Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. 14 ліпеня мы прымем удзел у святочным шэсці і конкурсе духавых аркестраў.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА