Калейдаскоп культур, майстэрства, талентаў (+фота і пратакол рашэння журы)


Колькі існуе фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, столькі часу яго цэнтральнай падзеяй з’яўляецца конкурс “Хто каго?”. Ён штогод збірае на канцэртнай пляцоўцы раённага Дома культуры лепшыя аматарскія калектывы і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах з усёй Беларусі, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа, адкрываючы новыя імёны і радуючы гледачоў майстэрствам артыстаў. Шмат адкрыццяў і яркіх момантаў падарыла і сёлетняе музычнае спаборніцтва, у чарговы раз даказаўшы: сапраўднае мастацтва не мае межаў, яно зразумелае кожнаму незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці.

З года ў год высокі творчы ўзровень конкурсу падтрымліваецца дзякуючы не толькі прафесіяналізму ўдзельнікаў, але і вельмі аўтарытэтнаму журы, якое нязменна ўзначальвае народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесар Міхаіл Антонавіч Казінец. Пад апладысменты прысутных яго запрасілі на сцэну, прадаставіўшы слова, а затым па традыцыі ўручылі каравай ад гаспадароў.

— Я рады ў чарговы раз падняцца на гэту сцэну, якая стала роднай за многія гады правя¬дзення фестывалю, — адзначыў Міхаіл Антонавіч, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей музычнага свята. — Учора сам трымаў на ёй справаздачу — выступаў са сваім аркестрам. Мы віншавалі найвыдатнейшы калектыў — ансамбль “Паазер’е”, які нарадзіўся на пастаўскай зямлі і сілкуецца з груздаўскай крыніцы гучання цымбалаў. З цымбальным звонам зазвінелі многія інструменты, і гармонік таксама, таму невыпадкова фестываль набыў такую назву. Хачу пажадаць усім, хто прыйшоў на сённяшні канцэрт, добра правесці вечар, артыстам — удалых выступленняў, а мы, гледачы, будзем за іх радавацца і жадаць поспехаў і творчых дасягненняў.

Як заўсёды, распачалі конкурсную праграму самыя юныя яе ўдзельнікі — фальклорны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты” навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, выхаванкі гэтай школы па класе баяна Паліна Балаш і цымбалаў Аляксандра Хромава і Валерыя Патрушава, навучэнка Варапаеўскай ДШМ акардэаністка Аляксандра Баршчэўская, а таксама баянна-эстрадны ансамбль “Нарачанскі бамонд” СШ №2 курортнага пасёлка Нарач. Яны прадэманстравалі вельмі добрае валоданне інструментамі і высока паднялі планку для астатніх удзельнікаў музычнага спаборніцтва.

І тыя не падкачалі. Ужо першы дарослы калектыў — ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага цэнтра культуры і народных традыцый — сваім запалам і весялосцю змог завесці публіку. Эстафету ад яго падхапіў ансамбль беларускай музыкі “Бліскавіца” Мазырскай дзіцячай школы мастацтваў, які танцамі і прыпеўкамі яшчэ больш запаліў залу. Лёгкасцю, іскрыстасцю, гумарам вызначаліся выступленні і іншых беларускіх калектываў: “Бялыніцкіх музыкаў”, “Чэрвеньскіх балагураў”, “Паазер’я” з Пастаў, “Ярыцы” з Мастоў. Апошні выканаў уні¬кальную “Котчынскую кадрылю”, уключаную ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Парадавалі і госці з замежжа — вакальныя і танцавальныя калектывы з Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы. У прыватнасці, дзіўным сугуччам чыстых, звонкіх галасоў уразіў ансамбль рускай песні “Масковія” з горада Пушкіна, вельмі душэўным і пранікнёным выкананнем “Купалінкі” — ансамбль “Івалга” з Рэзекненскага краю Латвіі. А ўдзельніцы ансамбля “Дзітары” з латвійскага горада Балдане зачаравалі ўсіх гукамі кокле — інструмента, падобнага на нашы цымбалы, заслужыўшы бурныя апладысменты гледачоў і крыкі “брава!” з залы. Гучалі яны і ў адрас чалавека-аркестра з Літвы Антанаса Кірвялявічуса, майстра па вырабе музычных інструментаў Андрэя Шклёды з Гомельшчыны, які сыграў старадаўнія творы на зробленых ім колавай ліры, віёле-дэ-барданэ і барочнай гітары, многіх іншых артыстаў. Вельмі цёпла прымалі гледачы інструментальны ансамбль сям’і Скорынавых з Шуміліна, сямейна-роднасны ансамбль “Самародкі” з Бялыніцкага раёна, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш” Белдзяржуніверсітэта, галасістых прыпевачніц і віртуозаў гарманістаў.

Нібы ў чароўным калейдаскопе, мяняліся на сцэне артыс ты, ствараючы яркую музычную палітру нацыянальных культур і дорачы адчуванне сапраўднага свята. Тое, што сёлетні конкурс адрозніваўся высокім прафесійным узроўнем удзельнікаў, пацвердзіў намеснік старшыні журы, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.

— Я не ўбачыў ніводнага непадрыхтаванага індывідуальнага выканаўцы ці калектыву, — дзя¬ліўся ён пасля конкурсу сваімі ўражаннямі. — Людзі ведалі, куды едуць, адчувалі адказнасць і адпаведным чынам рыхтаваліся, што вельмі радуе. Цудоўным атрымаўся дзіцячы блок. Хоць дзяцей было не так шмат, але ўсе яны надзвычай перспектыўныя. Спадзяюся, многія выберуць музыку сваёй прафесіяй. Што датычыць дарослых удзельнікаў, асабліва ўразіў ансамбль “Дзітары” з Латвіі. Шэсць дзяўчын цудоўна паказалі і дынаміку, і магчымасці інструмента, і дыяпазон гучання. Гэты калектыў чымсьці падобны на “Паазер’е”, якое заўсёды прыемна слухаць і глядзець.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

Пратакол рашэння журы ХІХ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі

“Звіняць цымбалы і гармонік”

 І. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам “Удзельнік фестывалю” ўзнагароджваюцца:

у намінацыі “Прыпеўкі”

Ірына Сідар, салістка народнага ансамбля народнай песні «Ярыца» дзяржаўнай установы “Мастоўскі раённы цэнтр культуры”, г. Масты, Гродзенская вобласць;

у намінацыі “Індывідуальны выканаўца”

Іосіф Васілеўскі (баян), саліст заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорна-этнаграфічнага ансамбля (фольк-медыя-гурт) “Неруш” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, г. Мінск;

Міхаіл Шчэрбач, гарманіст, удзельнік народнага жартоўнага гурта “Чэрвеньскія балагуры” Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку, г. Чэрвень, Мінская вобласць;

у намінацыі “Дуэт”

Андрэй Каленік (цымбалы) і Уладзімір Версан (баян), удзельнікі народнага жартоўнага гурта “Чэрвеньскія балагуры” Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку, г. Чэрвень, Мінская вобласць;

у намінацыі “Ансамбль”

вакальны ансамбль рускай песні “Иволга” Аўдрынскага Дома культуры Рэзекненскага краю, кіраўнік — Таццяна Расчосава, Латвія;

вакальны ансамбль “Отрада” Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна, Віцебская вобласць;

ансамбль старадаўняй музыкі “Друцічы” Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік — Вера Ворашань, Віцебская вобласць;

ІІ. Cпецыяльным дыпломам узнагароджваюцца:

“За арыгінальнасць і самабытнасць музычнага нумара”

у намінацыі “Індывідуальны выканаўца”

Антанас Кірвялявічус, саліст ансамбля “Гарманісты Аўкштайціі” Цэнтра культуры г. Малетай, Літва;

“За высокае выканальніцкае майстэрства”

у намінацыі “Ансамбль”

народны ансамбль рускай песні “Масковія” Дома культуры г. Пушкіна, мастацкі кіраўнік — Марына Серыкава, Маскоўская вобласць, Расія;

“За адраджэнне і папулярызацыю нацыянальных традыцый”

у намінацыі “Ансамбль”

маладзёжная група народнага танца “Йыхвікас”, кіраўнікі — Тайво Альястэ і Вальдэмар Бералкоўскі, г. Йыхвы, Эстонія;

ІІІ. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат III ступені” ўзнагароджваюцца:

у намінацыі “Настаўнік-вучань”

Паліна Балаш (баян), вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза”, выкладчык — Святлана Пусько, г. Паставы, Віцебская вобласць;

Аляксандра Баршчэўская (акардыён), вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі “Варапаеўская дзіцячая школа мастацтваў”, выкладчык — Святлана Шыкавец, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць;

баянна-эстрадны ансамбль “Нарачанскі бамонд”, дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №2”, мастацкі кіраўнік — Уладзімір Калека, курортны пасёлак Нарач, Мінская вобласць;

у намінацыі “Прыпеўкі”

Наталля Лістраценка, салістка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага Цэнтра культуры і народных традыцый, Брэсцкая вобласць;

Алена Аруцюнян, салістка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорна-этнаграфічнага ансамбля (фольк-медыя-гурт) “Неруш” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

у намінацыі “Індывідуальны выканаўца”

Уладзімір Шакуцёў, гарманіст і кіраўнік народнага ансамбля гарманістаў “Гарадоцкія музыкі” Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна, Віцебская вобласць;

у намінацыі “Ансамбль”

ансамбль народных песень і танцаў “Аўкштайція”, мастацкі кіраўнік — Аўрымас Балюконіс, г. Швянчоніс, Літва;

народны ансамбль народнай песні «Ярыца» Мастоўскага раённага Цэнтра культуры, мастацкі кіраўнік — Шаміль Тайраў, г. Масты, Гродзенская вобласць;

народная капэла “Лабузяцы” Дома культуры г. Лобэз, мастацкі кіраўнік — Эміль Ходань, Польшча;

народны ансамбль народнай музыкі і песні “Бялыніцкія музыкі” раённага Цэнтра культуры дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна”, мастацкі кіраўнік — Вольга Маісеенка, Магілёўская вобласць;

заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорна-этнаграфічны ансамбль (фольк-медыя-гурт) “Неруш” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастацкі кіраўнік — Валянціна Гладкая;

народны жартоўны гурт “Чэрвеньскія балагуры” Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку, кіраўнік — Андрэй Каленік, г. Чэрвень, Мінская вобласць;

IV. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат II ступені” ўзнагароджваюцца:

у намінацыі “Настаўнік-вучань”

Валерыя Патрушава (цымбалы), вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза”, выкладчык — Галіна Барысюк, канцэртмайстар — Карына Мейшутовіч, г. Паставы, Віцебская вобласць;

у намінацыі “Індывідуальны выканаўца”

Дзмітрый Ярмош, саліст народнага ансамбля беларускай музыкі «Бліскавіца» дзяржаўнай установы адукацыі «Мазырская дзіцячая школа мастацтваў №2», Гомельская вобласць;

Сіняк Міхаіл Іванавіч, гарманіст, г. Мінск;

у намінацыі “Ансамбль”

заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага Цэнтра культуры і народных традыцый, мастацкі кіраўнік — Іван Засімовіч, Брэсцкая вобласць;

народны ансамбль беларускай музыкі “Бліскавіца” дзяржаўнай установы адукацыі «Мазырская дзіцячая школа мастацтваў №2», мастацкі кіраўнік — Ларыса Гуранкова, Гомельская вобласць;

ансамбль “Гарманісты Аўкштайціі” Цэнтра культуры г. Малетай, мастацкі кіраўнік — Йозас Кястуціс Кузміцкас, Літва;

V. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат I ступені” ўзнагароджваюцца:

у намінацыі “Настаўнік-вучань”

фальклорны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты” вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза”, мастацкі кіраўнік — Анатоль Собаль, г. Паставы, Віцебская вобласць;

Аляксандра Хромава (цымбалы), вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза”, выкладчык — Галіна Барысюк, канцэртмайстар — Карына Мейшутовіч, г. Паставы, Віцебская вобласць;

За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат I ступені” і каштоўным прызам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Настаўнік-вучань” узнагароджваецца:

інструментальны ансамбль сям’і Скорынавых “Чароўныя музыкі”, дзяржаўнай установы адукацыі “Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў”, мастацкі кіраўнік — Вольга Скорынава, Віцебская вобласць;

За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат I ступені” ўзнагароджваюцца:

у намінацыі “Прыпеўкі”

народны ансамбль рускай песні “Масковія” Дома культуры г. Пушкіна, мастацкі кіраўнік — Марына Серыкава, Маскоўская вобласць, Расія;

у намінацыі “Індывідуальны выканаўца”

Пётр Кудравец, загадчык Алешкавіцкага сельскага клуба дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна”, Магілёўская вобласць;

За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат I ступені” і каштоўным прызам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Майстар па вырабе музычных інструментаў” узнагароджваецца

Андрэй Шклёда, музыкант, майстар па вырабе музычных інструментаў, г. Мазыр, Гомельская вобласць;

За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю “Лаўрэат I ступені” ўзнагароджваюцца

у намінацыі “Ансамбль”

ансамбль кокле “Дзітары” муніцыпалітэта г. Балдане, мастацкі кіраўнік — Дацэ Цэрбуле, Латвія;

у намінацыі “Інструментальнае трыо”

салісты ансамбля “Гарманісты Аўкштайціі” Йозас Кястуціс Кузміцкас, Альгімантас Місляўскас, Вітас Рымкус Цэнтра культуры г. Малетай, Літва;

VI. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам «Гран-пры» і каштоўным прызам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Ансамбль” узнагароджваецца:

заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паазер’е” дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза”, мастацкі кіраўнік — Анатолій Собаль, г. Паставы, Віцебская вобласць.

no images were found

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.