“Калі душой увесь свет любіць, тады шчасліва можна жыць”


З мужам

 

Напісаць пра Валянціну Станіславаўну Міхалевіч — сястру міласэрнасці раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якая працуе ў Варапаеве, — папра¬сіла яе старшыня Вольга Анатольеўна Грузд. Падчас размовы высветлілася, што Валянціна Станіславаўна сапраўды міласэрны чалавек з цікавым і няпростым лёсам.

Мінулае — нібыта сон

Яе радзіма — Гродзеншчына. Пасля заканчэння Жалудоцкага медыцынскага вучылішча працавала фельчарам-акушэрам, медсястрой у хірургічным і тэрапеўтычным ад¬дзяленнях, была інструктарам па плаванні. Але найбольш падабалася весці лячэбную фізкультуру. У яе карысці пераканалася на асабістым прыкладзе пасля таго, як перанесла аперацыю на пазваночніку. Не ўсе верылі ў тое, што падымецца, будзе хадзіць. А фізічныя нагрузкі і мэтанакіраванасць вярнулі жанчыну да актыўнага жыцця.

Валянціна была і застаецца душой любой кампаніі. Вучылася ў музычнай школе па класу акардэона, мае добры голас, здольнасці да танцаў. Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Як ні дзіўна, але нярэдка песня ратавала душу. У свой час раптоўна памерла яе малодшая сястра, потым пасля цяжкай хваробы заўчасна адышла ў свет іншы сярэдняя. Гэтыя страты перажывала вельмі балюча. Калі-нікалі ёй думаецца, што ўсё гэта — жудасны сон, і здаецца, што зазвоніць тэлефон і з яго загучыць родны голас. На жаль, рэальнасць не змяніць. Сёння ратуюць ад успамінаў шчаслівае сямейнае жыццё, клопаты пра падапечных. Валянціна Станіславаўна ўмее бачыць прыгожае і ствараць яго, радавацца кожнаму дню і дзя¬ліцца сваёй актыўнасцю, станоўчай энергіяй, добрымі эмоцыямі з іншымі.

Прыехала, як у родны дом

 

 

12 гадоў таму Валянціна Станіславаўна працавала інструктарам лячэбнай фізкультуры ў санаторыі “Радон”. Усю сябе аддавала рабоце, спадзявалася, што нагрузка дапаможа забыць пра гора з прычыны раптоўнай смерці мужа, суцішыць душэўны боль. Хоць мінула пяць гадоў, ёй да драбніц помніўся той жах. Дарагога чалавека яна праводзіла ў апошні шлях у дзень іх сярэбранага вяселля. Сыны к таму часу ўжо выраслі і жылі сваім жыццём, а ёй было адзінока і сумна. З невялікага ваеннага гарадка Гезгалы на работу дабіралася за 25 кіламетраў спадарожным транспартам. Аднаго разу на стаянцы каля санаторыя падсела да мужчыны на сініх “Жыгулях”.

— Вадзіцель аказаўся маўклівым, — успамінала. — Спрабавала разгаварыць — не атрымалася. Даведалася толькі, што лечыцца па курсоўцы, а жыве ў нашым гарадку ў дачкі. Калі вечарам наступнага дня выйшла пасля работы, ля яго машыны стаяла некалькі жанчын, якім таксама трэба было дабірацца ў адным напрамку. Падумала: усе месцы заняты. А ён ступіў насустрач і нясмела сказаў, што чакае мяне.

Іван аўдавеў у другі раз, і, каб змяніць абстаноўку, дачка купіла яму курсоўку ў санаторый. Лячэбныя працэдуры, вечары ў сям’і дачкі запаўнялі час і адцягвалі думкі пра мінулае. Пасля сустрэчы з выпадковай спадарожніцай не мог забыць яе прыгожыя вялікія вочы, ямачкі на шчоках. А галоўнае — да яе цягнулася душа, і нейкае ўнутранае пачуццё падказвала: яна — яго палавінка. Тэрмін курсоўкі заканчваўся праз два дні пасля знаёмства, і Іван вырашыў адшукаць Валянціну і папрасіць нумар яе тэлефона.

— Ян паехаў, і мы сазвоньваліся з ім штодня, — расказвала Валянціна Станіславаўна. — Размаўлялі гадзінамі. Якую тэму ні закранулі б, было цікава, яднала адзінства поглядаў. Хутка зразумелі, што трэба сыходзіцца, а не марнаваць час у адзіночку. Я прыехала ў Варапаева, як да сябе дадому. Знаёмыя часта пыталіся, як прывыкаю на новым месцы, а мне з Янам так хораша, што нават не адчувала перамены месца жыхарства. У нас шмат агульнага, мы разумеем адно аднаго, як кажуць, з паўслова. Часам я толькі падумаю пра што-небудзь, а Ян пачынае пра гэта гаварыць. У мужа залатыя рукі, за якую справу ні ўзяўся б, зробіць акуратна, па-майстэрску. У нядзелю і святы ніколі не працуем.

Жывуць Міхалевічы ў гармоніі і шчасці. У варапаеўскім касцёле ўзялі шлюб, з’яўляюцца практыкуючымі католікамі. Любяць бываць на фэстах у іншых парафіях. Асвоілі камп’ютар і інтэрнэт. Праз сацыяльныя сеткі перапісваюцца са знаёмымі і раднёй, па скайпе размаўляюць з дзецьмі і ўнукамі.

— У мяне два сыны, і я заўсёды марыла пра дачушку, — гаварыла Валянціна Станіславаўна. — Ёй стала Леначка — дачка Яна. Адразу ёй цяжкавата было мяне прыняць. Але мы знайшлі агульную мову. І аднаго разу Лена сказала: “Дзякуй за тату!” Ладжу і з нявесткамі. Сын Віктар жыве ў Лідзе, Ваня — у нашай кватэры ў Гезгалах. Яго жонка родам з Арменіі.

Валянціна Станіславаўна ніколі не глядзіць тэлевізар без кручка ў руках. У цяжкія гады перабудовы вязаннем зарабляла на жыццё. Узоры і мадэлі прыдумвала сама, яны былі непаўторныя. Мела шмат заказаў. Яе рэчы экспанаваліся на розных выставах. На старонцы ў “Аднакласніках” яе работы змешчаны ў асобны альбом.

Хапае вольнага часу і ў Івана Уладзіслававіча. Адпрацаваўшы амаль 20 гадоў на варапаеўскім участку ДРБУ-132, пайшоў на заслужаны адпачынак. Ахвотна дапамагае жонцы ў якасці валанцёра. Для аднаго хворага змайстраваў спецыяльны столік для кармлення, іншага на сваёй машыне адвязе ў бальніцу, царкву або касцёл, займаецца хатнімі справамі. У Міхалевічаў любяць гасціць дзеці і ўнукі. Знайсці сваё шчасце ў немаладым узросце не так і проста. Але гэтым дваім пашанцавала быць разам.

— Калі я аўдавела, не замкнулася ў сваім горы, — гаварыла мая субяседніца. — Ішла да людзей, марыла сустрэць добрага чалавека, з якім не была б адзі¬нокай. Іван — сапраўды мая другая палавінка, мы робім усё для сямейнага ладу, імкнёмся жыць згодна з Божымі запаве¬дзямі, адна з якіх — з пашанай адносіцца да іншых людзей. А ўвогуле, калі душой увесь свет любіць, тады шчасліва можна жыць!

На службе дабрын

Са Святланай Фаміной.

і

 

 

 

В. С. Міхалевіч — медыцынская сястра вышэйшай катэгорыі, ганаровы донар Беларусі (здала больш за 20 літраў крыві). Прыехаўшы ў Варапаева, уладкавалася ў мясцовую бальніцу. А тры гады таму стала сястрой міласэрнасці раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пад яе апекай 8 чалавек: чатыры інваліды I групы, двое ўвогуле ляжачыя, адзін інвалід з дзяцінства, а самай старэйшай 93 гады. Для кожнага з гэтых нямоглых людзей Валянціна Станіславаўна — хуткая дапамога, сацыяльны работнік, суразмоўца, дарадчыца, псіхолаг.

— Мае падапечныя — цудоўныя людзі, кожны са сваім няпростым лёсам, — дзялілася В. С. Міхалевіч. — Галоўнае для іх — пагаварыць. Іх цікава паслухаць. Камусьці трэба пераслаць пасцель, іншага пераадзець, апрацаваць цела. І ў такіх выпадках у сваіх пацыентах бачу найперш чалавека, які мае патрэбу ў маёй дапамозе. У кожнага — цэлы букет хвароб. Мераю ціск, узровень цукру (у дыябетыкаў), раблю неабходныя ін’екцыі, праводжу лячэбную фізкультуру, правяраю тэрмін прыгоднасці лякарстваў, нярэдка кансультуюся з лечачым урачом. Адзінота — цяжкае выпрабаванне. Некаторыя просяць напісаць пісьмо родным, іншыя — запрасіць ксяндза ці бацюшку для споведзі і малітвы.

Валянціна Станіславаўна імкнецца аблегчыць людзям боль, зменшыць пакуты, ратуе ад адзіноты, а пажылым дапамагае адведзеныя Богам дні дажыць годна, у спакоі.

Маё першае знаёмства з В. С. Міхалевіч адбылося ў сярэдзіне красавіка. А нядаўна мы сустрэліся з ёй падчас экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мосар. Валянціна Станіславаўна суправаджала Святлану Фаміну. Сястра міласэрнасці расказвала сваёй падапечнай пра гэта прыгожае месца, пра гісторыю храма і яго былога пробашча Ёзаса Бульку. Яна была для дзяўчыны вернай сяброўкай, клапатлівай мамай. І той пазітыў, які зыходзіў ад жанчыны, перадаваўся іншым, падбадзёрваў, напаўняў аптымізмам.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота з сямейнага альбома сям’і Міхалевіч.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.