Каму замінала жар-птушка?


Велічная Жар-птушка «прапісалася» на плошчы Камсамольскай у райцэнтры ў 2012 годзе. Яе да чарговага Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» вырабілі на базе ТАА «ПастКамень» студэнты-старшакурснікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Каменнай скульптурай любаваліся пастаўчане, ёй захапляліся госці горада. Птушка вагой у некалькі соцень кілаграмаў была ўсталявана на бетонную падушку і замацавана з ёй металічнымі прутамі. Але гэта не засцерагло яе ад вандалаў. Раніцай мінулага чацвярга Жар-птушка валялася на зямлі. Яе скі¬нулі з падстаўкі, адбілі галаву, расшчапілі крыло. Людзі, якія ўбачылі сляды вандалізму, паведамілі пра гэта ў міліцыю і кіраўніцтву жыл¬лёва-камунальнай службы. Работнікі апошняй заняліся дэмантажом скульптуры. Каб вывезці яе на базу прадпрыемства, спатрэбіўся пад’ёмны кран. Падумала: гэта ж колькі сілы трэба было мець тым, хто наўмысна знішчаў твор мастацтва. Каб жа да яе яшчэ быў і розум. Але ім зламыснікі, відаць, абдзелены.

Міліцыя вядзе расследаванне. На магазінах «Купалінка» і «Мегастрой» устаноўлены відэакамеры. Хочацца верыць, што, прагледзеўшы запісы, а таксама пры дапамозе нераўнадушных гараджан, якія, магчыма, бачылі або чулі што-небудзь пра гэта здарэнне, вандалаў удасца ўстанавіць і яны панясуць адпаведнае пакаранне.

Работнікі УП ЖКГ маюць намер адрэстаўраваць скульптуру. На гэта, канешне ж, спатрэбяцца і час, і сродкі.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.