Кожны трэці работнік —малады

Общество

Яўгеній Маслоўскі, Дзмітрый Півень, Анастасія Ліхаманава, Алена Мінчанкова.

 

У шэрагу працоўных калектываў раёна сёння існуе праблема замацавання маладых кадраў, чаго не скажаш пра лясгас, дзе кожны трэці работнік — малады. Што садзейнічае выбару прафесіі, станаўленню іх як прафесіяналаў? Пра гэта і іншыя кірункі работы з моладдзю карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Мікалаевічам ІВАНЬКОВЫМ.

— У аснову канцэпцыі работы з моладдзю ў нашым калектыве, як і ў іншых арганізацыях Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, пакладзены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне, падтрымку таленавітай моладзі, павышэнне кваліфікацыі, падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў з іх ліку, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — І гэта невыпадкова, бо з 330 чалавек, якія працуюць у адміністрацыі, лясніцтвах, дрэваапрацоўчым цэху, рамонтных майстэрнях, на лесапункце, 107 — ва ўзросце да 31 года. Ад іх ініцыятывы, кампетэнтнасці, прафесіяналізму і іншых дзелавых якасцей у многім залежаць агульныя справы калектыву.

— Што можна сказаць пра замацаванне маладых спецыя¬лістаў на вытворчасці?

— Спецыялістаў для нашай галіны з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй рыхтуюць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Полацкім дзяржаўным лясным каледжы і некаторых іншых навучальных установах. Іх выпускнікі працуюць практычна ва ўсіх падраздзяленнях лясгаса, чаму ў немалой ступені садзейнічаюць меры, якія прымаюць адміністрацыя і прафсаюзны камітэт па вырашэнні надзённых праблем маладых, іх паспяховай адаптацыі ў калектыве, прафесійным і кар’ерным росце. Як вынік, большасць выпускнікоў навучальных устаноў застаюцца працаваць і пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

Адным з вядучых у арганізацыі з’яўляецца лясны аддзел, у кампетэнцыі якога ўсе пытанні, звязаныя з высечкай, пасадкай, доглядам, добраўпарадкаваннем лясоў і тэрыторый. Працуюць у ім выключна маладыя спецыялісты: Яўгеній Маслоўскі, Анастасія Ліхаманава, Алена Мінчанкова, Дзмітрый і Алена Півень.

Шмат кваліфікаваных работнікаў, у тым ліку неаднаразовыя пераможцы лясгасаўскіх і абласных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, працуюць на лесапункце. А ўзначальвае калектыў малады спецыяліст Дзяніс Кавальскі.

Амаль такія ж па ўзросце і майстры Арцём Лойка, Дзмітрый Дубовік, Аляксандр Чаркес. Не падводзяць у рабоце і маладыя вадзіцель Станіслаў Друзь, машыністы тралёвачных лесанарыхтоўчых машын Віктар Чаркес, Алесь Шумейка.

Добра зарэкамендавалі сябе майстры лесу Павел Даргель з Дунілавіцкага лясніцтва, Сяргей Хуцкі і Вікторыя Ванага з Варапаеўскага, памочнік ляснічага Валкоўскага лясніцтва Максім Старавойтаў і іншыя.

— Аляксандр Мікалаевіч, у наш няпросты час вельмі многае значаць сацыяльная падтрымка, абарона маладых. Якія ўмовы і гарантыі прадугледжаны ў лясгасе для іх прафесійнага станаўлення, духоўнага, культурнага і фізічнага развіцця?

— Меры, якія прымаюцца па сацыяльнай падтрымцы маладых, вызначаны ў асобным раздзеле калектыўнага дагавора, заключанага паміж прафкамітэтам і адміністрацыяй лясгаса. Напрыклад, дзякуючы ім, нядаўна завяршыў вучобу на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксей Будзько. Паспяхова спалучаюць працу і вучобу ў ВНУ Дзяніс Кавальскі, Яўгеній Маслоўскі, Аляксей Драгун. Некалькі чалавек набываюць патрэбныя спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях. Увогуле, дырэкцыя падтрымлівае ўсіх, хто імкнецца павышаць свой адукацыйны і прафесійны ўзровень, бо гэта ў асноўным тыя работнікі, якія ўжо добра зарэкамендавалі сябе і могуць быць вылучаны на розныя пасады.

Пры заключэнні кантрактаў з маладымі спецыялістамі іх службовыя аклады павышаюцца на 50%, а водпуск павялічваецца на два дні. Маладым спецыялістам, якім прадастаўляецца першае рабочае месца, на працягу трох гадоў штомесяц аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры трох базавых велічынь для кампенсацыі расходаў па найме жылля. Прадугледжаны шэраг іншых ільгот.

Моладзь лясгаса актыўна ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, конкурсах прафесійнага майстэрства, традыцыйных сустрэчах спецыялістаў, якія праводзіць абласное лесагаспадарчае аб’яднанне. У многіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, актыўны ўдзел прымаюць члены пярвічнай арганізацыі БРСМ пад кіраўніцтвам Алены Півень. Два нашы прадстаўнікі — Анастасія Ліхаманава і Алена Мінчанкова — сёлета з’яўляюцца ўдзельнікамі раённага маладзёжнага конкурсу “Шлях да поспеху”. Не толькі на рабоце, але і сярод насельніцтва гарпасёлка карыстаецца аўтарытэтам майстар лесу Лынтупскага лясніцтва, дэпутат сельскага Савета Іна Пупкевіч. Такіх прыкладаў нямала.

— Ведаю, што ў лясгасе работа з моладдзю не абмяжоўваецца толькі калектывам…

— На працягу многіх гадоў у раёне дзейнічаюць школьныя лясніцтвы. Надзейнымі памочнікамі ў пасадцы і доглядзе лесу, актыўнымі ўдзельнікамі розных акцый з’яўляюцца вучні СШ №4, Гуцкай, Камайскай, Лынтупскай і Стара¬дворскай школ, шэрага пярвічных арганізацый БРСМ і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Рабяты неаднаразова станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскага юніёрскага конкурсу “Квітней, мой лес!”. Кіраўнікі лясніцтваў, спецыялісты адміністрацыйнага апарату сустракаюцца з вучнямі іншых школ, праводзяць работу па прафесійнай арыентацыі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.