Лепяць, ткуць, плятуць…

Личности

Наша Пастаўшчына багатая не толькі на прыгожыя мясціны, рэкі ды азёры. Шмат у нас і таленавітых, майстравых людзей, што адраджаюць і развіваюць народныя рамёствы, працягваючы традыцыі продкаў. Частку іх аб’ядноўвае пад сваім дахам Пастаўскі Дом рамёстваў “Стары млын”. Але не толькі тут “жывуць” і працуюць майстры…

Гэты каларытны чалавек — добра вядомы ў раёне і за яго межамі ганчар, гаспадар аграэкасядзібы “Акарына”, што ў аграгарадку Навасёлкі, Сяргей Шчэрба. Стварэннем вырабаў з гліны: разнастайнага посуду, цацак, свістулек, акарын — ён займаецца амаль чвэрць стагоддзя, дасягнуўшы найвышэйшага прафесіяналізму ў рамястве. Прычым робіць іх так, як калісьці рабілі продкі, у тым ліку прадзед Сяргея Уладзіміравіча, — не выкарыстоўваючы ніякіх сучасных тэхналогій. У выніку атрымліваюцца выключна аўтэнтычныя рэчы.

С. У. Шчэрба — удзельнік шматлікіх фестываляў і выстаў, пераможца абласнога і рэспубліканскага конкурсаў па ганчарным мастацтве, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У сваёй сядзібе разам з жонкай Люд­мілай Эдуардаўнай ён стварыў унікальны музей прадметаў старадаўняга побыту і вырабаў з гліны, праводзіць майстар-класы па ганчарстве, самабытныя вясельны і хрэсьбінны абрады для гасцей, якія прыязджаюць у “Акарыну” не толькі з Пастаўшчыны і Беларусі ў цэлым, але і з краін блізкага і нават далёкага замежжа.

Дзяўчынкай Алена Васільеўна Крывенькая навучылася вязаць на прутках і вышываць. Пазней закончыла мастацкую школу ў родным Віцебску і Віцебскае вышэйшае прафесійнае вучылішча народных мастацкіх рамёстваў. У 2000 годзе па размеркаванні трапіла ў Паставы, у Дом рамёстваў “Стары млын”, і з таго часу працуе тут па атрыманай спецыяльнасці — майстрам-метадыстам па ткацтве. Тчэ габелены на раме, пакрывалы, дарожкі, ручнікі, паясы на старажытным і сучасным станках. Робіць рэканструкцыю старых ручнікоў — цалкам аднаўляе іх узор, прыдумвае свае ўзоры на аснове традыцыйных. Амаль забытаму ў наш час рамяству вучыць дзяцей і дарослых: вядзе гурток для школьнікаў, дае індывідуальныя ўрокі, праводзіць для ўсіх жадаючых практыкумы і майстар-класы, на якіх знаёміць з асновамі ткацтва. Акрамя таго, займаецца метадычнымі распрацоўкамі. Нядаўна стварыла два дапа­мож­­нікі па ткацтве паясоў на дошчачках і на ніту. Разам з планам работы гуртка яны ўвайшлі ў брашуру “Метадычны матэрыял для супрацоўнікаў Дамоў рамёстваў”, выдадзеную сёлета Ві­цеб­скім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.

Якія дзіўныя рэчы можна зрабіць са звычайнай саломы, Таццяна Анатольеўна Дзегцярук убачыла, калі вучылася ў 9 класе. У адным з магазінаў Харкава, дзе тады жыла, прадавалася невялічкая карціна — саламяны паруснік. Яна так спадабалася дзяўчыне, што тая папрасіла сяброў падарыць яе на дзень нараджэння. Але сябры купілі плюшавага мішку, што вельмі засмуціла… Упершыню сама ўзяла ў рукі салому ў пачатку 90-ых, калі прыехала ў Паставы. Памяняўшы некалькі месцаў працы, закончыла курсы па рабоце з ёй. А пазней лёс звёў з дырэктарам раённага цэнтра дзяцей і моладзі Л. М. Пушкар, якая прапанавала весці гурток у маладзёжным цэнтры “Юнацтва” пры РЦДМ.

Цяпер у Т. А. Дзегцярук тут тры гурткі: па рабоце з прыродным матэрыялам, “Саламяныя фантазіі” і “Авангардная мода”, якія з задавальненнем наведваюць і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Саломка прысутнічае ў кожным з іх. З яе робяць прыгожыя шкатулкі, куфэркі, капелюшы, кветкі, лялек, карціны-пано і нават выцінанкі. Некалькі гадоў назад стварылі цэлую калекцыю касцюмаў з выкарыстаннем саломы. Гурткоўцы ўдзельнічаюць і перамагаюць у разнастайных абласных і рэспубліканскіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А некаторыя, закончыўшы школу, становяцца дызайнерамі, педагогамі дадатковай адукацыі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара і з архіва Сяргея ШЧЭРБЫ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.