Лунаў над роднаю старонкай гармоніка, цымбалаў голас звонкі (+фота)

Местная власть

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілій Мечыслававіч Чэрнік уручае нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” старшыні райвыканкама Віктару Сяргеевічу Гутараву.

 

10—12 чэрвеня ў Паставах прайшоў дваццаць шосты, у тым ліку дзевятнаццаты ў статусе міжнароднага, фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У ім прынялі ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча, творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з Мінска і ўсіх абласцей Беларусі, а таксама Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Сагравалі душэўнасцю і гасціннасцю

Сваёй адметнасцю, непаўторнасцю і глыбокім зместам прадстаўнічае музычнае свята ў Паставах заняло годнае месца не толькі ў культурнай прасторы Беларусі, але і шэрага краін свету. Яно, як падкрэслівалася на прэс-канферэнцыі з кіраўнікамі дэлегацый, членамі арганізацыйнага камітэта і журналістамі, рэалізуе доўгатэрміновы навукова-творчы праект адра-джэння і папулярызацыі рэгіянальнага музычнага мастацтва, знаёміць з творчасцю самадзейных аматараў сцэны блізкага і далёкага замежжа.

За час існавання фестывалю ў яго мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 500 творчых калектываў і 450 індывідуальных выканаўцаў амаль з 20 краін свету. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што практычна ўсе вядучыя ансамблі народнай музыкі і песні Беларусі прайшлі праз яго, многія атрымалі вядомасць і пуцёўку ў далейшае творчае жыццё. У Паставах, у адрозненне ад іншых месцаў, дзе праходзяць розныя фестывалі, ёсць вельмі глыбокі, падрыхтаваны асяродак — гэта даўнія адметныя музычныя традыцыі, якія зыходзяць з выканальніцкай школы, закладзенай яшчэ ў ХVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам, прадоўжаныя вядомымі груздаўскімі цымбалістамі і іх паслядоўнікамі — заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь фальклорным ансамблем “Паазер’е” выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Для ўдзельнікаў фестывалю вельмі важна адчуваць подых залы, разуменне гледачоў. У Паставах такая атмасфера існуе на ўсіх святочных мерапрыемствах. Гэта было асабліва важна ў сёлетнія чэрвеньскія дні, два з якіх выдаліся не па-летняму халоднымі, дажджлівымі. Не зважаючы на гэта, пастаўская публіка, адданыя аматары народнай і класічнай музыкі сваёй душэўнасцю і гасціннасцю нібы сагравалі, падтрымлівалі ўдзельнікаў і гасцей, шчыра віталі іх на розных фестывальных пляцоўках.

Маляўнічым і прыгожым атрымалася адкрыццё свята. Пачаць шэсце выпаў гонар гаспадарам — ансамблю “Паазер’е”, які адзначае сваё 25-годдзе і па праву з’яўляецца брэндам міжнароднага фестывалю і візітнай карткай музычнага жыцця Прыдзвінскага краю. Віцебшчыну прадстаўлялі таксама ансамбль “Отрада” з Гарадка і інструментальны ансамбль сям’і Скорынавых “Чароўныя музыкі” з Шуміліна. З іншых абласцей Беларусі прыехалі вядомыя калектывы: “Палешукі” (Іванава), “Бліскавіца” (Мазыр), “Ярыца” (Масты), “Бялыніцкія музыкі”, “Чэрвеньскія балагуры”, “Неруш” (Мінск). Пастаўчане шчыра віталі замежных гасцей: ансамбль народных песень і танцаў са Швянчоніса і гарманістаў з Малетая (Літва), удзельнікаў народнай музычнай капэлы з польскага гарадка Лобэз, вакальны ансамбль рускай песні “Івалга” з Рэзекненскага краю і ансамбль кокле «Дзітары» з горада Балдане (Латвія), маладзёжную групу народнага танца “Йыхвікас” (Эстонія). З горада-пабраціма Пушкіна”(Расія) паказаць сваё майстэрства прыехаў ансамбль рускай песні “Масковія”. Для таго, каб іх сустрэчы на пастаўскай зямлі прынеслі новыя знаёмствы, творча ўзбагацілі калектывы і ўдзельнікаў, быў праведзены старажытны славянскі абрад “Кумаванне”.

За ўклад у развіццё культуры

Удзельнікаў і гасцей фестывалю віталі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілій Мечыслававіч Чэрнік, старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля Пятроўна Аўдзеева.

Прамоўцы адзначылі, што фестываль у Паставах унікальны, непадобны на іншыя. Ужо ў самой назве закладзены яго адметнасць і своеасаблівасць: тут гучыць народная музыка ў выкананні народных інструментаў — цымбалаў і гармонікаў. Вельмі прадстаўнічым з’яўляецца журы, якое з першага фестывалю ўзначальваюць народныя артысты Беларусі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі краіны і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесары, мастацкія кіраўнікі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча Міхаіл Антонавіч Казінец і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.

У наступным годзе фестываль у статусе міжнароднага пройдзе ў 20-ы раз. Доўгае жыццё цудоўнага свята — гэта вынік вялікай работы каманды гаспадароў, яго адкрывальнікаў, ідэйных натхняльнікаў і арганізатараў — Васілія Васільевіча Чэпіка, Мікалая Пятровіча Пашынскага, Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага, мэтраў нацыянальнага мастацтва краіны Міхаіла Антонавіча Казінца і Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага. На высокім узроўні падтрымлівае і праводзіць міжнародны музычны форум цяперашняе кіраў-ніцтва раёна. Прызнаннем гэтай работы стала ўзнагаро¬джанне старшыні райвыканкама Віктара Сяргеевіча Гутарава нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Вышэйшую ўзнагароду Міністэрства культуры яму ўручыў Васілій Мечыслававіч Чэрнік. Намеснік міністра павіншаваў таксама кіраўніка ансамбля “Паазер’е” Анатолія Анатольевіча Собаля, калектыў якога за высокі мастацкі ўзровень, значны ўклад у развіццё і адраджэнне нацыянальнай беларускай музычнай культуры адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ад раённага выканаўчага камітэта “паазерцы” атрымалі цымбалы.

Афіцыйныя сустрэчы, творчыя выступленні

Фестываль народнай музыкі — гэта месца, дзе традыцыйна сустракаюцца даўнія сябры, замежныя дэлегацыі. Пастаўскі раён мае 12 гарадоў-пабрацімаў, з якімі вя¬дзецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры, турызму, самакіравання, ажыццяўляюцца эканамічныя і гума¬нітарныя праграмы. На сёлетнім свяце прысутнічалі афіцыйныя дэлегацыі са Швянчонскага і Рокішскага раёнаў (Літва), гарадоў Рэзекне і Віесітэ (Латвія), Йыхві (Эстонія), Курскага раёна (Расія). У гонар замежных гасцей і сяброўства былі ўзняты дзяржаўныя флагі краін. Такі гонар выпаў лепшым работнікам і навучэнцам устаноў культуры раёна.

На Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” амаль за два дзесяцігоддзі выпрацаваліся асноўныя яго кірункі, мэты і задачы, нязменнымі засталіся галоўны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго?”, тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб”, “Пастаўскі баль”, выстава-продаж вырабаў народных майстроў Віцебскай вобласці, агляд-конкурс сельскіх падворкаў. Але кожны год у праграме свята зяўляюцца новыя элементы і мерапрыемствы. Сёлета, напрыкад, з удзелам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі і песні “Палешукі” і тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва ажыла легенда, прысвечаная 220-годдзю герба горада Паставы. Парадаваў ансамбль старадаўняй музыкі “Друцічы” Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў. Госці і гараджане наведалі новыя музейныя экспазіцыі да 230-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Тызенгаўза і 200-годдзя Пастаўскага арніталагічнага музея. Яны засталіся таксама ў захапленні ад канцэрта-віншавання з нагоды 25-годдзя ансамбля “Па¬азер’е”. Незабыўныя ўражанні пакінулі вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі ў выкананні танцавальных калектываў “Ф’южан” і “На ростанях” Віцебскага каледжа, “Скай Дэнс” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Гледачоў паланілі ансамбль барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў і духавы аркестр Смаргонскай пагранічнай групы. Нягледзячы на непагадзь, вечарам у суботу сотні людзей розных узростаў віталі вядомага беларускага спевака Аляксея Хлястова. Яркім і непаўторным атрымаўся святочны феерверк. Музычна-танцавальны марафон завяршыўся забаўляльнай праграмай з удзелам лепшых дзіджэяў вобласці. У рамках фестывалю прайшоў шэраг іншых святочных мерапрыемстваў, пра якія журналісты раскажуць у наступных нумарах “Пастаўскага краю”.

Гран-пры — у “Паазер’я”

Што да галоўнага конкурсу выканаўцаў, то на ім прадстаўнікі Віцебшчыны паказалі высокае майстэрства. Уладальнікам Гран-пры стала пастаўскае “Паазер’е”. І гэта заслужана, бо самабытны калектыў за чвэрць стагоддзя даў больш за 800 канцэртаў і па-ранейшаму здзіўляе і радуе сваёй ігрой сапраўдных прыхільнікаў народнай музыкі. Намнога больш іх стане і ў інструментальнага ансамбля сям’і Скорынавых “Чароўныя музыкі” з Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, якія ўдастоены звання “лаўрэат I ступені”. Вельмі ўдалым атрымаўся дэбют фальклорнага ансамбля “Пастаўскія цымбалісты” вучняў дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. У намінацыі “Настаўнік-вучань” юныя выканаўцы ўдастоены звання «лаўрэат І ступені». Дыпломамі лаўрэатаў узнагароджаны іншыя калектывы і выканаўцы. Усіх іх пастаўчане змаглі ўбачыць і пачуць на заключным гала-канцэрце ў летнім амфітэатры.

— ХІХ Міжнародны фестываль, як і папярэднія, пацвердзіў сваю важную місію, — адзначыў старшыня журы М. А. Казінец. — Ён не дае забываць пра нашы карані, пра тое, што напаўняе нас духоўнай сілай. Упэўнены, што конкурсныя, канцэртныя і іншыя пляцоўкі фестывалю будуць і ў далейшым збіраць сапраўдных аматараў народнай музыкі з розных краін. Мы развітваемся са святам народнага мастацтва і гаворым: «Да сустрэчы ў Паставах на ХХ Міжнародным фестывалі!»

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

no images were found

no images were found

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.