Людзі стараліся, але кармоў нарыхтавалі менш


Алег Нагановіч нарыхтаваў больш за 2700 тон сянажнай масы.

У панядзелак у адкрытым акцыянерным таварыстве “Ярэва-агра” завяршылі ўборку траў першага ўкосу на сянаж. У чатырох траншэях ля жывёлагадоўчых ферм “Норкавічы”,  “Мольдзевічы”, “Волься” і “Ярэва” закладзена больш за 2700 тон правяленай масы пры заданні 4000 тон. З такім аб’ёмам работ механізаваны атрад справіўся нямногім больш як за два тыдні.  Дырэктар сельгаспрадпрыемства Раман Эдуардавіч Вырвіч адзначыў усіх механізатараў, якія працавалі на сенажацях.

На пачатак тыдня Леанід Нагановіч на зграбанні масы меў найлепшы паказчык у раёне.

На касьбе вызначыліся Сяргей Шарко, Андрэй Купран і Ігар Пучынскі, на зграбанні масы — Леанід Нагановіч. Не навічок на нарыхтоўцы кармоў Алег Нагановіч. Але сёлета яму ўпершыню давялося працаваць на кормаўборачным камбайне “КВК-800”. І ён не падвёў, практычна адзін здрабніў усю колькасць зеляніны, закладзенай на сянаж. Штодзённа на адвозцы было задзейнічана не менш чым чатыры трактары з прычэпамі. Больш за іншых перавезлі кармоў Юрый Шукель, Яраслаў Скіпар і Пётр Казакевіч. Пры патрэбе ў гэту работу ўключаліся іншыя механізатары. Вячаслаў Вілейта і Леанід Вярбіцкі кругласутачна працавалі на трамбоўцы масы.

Яраслаў Скіпар, Юрый Шукель і Віктар Кузняцоў працавалі на адвозцы кармоў.

Усяго з першага ўкосу траў пакуль нарыхтавана крыху больш за 6 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Запасы яшчэ папоўняцца за кошт сена, якое ў рулонах нарыхтоўвае старэйшы механізатар Франц Карнацэвіч. Але ад таго, што ўборка траў практычна завершана, няма асаблівага задавальнення ні ў механізатараў, ні ў кіраўніка і спецыялістаў гаспадаркі. Ураджай зялёнай масы атрымаўся вельмі слабы. Прычына не толькі ў засушлівым надвор’і. Вясной з-за недахопу азотных удабрэнняў сенажаці падкармілі не на ўсёй плошчы, таму цяжка разлічваць і на паўнацэнны другі ўкос.

Становішча са стварэннем трывалай кармавой базы, без якой немагчыма арганізавана правесці будучае стойлавае ўтрыманне грамадскага статка, у ААТ “Ярэва-агра” склалася не з лепшых. Абнадзейвае тое, што ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама знайшло магчымасць папоўніць запасы травяністых кармоў у гаспадарцы за кошт касьбы ў іншым месцы. Яе нельга ўпускаць.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.