Моладзь не падвяла: ФК “Шаркаўшчына” — “Паставы-ПМЦ” — 1:5

Спорт

 

Партнёры віншуюць з поспехам аўтара трэцяга гола Ігара Павініча.

Як і летась, нашай камандзе выпала пачаць абласное першынство выязной сустрэчай у Шаркаўшчыне. Перад матчам былі апасенні за яго вынік, бо па розных прычынах не змаглі гуляць два асноўныя абаронцы А. Жарскі і В. Танана, шматвопытны Я. Грантоўскі. Але пастаўчане адразу ўзялі пад свой кантроль мяч, паступова завалодалі тэрытарыяльнай і гульнявой перавагай і праз паўгадзіны барацьбы адкрылі лік.

У капітана нашай каманды Руслана Зелянкевіча атрымаўся трапны далёкі ўдар, бачнасць варатару гаспадароў перакрыў Раман Мядзведзеў, і мяч трапіў у вугал варот — 0:1. Перад самым свістком на перапынак Руслан зноў вызначыўся і бездакорна рэалізаваў пенальці, прызначаны за гульню рукой. У другім тайме характар паядынку не змяніўся, толькі стомленыя сапернікі часцей сталі парушаць правілы. На 50-й хвіліне чарговы прыцэльны далёкі ўдар Р. Зелянкевіча адбіла перакладзіна, але першым ля мяча аказаўся паўабаронца пастаўчан Ігар Павініч і зрабіў лік на табло 0:3.

Пасля гэтага гаспадарам удалося скараціць розніцу ў ліку, але матч па-ранейшаму праходзіў пад дыктоўку пастаўчан. Галоўны трэнер гасцей В. М. Грантоўскі выпусціў на поле некалькі сваіх выхаванцаў 2000 года нараджэння. Навічкі крыху хваляваліся, але іх дэбют атрымаўся ўдалым. Пасля таго, як былі парушаны правілы ў штрафной пляцоўцы супраць пастаўчан Яўгена Амбразевіча і Рамана Пасевіча, арбітр прызначыў яшчэ два пенальці ў вароты шаркаўчан. Абодва “пацярпелыя” іх і рэалізавалі.

Паспяхова згулялі на выездзе за “Паставы-ПМЦ” Лубко (Прыходзька), Жылевіч (Мінгіновіч), Дубін, Міснік, Пучынскі, Ясюкевіч (Пасевіч), Зелянкевіч (к), Карага, Павініч, Амбразевіч (Бубновіч), Мядзве­дзеў (Пліско). У іншых матчах тура полацкі “Полацкгаз” на сваім полі саступіў з лікам 1:2 ФК “Міёры”. Каманда Глыбокага толькі ў дадатковы час змагла выратавацца ад паражэння (лік 1:1) у паядынку з футбалістамі Шуміліна. Наступная гульня з палачанамі пачнецца на гарадскім стадыёне сёння ў 12 гадзін, а праз тыдзень прымаем Міёры.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.