Музей трымаў справаздачу


Па традыцыі 21 мая ў нашым школьным музеі баявой і працоўнай славы прайшло мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня музеяў.

На свяце прысутнічалі госці: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іларыён Савельевіч Русалоўскі, ветэраны працы Віктар Рыгоравіч Крэскіян, Ганна Уладзіміраўна Сушко, Галі¬на Васільеўна Артамонава, Яўген Валянцінавіч Масцяніца (сын старшыні даваеннага калгаса імя Леніна ў Лынтупах Валянціна Мацвеевіча Масцяніцы, расстралянага ў Лынтупах 19 мая 1942 года) і былы выпускнік-медаліст нашай школы Сяргей Мадвейка.

Вучняў 4 “А” класа ўрачыста прынялі ў піянеры. Піянерскія гальштукі ім павязалі госці свята. Затым я азнаёміла прысутных з вынікамі работы музея за навучальны год. За гэты перыяд сабрана каля 300 экспанатаў, праведзены 52 экскурсіі. Разам з бацькамі ў музеі неаднаразова пабывалі вучні падрыхтоўчага класа. Падчас работы прышкольнага лагера “Усмешка” дзеці, якія ў ім знаходзяцца, таксама наведваюць музей. У нас пабывалі члены метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў школ раёна, ¬удзельнікі шашачнага турніру. Удзельнічалі мы ў конкурсе музеяў, “Вахце памяці”, конкурсе патрыятычных вершаў і іншых, маем узнагароды.

28 лістапада прайшло мерапрыемства, прысвечанае 28-ай гадавіне з дня нараджэння музея, 16 сту¬дзеня — да 105-годдзя Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна г. Паставы В. А. Сідарэнкі, 20 лютага — да 27-ай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, 19 сакавіка — у памяць аб трагедыі 186 беларускіх вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля вайны, і іншыя. На экскурсіях, акрамя вучняў і настаўнікаў, прысутнічалі ветэраны вайны і працы, воіны-інтэрнацыяналісты. Да 30-годдзя катастрофы на ЧАЭС ладзілася выстава па матэрыялах сродкаў масавай інфармацыі. Матэрыялы музея былі выкарыстаны пры фарміраванні “Бессмяротнага палка”.

На мерапрыемстве адзначылі актывістаў музея. З ліку экскурсаводаў у першую чаргу падзякавалі выпускніцам Аліне Бартось, Кацярыне Семянас, Ганне Шышла, Лізавеце Янковіч і дублёру-экскурсаводу Кацярыне Гутар. Яны атрымалі ў падарунак кнігі “Памяць. Пастаўскі раён” (шчырае дзякуй за іх раённаму краязнаўчаму музею), пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сувеніры. Таксама адзначаны сувенірамі экскурсаводы Аляксандра Лысенка, Дар’я Рамановіч, Ганна Трублоўская, Анастасія Хаўлюк (7 “А”), Леакадзія Цвірко (8 “А”), Ганна Багушэвіч, Анастасія Сцяпурка (10 клас), актывіст музея Яна Татарчук (7 “А”), актыўныя збіральнікі экспанатаў ¬Соф’я Жукава і Ягор Лапачонак (3 “Б”), Яна Чыпко (5 “А”), Уладзіслаў Дзісько (5 “Б”), Андрэй Павініч (7 “Б”) і Андрэй Бялевіч (9 “А”). На заканчэнне вышэйназваныя экскурсаводы 7 “А” класа правялі экскурсію “Вечны агонь і вечная памяць”.

Нашы госці былі ўдзячны за мерапрыемства, патрыятычную дзейнасць, памяць і павагу да ветэранаў вайны і працы. А я шчыра дзякую нашым гасцям за іх актыўнасць, жыццёвую навуку, дырэктару школы І. А. Мадвейку — за транспарт для нашых ветэранаў, экскурсаводам і ўсім вучням 7 “А” класа (класны кіраўнік — А. А. Дзісько) — за дапамогу ў падрыхтоўцы залы музея і ўсяго мерапрыемства.

Свята скончылася, а жыццё музея працягваецца.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

баявой і працоўнай славы СШ №2.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.