Мы стварылі свой “Горад сонца”

Образование

Закончылася змена ў аздараўленчым лагеры “Горад сонца” пры Курапольскай школе. Пара падвесці вынікі.

У лагеры адпачывалі 24 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. З першых дзён мы пасябравалі і добра ставіліся адно да аднаго. Сумаваць не прыходзілася: добразычлівыя выхавальнікі праводзілі для нас разнастайныя цікавыя мерапрыемствы.

У Міжнародны дзень абароны дзяцей прайшоў конкурс малюнкаў на асфальце “Сябруюць дзеці на ўсёй Зямлі”. Усе малявалі лета, мір, шчасце. І гэта сімвалічна, бо сапраўднае шчасце — калі ты жывеш у мірнай краіне.

Запамінальнай падзеяй стаў прыезд у лагер прадстаўнікоў Дэпартамента аховы і РАУС Н. А. Звяругі і В. С. Каламійца. Яны расказалі пра сваю службу, азнаёмілі нас са спецсродкамі, якія выкарыстоўваюць у рабоце. Затым на школьным стадыёне адбыліся паказальныя выступленні кінолага з сабакам па затрыманні парушальніка.

Надоўга запомніцца экскурсія ў Паставы. Спачатку ў кінатэатры “Радзіма” паглядзелі мульт¬фільм у фармаце 3D. Потым адправіліся на паказальныя выступленні ў раённы ад¬дзел па надзвычайных сітуацыях. Мы азнаёміліся з пажарным абсталяваннем. Якую ж трэба мець загартоўку, каб быць ратаўніком! Несумненна, гэта складаная і важная прафесія. А колькі было захаплення, калі запрацавалі пажарныя шлангі і сталі падымацца фантаны вады! Крыкі радасці заглушалі работу рухавіка пажарнай машыны.

Нікога не пакінула раўнадушным паездка ў вёску Манькавічы на гульню “Лазертаг”. Наведалі лагер і нашы сябры-пагранічнікі з пагранзаставы “Ярэва”. Мы ўдзячны ўсім, хто арганізаваў гэту сустрэчу, якая нагадала хлопчыкам пра ганаровы абавязак кожнага мужчыны абараняць Радзіму.

Удумліва праслухаўшы вусны часопіс “Мы — зямляне, наш дом — планета Зямля”, мы прыйшлі да высновы, што жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі і імёны краіне.

Сапраўднай пляцоўкай для творчасці і самарэалізацыі сваіх здольнасцей стала правядзенне дня хлопчыкаў і дня дзяўчынак. Ганаровы тытул “Містар лагер-2016” атрымаў вучань 8 класа Яўгеній Вейкуць, а “Міс лагер-2016” стала вучаніца 6 класа Валерыя Руткоўская.

Цікавыя заняткі праходзілі ў клубах па інтарэсах, дзе мы гулялі, ляпілі з цеста, малявалі, удзельнічалі ў майстар-класах па вырабе розных фігур з газетных трубачак. Кожны дзень прыносіў задавальненне — усяго не пералічыць.

Завяршылася лагерная змена ўрачыстай лінейкай, падчас якой мы падзяліліся ўражаннямі, атрымалі прызы, дыпломы. А лепшай узнагародай для начальніка лагера і ўсіх выхавальнікаў была радасць на нашых тварах.

Так мы калектыўнымі намаганнямі стварылі свой “Горад сонца” — знак еднасці, міру, паразумення. “Горад сонца” аб’яднаў нас, дзяцей, якія жывуць з марай пра прыгажосць, дабрыню і шчасце.

Аліна САВАСЦЬЯНАВА,

вучаніца 7 класа Курапольскай БШ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.