На мове культуры, народнай творчасці


Віктар ГУТАРАЎ, старшыня раённага выканаўчага камітэта:

— Сёння Пастаўшчына, адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі і Прыдзвінскага краю, у чарговы раз сабрала лепшыя народныя і самадзейныя музычныя калектывы, аматараў і прафесіяналаў-выканаўцаў. На канцэртных пляцоўках горада яны прадэманструюць сваю самабытную творчасць, парадуюць жыхароў песнямі, музыкай, танцамі. Гармонік і цымбалы, скрыпка і бубен, шматжанравыя мелодыі і напевы спрадвеку спадарожнічалі нашым людзям і сёння прадаўжаюць натхняць і захапляць, абуджаць лепшыя пачуцці, выхоўваць патрыятызм. Пастаўчане сустракаюць удзельнікаў і гасцей фестывалю — а імі з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Украіны — у абстаноўцы святочнасці і гас­ціннасці, шчырай сяброўскай атмасферы. Усё гэта, а таксама прыгажосць прыроды, блакіт азёр і рэк, зеляніна і квецень вуліц, галоўнай плошчы і старажытнага парку, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, будуць надаваць выступленням удзельнікаў яшчэ большую непаўторнасць, адметнае гучанне.

З моманту правядзення мінулага фестывалю прайшоў год. Для гісторыі гэта невялікі, амаль нябачны адрэзак часу. А для жыхароў, працоўных калектываў раёна, як і ўсёй краіны, ён стаў завяршальным годам пяцігодкі, вынікі якой і перспектывы далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця будуць разгледжаны на пятым Усебеларускім народным сходзе. Наш раён выканаў усе асноўныя параметры, вызначаныя на 2011—2015 гады. Гэтаму ў многім садзейнічала комплексная мадэрнізацыя. У прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, транспарце і ў іншых сферах былі ажыццёўлены 24 праекты з агульным аб’ёмам інвестыцый у паўтара трыльёна рублёў. Найбольш буйныя з іх — цэх па вытворчасці 20 тон цвёрдых сыроў у суткі на малаказаводзе, лінія па выпрацоўцы валакна на мясцовым ільнозаводзе, устаноўка высокапрадукцыйнага абсталявання на прыватным прадпрыемстве “Пастаўскі мэблевы цэнтр”, робатызаваная малочнатаварная ферма на 920 галоў у ААТ “Навасёлкі-Лучай”, шэраг іншых аб’ектаў. Гэта садзейнічала таму, што за пяцігодку вытворчасць прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах узрасла ў тры, а сельскагаспадарчай — амаль у чатыры разы. З 30 амаль да 40 мільёнаў долараў у год павялічыўся экспарт тавараў нашых вытворцаў, якія пастаўляюцца ў 26 краін свету. Па аб’ёме вытворчасці валавой сельскагаспадарчай прадукцыі наш раён займае пятае месца сярод 21 раёна Віцебскай вобласці. Летась на Пастаўшчыне атрыманы рэкордны ўраджай зерневых і зернебабовых. Валавы намалот склаў 85,2 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 41,4 цэнтнера з гектара.

У раёне на пачатак года былі зарэгістраваны 192 камерцыйныя структуры і больш за 700 прадпрымальнікаў. Паспяхова развівалася будаўнічая галіна. У эксплуатацыю здадзены больш за 50 тысяч квадратных метраў жылля, сучасны трохпавярховы жылы корпус і медыцынскі блок Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, шэраг іншых аб’ектаў. За сродкі Еўрасаюза праведзены капітальны рамонт падвальных памяшканняў і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі помніка архітэктуры ХVIII cтагоддзя палаца Тызенгаўзаў, дзе размясціліся новыя экспазіцыі раённага краязнаўчага музея.

Па-ранейшаму прыярытэтным з’яўлялася развіццё сацыяльнай сферы: адукацыі, аховы здароўя, культуры. Наш раён вядомы ў Беларусі і за яе межамі не толькі дзякуючы свайму галоўнаму культурнаму брэнду —  Міжнароднаму фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Пастаянную прапіску ў горадзе і сельскай мясцовасці атрымалі фестываль арганнай музыкі “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, рэспубліканскі пленэр каменячосаў з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Масава і актыўна праходзяць музычныя і песенныя рэспубліканскія акцыі, выступленні зорак эстрады Беларусі і Расіі. Разам з тым мы беражліва захоўваем і развіваем свае музычныя традыцыі. У раёне 17 калектываў носяць званні “народны” і “ўзорны”. Гонарам Прыдзвінскага краю з’яўляецца заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паа­зер’е”. “Паазерцы”, а таксама народныя ансамблі “Вітанне”, “Маладзіца”, “Заранка”, эстрадная група “25 плюс-мінус”, лялечны тэатр “Вытварашкі” і іншыя неаднаразова выступалі ў гарадах-пабрацімах Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі. Сёлета, у Год культуры, большы размах набылі мясцовыя фестывалі і конкурсы: “Пастаўскія зоркі”, “Веснавая хваля”, “Танцавальны мікс”, “Шляхецкі баль”, “Святло Божага Раства”. Па-ранейшаму гасцей прывабліваюць аграсядзібы, якіх на Пастаўшчыне каля 50, цікавыя экскурсійныя маршруты, вырабы народных майстроў і самадзейных мастакоў. Прыродная адоранасць і невычэрпныя таленты пастаўчан даўно заслужылі ўсеагульнае прызнанне як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Дзякуючы свайму высокаму статусу, прадстаўніцтву шматлікіх калектываў, вядомых музыкантаў і афіцыйных дэлегацый Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” захоўвае сваю адметнасць, узбагачае духоўнае жыццё людзей, дапамагае з разуменнем пераадольваць паўсядзённыя цяжкасці.

Жадаю ўдзельнікам і гасцям фестывалю, дарагім землякам святочнага настрою, яркіх выступленняў, прыемных сустрэч і творчых адкрыццяў. Няхай і далей звіняць цымбалы, гучыць гармонік, квітнеюць народныя таленты!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.