Сумняваецеся? Тады паглядзіце на здымкі. Яны зроблены ў другім пад’ездзе дома №32 “А” па вуліцы Касманаўтаў у Паставах, а на агульным — дружная каманда жыльцоў, хто ў большай або меншай ступені мае дачыненне да стварэння гэтай казкі і добраўпарадкавання ля дома.
З адной з іх, Наталляй Цярлюк, я пазнаёмілася. «Калі два гады назад мы ўсяліліся ў новы дом, то вырашылі, што не толькі ў кватэрах, але і ў пад’ездах павінна быць прыгожа, — расказвала яна. — Суседка Таня Вярэніч прапанавала наняць мастака і размаляваць сцены. Але гэта дорага, не кожны гаспадар (а ў пад’ездзе 20 кватэр) згадзіцца даць грошы. А ў агульнадамавой “касе” іх мала, і яны выкарыстоўваліся толькі на набыццё патрэбнага інвентару. Таму вырашылі праявіць уласную творчасць».
Паколькі ў кожнай сям’і навасёлаў падрастаюць дзеці, то каго, як не персанажаў мультыплікацыйных фільмаў “пасяліць” у пад’ездзе? І новаспечаныя мастачкі (спецыяльнай адукацыі ні Наталля, ні Таццяна не маюць, затое ў іх ёсць прыродны дар) узяліся за справу. Было гэта год назад. А сёння сцены на ўсіх пяці паверхах іх дома ўпрыгожваюць гномікі, Пегас, Русалка, кот Леапольд, які пасябраваў з мышкамі, Мікі Маўс з сяброўкай, палац на воблаку, цуда-дрэва і іншае. Шкада, што газетныя здымкі не адлюстроўваюць і дзясятай долі ўсяго таго хараства, што вечар за вечарам, выхадны за выхадным стваралася таленавітымі і нераўнадушнымі жыльцамі. Яго трэба бачыць. Тыя, хто ўпершыню трапляе ў пад’езд, дзівяцца: “Няўжо зараз здаюць такія дамы?”
— Мы з Наташай імкнёмся расці ў жыцці, пазнаваць новае і авалодваць ім, — гаварыў мне яе муж Аляксандр. — У Наташы вялікая фантазія і ўмелыя рукі. Упэўнены, што яна многага дасягне.
Тры месяцы таму маладая жанчына (у сям’і трое непаўналетніх дзяцей) звольнілася з цырульні, каб цалкам прысвяціць сябе творчасці. На цяперашні момант галоўнае яе захапленне — дэкупаж. Крэатыўныя эксклюзіўныя вырабы вы можаце ўбачыць на старонках майстрыхі ў “Аднакласніках”.
Але вернемся да агульных спраў. Дык вось, пра парадак у пад’ездзе клапоцяцца не камунальнікі, а самі жыхары — па чарзе дзяжураць і прыбіраюць. Стараюцца, каб і ля дома было прыгожа: зрабілі клумбу, высадзілі кветкі, паставілі невысокую агароджу. І цяпер ім прыемна знаходзіцца не толькі ў сваіх утульных кватэрах, але і ў месцах агульнага карыстання.
А што робіцца ў вашым пад’ездзе? Вам прыемна адчыняць яго дзверы і падымацца на свой паверх або стараецеся як найхутчэй адолець прыступкі, каб не бачыць шэрасці і запусцення? У такім разе бярыцеся за справу — па прыклад далёка хадзіць не трэба.
На здымках: найбольш актыўныя жыльцы дома: Таццяна і Вадзім Вярэніч, Наталля і Аляксандр Цярлюк, Анастасія і Уладзімір Краўчанка; такая прыгажосць не можа не радаваць.
Фаіна КАСАТКІНА.
Фота аўтара і з архіва сям’і Цярлюк.
no images were found