Не толькі земляныя, але і іншыя работы


У першую нядзелю чэрвеня ў краіне адзначаецца прафесійнае свята — Дзень мелі­яратара. Яго вытокі ідуць з 1965 года, калі ў рэспубліцы, 40% якой займалі балоты і забалочаныя землі,  пачалося іх рукатворнае паляпшэнне. За паўвека ў Беларусі было асушана больш за тры мільёны гектараў. Не выключэннем стала і Пастаўшчына, дзе больш за 30 гадоў справу навадруцкіх меліяратараў працягвае калектыў Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Напярэдадні свята з яго дырэктарам Паўлам Альберта­вічам ДЗІСЬКО гутарыў карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч.

Пастаўскі раён з’яўляецца адным з трох раёнаў Прыдзвінскага краю (пасля Віцебскага і Аршанскага),  які мае найбольшую колькасць асушаных зямель — 40000 гектараў, — адзначыў П. А. Дзісько. — На балансе прадпрыемства знаходзяцца 1550 кіламетраў адкрытай і 2700 кіламетраў закрытай дрэнажнай сеткі, на якіх налічваецца адпаведна 493 і 4700 збудаванняў. Акрамя таго, на абслугоў­ванні ёсць 30 мастоў, 68 кіламетраў дарог. Наша гаспадарчая дзейнасць накіравана на будаўніцтва новых меліярацыйных сістэм, а таксама на рэканструкцыю і эксплуатацыю існуючых. Варта сказаць і пра тое, што мы цяпер не проста меліяратары. Прадпрыемства мае атэстаты і сертыфікаты на выкананне не толькі земляных, але і будаўнічых, ад­дзелачных работ, па пракладцы дарог, інжынерных сетак, добраўпарадкаванні тэрыторый і іншых відаў гаспадарчай дзейнасці. Наша прадпрыемства хаця і дзяржаўнае, але з-за фінансавай нестабільнасці ў краіне не атрымлівае ўсіх запланаваных сродкаў. Таму вымушаны іх зарабляць самі.

У ліку перадавікоў — бульдазерысты Валерый Браніслававіч Шарыпа, Сяргей Ільіч Янушкевіч, Алег Раманавіч Танана, Ігар Канстанцінавіч Гутар, вадзіцель Расціслаў Мікалаевіч Савук.

— Павел Альбертавіч, як складваецца выкананне прагнозных паказчыкаў, вызначаных на 2016 год?

— За пяць месяцаў на розных аб’ектах выканана работ на 4,9 млрд рублёў, што складае 107% да адпаведнага перыяду мінулага года. З агульнага аб’ёму 41% займаюць работы выключна меліярацыйнага характару. Галоўным з’яўляецца будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы паблі­зу населеных пунктаў Лукашова і Салаўіха, што ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. На гэты аб’ект (а работы тут пача­лі­ся ў студзені) з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 7,5 млрд рублёў.  Цалкам увод трох комплексаў плошчай 215 гектараў запланаваны на 2017 год. На сённяшні дзень ужо выкананы вялікі аб’ём работ па выдаленні драўнінна-хмызняковай расліннасці, асушэнні забалочаных участкаў, устройстве новых каналаў для адводу вады. У чэрвені прадугледжваецца ўвесці ў эксплуатацыю два комплексы агульнай плошчай больш за 150 гектараў. На астатніх землях запланавана выканаць увесь комплекс работ да канца 2016 года. Такім чынам, аб’ект будзе здадзены датэрмінова.ъ

Начальнік меліярацыйнага ўчастка Юрый Міхайлавіч Вайцяшонак і начальнік планава-тэхнічнага аддзела Вольга Мікалаеўна Савельева.

— Дзе яшчэ працуюць меліяратары?

— Адначасова з будаўніцтвам меліярацыйнай сеткі займаемся аказаннем паслуг і падраднай дзейнасцю як у нашым раёне, так і за яго межамі. Вялі добраўпарадкаванне сядзібы Бішэўскага ў г. п. Лынтупы. У студзені—лютым займаліся планіроўкай і падрыхтоўкай тэрыторыі станцыі на сонечных батарэйках у раёне в. Швакшты Мядзельскага раёна.  Другі год запар аказваем дапамогу на будаўніцтве аб’ектаў, звязаных з узвя­дзеннем Беларускай атамнай электрастанцыі. У прыватнасці, ад Лынтуп да Казян рыхтавалі трасу, дзе будуць устаноўлены апоры лініі электраперадачы. Цесна ўзаемадзейнічаем з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь. Па дагаворы з ім больш чым на 10 кіламетрах выкарчавалі лес і падрыхтавалі тэрыторыю для правя­дзення дэмаркацыі Дзяржаўнай граніцы ў раёне міжнароднага пункта пропуску “Катлоўка” Гро­дзенскай вобласці. Вядуцца перамовы па выкананні работ паблізу пункта пропуску “Каменны Лог”.

Вадзіцель Іван Гераімавіч Субач.

— Што ў планах прадпрыемства на бліжэйшую перспектыву?

— У адпаведнасці з праграмай меліярацыі, якая распрацавана і дзейнічае ў краіне, будзе праведзена рэканструкцыя зямель у ААТ “Парыж-агра”. Плануем пачысціць каналы і адрамантаваць частку меліярацыйных сістэм у ААТ “Камайскі-агра” і “Хацілы-агра”. У апошняй гаспадарцы, паблізу вёскі Целякі, у лістападзе пачнуцца работы па рэканструкцыі меліяраваных зямель з уводам аб’екта ў эксплуатацыю ў 2017 годзе. Прадоўжыцца супрацоўніцтва з заказчыкамі па праграме будаўніцтва АЭС у Беларусі. Будзем шукаць іншыя работы.

—  Павел Альбертавіч, як успрымаюць людзі раз’язны характар работы, што ўвогуле можаце сказаць пра калектыў?

— Спецыфіка нашай работы такая, што большая частка членаў працоўнага калектыву пастаянна знаходзіцца на аб’ектах за дзясяткі, а то і за сотні кіламетраў. Нашы работнікі разумеюць цяперашнюю сітуацыю і стараюцца працаваць так, каб не было сорамна за зробленае. Усё гэта было ўлічана пры  падрыхтоўцы да прафесійнага свята. Магчымасці нашы сціплыя, але пастараліся, каб людзі  запомнілі Дзень меліяратара. Усе работнікі заахвочаны матэрыяльна. А  начальнік планава-тэхнічнага ад­дзела Вольга Мікалаеўна Савельева ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама,  вадзіцель Іван Гераімавіч Субач — граматай КУП “Віцебскмеліявадгас”. На Дошку гонару абласнога ўпраўлення занесены фотаздымак начальніка меліярацыйнага ўчастка Юрыя Міхайла­віча Вайцяшонка. Граматамі дырэкцыі прадпрыемства ўзнагароджаны бульдазерысты Павел Часлававіч Дзісько, Леанід Мікалаевіч Гірэль, рабочы Антон Антонавіч Пяткевіч. Важкі ўклад у набыткі калектыву ўносяць ветэраны, якія прадаўжаюць працаваць на розных участках. Гэта Уладзімір Францавіч Урбан, Уладзімір Аляксеевіч Конішчаў, Рыгор  Браніслававіч Казакевіч, Іван Вячаслававіч Казура, Георгій Сяргеевіч Врублеўскі, Франц Антонавіч Федаровіч, Мар’ян  Юльянавіч Кішко. Вялікая ўдзячнасць усім, хто ў свой час працаваў у калектыве, а цяпер на заслужаным адпачынку. Віншую ветэранаў і ўсіх сённяшніх работнікаў са святам! Жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту!

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.