Не забава, а злачынства


Сур’ёзнае пакаранне за распаўсюджванне і ўжыванне наркотыкаў без назначэння ўрача прадугледжвалася і раней. Але пералік псіхатропаў, якія траплялі пад забарону, быў адносна невялікі. Сталі з’яўляцца новыя, амаль легальныя, але не менш небяспечныя. Таму быў распрацаваны і ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 28 снежня 2014 года “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Яго мэты — забеспячэнне абароны жыцця і здароўя грама¬дзян нашай краіны, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі, забеспячэнне бяспекі грамадства і дзяржавы. Дакумент падвёў больш жорсткую і шырокую заканадаўчую базу па прымаемых мерах уз¬дзеяння да тых, хто распаў¬сюдж¬вае наркотыкі, захоўвае ці ўжывае іх. Засяроджвалася ўвага і на дэталях, на якія раней амаль не звярталася ўвагі і за якія да сур’-ёзнай адказнасці прыцягнуць было складана. У прыватнасці, у падпункце 11.1 пункта 11 Дэкрэта зацверджана палажэнне, што за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым ужываннем без назначэння ўрача наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў, або ўжыванне іх аналагаў, так¬січных ці іншых адурманьваючых рэчываў, у зневажаючым чалавечую годнасць і грамадскую мараль выглядзе прадугледжаны штраф у памеры ад пяці да дзесяці базавых велічынь. У студзені 2015 года Законам Рэспублікі Беларусь Крымінальны кодэкс дапоўнены артыкулам 3282 “Ужыванне наркатычных сродкаў, псіха¬тропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы ці з’яўленне ў грамадскім месцы або знаходжанне на рабоце ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіха¬тропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў”. У адпаведнасці з ім, за паўторнае ўказанае парушэнне на працягу года ўзбу¬джаецца крымінальная справа і вінаватыя караюцца штрафам або арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў. Менавіта такая справа ў адно-сінах да маладой жыхаркі райцэнтра М. была нядаўна разгледжана ў судзе.

У дзяжурную часць раённага аддзела ўнутраных спраў паступіла паведамленне, што каля прыватнага дома на вуліцы Кастрычніцкай у Паставах дзяўчына нюхае клей. Па ўказаным адрасе выехаў нарад міліцыі. Парушальніцу, якая была ў стане поўнай адсутнасці памяці, але спрабавала схавацца, затрымалі. У наваколлі яна амаль не арыентавалася, па брудным і парваным адзенні і абутку было бачна, што неаднаразова падала. Затрыманую адвезлі спачатку на медыцынскае асведчанне, якое пацвердзіла факт ужывання таксічных рэчываў. Урач-нарколаг паставіў яе на ўлік як залежную ад лятучых растваральнікаў з перыядычным іх ужываннем. На першы раз грамадзянку на падставе пп. 11.1 п. 11 Дэкрэта №6 аштрафавалі на суму ў памеры пяці базавых велічынь. Папярэдзілі, што ў паўторным выпадку яна будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці. Менш чым праз месяц гісторыя паўтарылася. Пад вечар на пляж возера Задзеўскае прыйшлі юнакі, каб пагуляць у валейбол. Непадалёк у кустах яны заўважылі жанчыну, якая нешта ўдыхала з поліэтыленавага пакета. Потым яна павяла сябе неадэкватна: стала бегаць, кінулася ў ваду, крычала штосьці пра акул, хавалася ў кустах і зноў крычала. З адзення на ёй была толькі майка. Хлопцы выклікалі нарад міліцыі. Калі той прыбыў на месца, жанчына ўвайшла ў ваду і паплыла, маючы намер такім чынам уцячы ад міліцыянераў на супрацьлеглы бераг. Але гэта ёй зрабіць не ўдалося — затрымалі і ў вадзе. Медык зноў засведчыў факт таксікаманіі. У адносінах да М. узбудзілі крымі¬нальную справу.

Падчас разгляду справы з паказанняў М. высветлілася, што з васьмі гадоў яна выхоўвалася ў інтэрнаце, бо маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яшчэ падлеткам на клей “падсела” з дапамогай сяброўкі. У самастойным жыцці праблем не было да пары да часу. Месцы, каб панюхаць клей, выбірала звычайна малалюдныя. Спачатку мроіўся дзівосны свет, чуліся дзіўныя галасы. Потым узнікла залежнасць. Каб пазбавіцца ад яе, сваячка дапамагла прайсці лячэнне ў спецыялізаванай медыцынскай установе. Нейкі час пасля гэтага трымалася, працавала, характарызавалася як адказны работнік. Ды таксікаманія ўсё перакрэсліла. У выніку трапіла пад суд, па рашэнні якога з улікам усіх абставін справы і на падставе арт. 3282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аштрафавана на суму ў памеры 60 базавых велічынь. Акрамя таго, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 107 Крымінальнага кодэкса, судом прынята рашэнне прымяніць у адносінах да М. па месцы жыхарства прымусовыя амбулаторны нагляд і лячэнне ад таксікаманіі.

Н. ЖУКАВА, суддзя.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.