Пабывалі ў “Акадэміі зорак”

Культура

Выхаванцы “Акадэміі зорак” з педагогам-арганізатарам К. А. Рубель.

Так называўся дзённы аздараўленчы лагер, які працаваў з 1 па 24 чэрвеня на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Ён аб’яднаў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія на працягу навучальнага года актыўна наведвалі шматлікія гурткі і студыі цэнтра.

Змена складалася з 25 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў, — расказвала начальнік лагера Алена Яўгеньеўна Голуб. — Нягледзячы на тое, што інтарэсы ва ўсіх розныя, весела і цікава было кожнаму. Пра гэта сведчыць і вельмі высокая наведвальнасць: калі нехта адсутнічаў, то выключна па ўваж-лівай прычыне — як правіла, з-за хваробы.

Дзень у лагеры пачынаўся ў 8.30 з ранішняй зарадкі і сняданку. Ён, а таксама абед былі арганізаваны на базе СШ №2, а вось падвячорак забіралі з сабой. Паснедаўшы, “акадэмікі” разыходзіліся па аб’яднаннях па інтарэсах, якія працягвалі працаваць, як і падчас навучальнага года. Прычым кожнае дзіця само магло выбраць, куды пайсці: на вакал, танцы або шахматы.

Пасля абеду ўсіх чакалі цікавая экскурсійная праграма, розныя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Іх праводзілі педагог-арганізатар Крысціна Аляксандраўна Рубель, выхавальнікі Вольга Аляксандраўна Пякарская, Вікторыя Сяргееўна Пятрова і іншыя педагогі. За час работы змены дзеці пабывалі на экскурсіях у РАУС, на выратавальнай станцыі, дзе змаглі прымераць касцюм вадалаза і паназіраць за тым, як ён працуе, на хлебазаводзе (там убачылі працэс вытворчасці хлеба і пакаштавалі свежаспечаныя боханы), у раённым краязнаўчым музеі, двойчы — у Доме рамёстваў і дзіцячай бібліятэцы. Таксама два разы ў тыдзень яны наведвалі кінатэатр і нават бясплатна паглядзелі кіно ў фармаце 3D. А работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях самі прыехалі ў РЦДМ і арганізавалі для школьнікаў паказальныя выступленні.

На 10-ты дзень змены стартавала самае галоўнае ў жыцці лагера мерапрыемства — вялікая гульня “Супертурыст”. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі раздзяліліся на тры каманды і прыступілі да “абуладкавання” сваіх турыстычных палян. Зрабіць гэта можна было з дапамогай віртуальных грошай, заробленых за розныя добрыя ўчынкі і актыўны ўдзел у жыцці лагера. Педагогі распрацавалі адзіную тарыфную сетку, у адпаведнасці з якой налічваліся балы. Была прадугледжана і сістэма штрафаў: за парушэнне рэжыму дня, нецэнзурныя словы, непаважлівыя адносіны да дарослых і г.д., за што балы здымаліся. За іх можна было “купіць” турыстычную палатку, стол, крэслы, карту, посуд, рукзак і іншае, неабходнае турысту.

Вынікі гульні падвялі на свяце закрыцця змены. Удзельнікі каманды-пераможцы атрымалі адпаведныя дыпломы. А імяннымі дыпломамі і падарункамі былі ўзнагароджаны абсалютна ўсе “акадэмікі”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.