Падарункі ад музея


Незабыўныя ўражанні ад сустрэч з гісторыяй Пастаўшчыны і яе сённяшнім днём гасцям і ўдзельнікам фестывалю па традыцыі падорыць раённы краязнаўчы музей.

У суботу, у 17 гадзін, ля цэнтральнага ўвахода ў палац Тызенгаўзаў, дзе размешчаны філіял установы, адбу­дзецца тэатралізаваная мініяцюра, прысвечаная 230-годдзю з дня нараджэння вучонага-арнітолага з еўрапейскім імем Канстанціна Тызенгаўза. Прысутныя змогуць адчуць дух той эпохі —  такую атмасферу створаць навучэнцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі (педагогі — В. С. Бахановіч і Т. А. Дзегцярук), а таксама пя­цікласнікі СШ №2.

Адбудзецца навуковая міні-канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю стварэння арніталагічнага музея К. Тызенгаўза. Акрамя таго, адкрыецца фотавыстава птушак з музейнай калекцыі графа, якая цяпер захоўваецца на біялагічным факультэце Вільнюскага ўніверсітэта. Некалькі слоў пра тое, як яна да нас трапіла. У 2013 годзе мы — я і навуковы супрацоўнік музея В. А. Шышко — з мэтай пошуку спадчыны графаў сумесна з рокішскімі музейшчыкамі накіраваліся ў навуковую экспедыцыю. Разам з намі былі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, а таксама навукоўцы, гісторыкі з Гродна і Польшчы. Зробленыя ў Вільнюсе фотаздымкі распячатаны ў поўным колеры і вялікім фармаце. На іх — птушкі з усіх кантынентаў, як жывыя, быццам час не крануў паперу. І дапамог нам у гэтай справе наш зямляк У. У. Ясюкевіч, які жыве ў Маскоўскай вобласці, за што мы яму шчыра ўдзячны.

У планах музея — аднаўленне карціннай галерэі К. Тызенгаўза. Усяго вядома 59 карцін, частка іх знаходзіцца ў Каўнасе, астатнія — па свеце. Вядома, разлічваць можам не на самі карціны, а на іх рэпрадукцыі, выкананыя высокатэхналагічным друкам на палатне. Спадзяёмся на спонсарскую падтрымку і дапамогу нашых землякоў.

Парадуе наведвальнікаў і новая экспазіцыя ў галоўным будынку музея — яна прысвечана культуры Пастаўшчыны, і я, карыстаючыся выпадкам, дзякую ўсім, хто яе ствараў, а асабліва — дырэктару Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза А. А. Собалю. Даспадобы, спа­дзяюся, прыйдзецца і яшчэ адзін наш падарунак — буклет да 40-годдзя раённага краязнаўчага музея, які мы выдалі напярэдадні.

Р. КУРАЧЭНКА,

дырэктар раённага краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.