Паказалі добрыя вынікі

Образование Спорт

28 мая на базе ФАКа адбыліся раённыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года. Удзел у іх прынялі школьнікі 2004-2005 гадоў нараджэння.

На стадыёне фізкультурна-спартыўнага клуба спаборніцтвы сабралі разам навучэнцаў усіх гарадскіх школ, Камайскай сярэдняй і Старадворскай базавай. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў бегу на 60 і 400 метраў, кіданні мяча і скачках у даўжыню з разбегу.

— Гэтыя спаборніцтвы — свайго роду генеральная рэпетыцыя перад спартакіядай «Алімпійскія надзеі» па чатырохборстве, якая пройдзе восенню. Многія з удзельнікаў сённяшняга спартыўнага мерапрыемства абавязкова прымуць у ёй удзел і, спадзяюся, пакажуць выдатныя вынікі, — упэўнена намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Есьман.

Вынікі падводзіліся ў кожнай намінацыі асобна. Абсалютны рэкорд сярод хлопчыкаў, ды і ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў, устанавіў Дзмітрый Рогач з сярэдняй школы №4, які паказаў найлепшую фізічную падрыхтоўку ва ўсіх практыкаваннях і ў кожным заняў першае месца. Крыху адстаў ад яго Ягор Карпенка (СШ №1) — у яго тры дыпломы другой ступені. Па два дыпломы пераможцы або прызёра заваявалі Віктар Мацур (СШ №3), Арына Мірашнічэнка (СШ №4), Карына Лавец (СШ №2), Дар’я Мацкевіч і Вераніка Лешчык (Старадворская базавая школа). Дыпломам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў адной намінацыі адзначаны Рэната Мядзюха (СШ №1), Павел Сініца (Старадворская базавая школа), Насця Аксёненка (СШ №4), Аляксандра Сакаленка і Павел Гарнадуд (СШ №3), Мікіта Дашчынскі і Маргарыта Цімафеева (СШ №2).

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.