Паміж двух водных люстэркаў


Як весела правесці час, адпачыць душой, зарадзіцца энергіяй і атрымаць незабыўныя ўражанні, добра ведаюць уладальнікі аграсядзіб. У нашым раёне іх 46, і кожная мае сваю адметнасць. Гаспадары сядзібы «Белае і Чорнае» зрабілі акцэнт на адасобленым адпачынку на ўлонні некранутай прыроды.

Дом у вёсцы Белае, якая знаходзіцца за трыццаць кіламетраў ад райцэнтра, сям’я Мацясовіч набыла восем гадоў таму пад дачу: паланіла маляўнічае хараство тутэйшай прыроды. Катэдж разам з пяццю іншымі дамамі дачнікаў знаходзіцца наводшыбе вёскі, паміж двух азёр — Белага і Чорнага. Гэта геаграфічная асаблівасць і лягла ў аснову назвы аграсядзібы. У цёплую пару года ў азёрах можна купацца, лавіць рыбу, зімой на лёдзе — катацца на каньках, хадзіць на лыжах.

— Для наведвальнікаў сядзіба запрацавала год таму. Нашы асноўныя кліенты — мінчане. Былі госці з Расіі, Літвы і нават Амерыкі, — расказвала па дарозе з Пастаў Наталія. — Мы не хочам, каб тыя, хто прыедзе да нас, ператваралі адпачынак на прыро­дзе ў банальныя п’янкі, таму здаём катэдж невялікім кампаніям, сем’ям з дзецьмі, ну і, вядома, рыбакам — у Белым водзяцца карасі, ліні, карпы і таўсталобікі, у Чорным — шчупакі і ляшчы. Жадаючым здаём напракат двухмесную гумовую лодку і рыбацкія прылады.

Вось і доўгачаканы паварот. Адкрываюцца вароты, і позірк спыняецца на бязмежнай воднай гладзі, акуратна скошаным зялёным газоне, маладых фруктовых дрэўцах, елачках і амаль векавой ліпе, што ўбралася ў квецень і прыемным водарам напоўніла ўсё наваколле. Ідзём да возера. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, метраў за дваццаць чысціць пёры грацыёзны лебедзь.

— Гэта звычайная з’ява, — кажа гаспадыня. — Жывёлы і птушкі адчуваюць тут сябе паўнапраўнымі гаспадарамі: усё лета «абдымаюць» крыламі акругу буслы, разгульваюць па ўчастку шпа­кі, для якіх мы пабудавалі домік, і нават дзікія качкі, што гняздуюцца непадалёк. У возеры жывуць бабры і выдры. Пры­ходзяць вожыкі.

Адначасова размясціцца ў катэджы могуць не больш за сем чалавек (па колькасці спальных месцаў). У распараджэнні адпачывальнікаў газавая пліта, мікрахвалевая печ, халадзіль­нік, посуд. У кошт уключаны пасцельная бялізна, ручнікі, халаты, дровы, веласіпед. Дом абсталяваны санвузлом і душавой кабінай. Ёсць камін, паветранагравальная печка і тэлевізар. Але апошні, як заўважылі гаспадары, ніхто з гасцей так і не гля­дзеў. І сапраўды, навошта марнаваць час на пасіўны адпачынак, калі пашчасціла апынуцца ў адным з куткоў Эдэма на зямлі?

У двары ўстаноўлена барбекю з навесам для смажання шашлыкоў, побач — лаўка-арэлі. Адметны каларыт сядзібе надае дэкаратыўны драўляны млын. Аматары рухацца могуць скарыстацца валейбольнай сеткай, тыя, каму больш даспадобы рэлакс, — гамаком ручной работы, які гаспадыня прывезла з В’етнама. Для дзяцей ёсць пясочніца, а для тых, хто цэніць лёгкую пару, — лазня з неабходнымі прыладамі і пакоем для адпачынку.

Знаходжанне ў сядзібе каштуе нядорага. Уся неабходная інфармацыя пра аграсядзібу ёсць у сацыяльных сетках. Калі вам падабаецца яднанне з прыродай, то такі адпачынак менавіта для вас. Па­кіньце дома паўсядзённыя справы і адпраўляйцеся ў «Белае і Чорнае» — аграсядзібу Юрыя, Наталіі і Рамана Мацясовіч.

Вераніка Філановіч.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Матясовіч.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.