Помніць мінулае, цаніць сучаснае

Общество

22 чэрвеня — адна з самых трагічных дат у гісторыі нашай краіны. У гэты дзень, 75 гадоў таму, пачалася Вялікая Айчынная вайна — самая жорсткая і кровапралітная. Яна разбурыла надзеі мільёнаў людзей, зламала лёсы цэлых пакаленняў. На абарону краіны падняўся ўвесь народ. І перамог! У полымі вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. А колькі людзей зведала пакуты канцэнтрацыйных лагераў, перажыло прыніжэнне на акупіраванай немцамі тэрыторыі, страціла здароўе! Ніхто не забыты, нішто не забыта. Гэта пацвярджаюць і мае суразмоўцы:

Мар’ян Іванавіч ЛУК’ЯНОВІЧ: “Мне было 10, калі нашы Палуяны, што ў Мядзельскім раёне, акупіравалі немцы. Забягалі на падворак, лавілі курэй, забралі парася. Каб уратаваць нас ад бяды, тата змайстраваў у лесе маленькую зямлянку, і мы з сёстрамі Марысяй і Гэляй пасяліліся там  больш чым на два тыдні, пакуль ворагі не пакінулі вёску. Ноччу мама прыносіла есці. Аднаго разу я вырашыў схадзіць дадому, бо засумаваў па бацьках і малодшым браціку Стасіку. Нямецкі вартавы спыніў на  вуліцы, прыставіў да скроні вінтоўку і пагражаў забіць, сцвярджаючы, што я — малы партызан. Бацька ледзь вымаліў маё вызваленне. Але ад таго жаху, які перажыў за некалькі хвілін, развітваючыся ў думках з жыццём, і цяпер нярэдка па начах кідае ў халодны пот.

Дзякаваць богу, што ўжо больш за 70 гадоў жывём пад мірным небам, што Прэзідэнт Беларусі выступае за мір ва ўсім свеце. Бо гэта самы дарагі скарб. Хочацца, каб яго цаніла маладое пакаленне, якое пра вайну ведае толькі з кінафільмаў”.

Марыя Іосіфаўна ТУРЛА: “Часта думаю, як склалася б маё жыццё, калі б гітлераўцы не напалі на нашу краіну, каб тату не забралі на фронт. Ён прапаў без вестак, так і не даведаўшыся, што нарадзілася я. Як жа цяжка было маме! Яна больш не выйшла замуж, бо пастаянна верыла, што тата жывы, і спадзявалася, што ён вернецца. Я вельмі шкадавала маму, таму і не пакінула бацькоўскі дом. Хоць была здольнай вучаніцай, закончыла толькі сем класаў, пайшла працаваць на ферму. Мне было 16, калі памерла мама. Горкая доля сіроцкая… Удзячна бацькам мужа, якія сталі мне роднымі. 22 чэрвеня сапраўды трагічная дата, і душа баліць, бо вайна прайшлася і па маім лёсе”.

Адам Вайцехавіч ЗАРЭЦКІ: “Я нарадзіўся ў канцы 1941 года, зразумела, што ні немцаў, ні партызан не памятаю. А вось пачуццё голаду 46-га, напэўна, не забудзецца ніколі. Тата яшчэ не вярнуўся з вайны, мы з мамай жылі разам з бабуляй і дзядулем. Каня аддалі партызанам, карова здохла, бульба і зерневыя не ўрадзілі. Хадзілі з бабуляй збіраць траву, з якой мама пякла нешта падобнае на бліны. Праглынуць іх было немагчыма. А цяпер часам назіраю, як прадузята маладыя кабеты ў магазіне выбіраюць прадукты або як малыя капрызяць ля прылаўка, не ведаючы, чаго ім хочацца. Заможна зажылі за 70 з лішнім мірных гадоў: на вуліцах дарагія іншамаркі, у кватэрах — еўрарамонты, адпачываць людзі едуць на шыкоўныя курорты. Нам трэба быць удзячнымі дзядам-прадзедам за свабоду і незалежнасць, радавацца сённяшняму светламу жыццю!”

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.