Прафесія цікавая і дынамічная


Алена Пятроўна Раманенкава — начальнік планава-эканамічнага сектара райспажыўтаварыства. Прафесію эканаміста выбрала па прыкладзе старэйшай сястры. Пасля школы паступіла ў Гомельскі кааператыўны інстытут (цяпер Беларускі гандлёва-эканамічны ўнівер-сітэт спажывецкай кааперацыі).

Ніколі не думала, што, атрымаўшы дыплом, пакіне свой родны Бра-гінскі раён і перабярэцца ў Пастаўскі. Але падчас вучобы на чацвёртым курсе пазнаёмілася з хлопцам з Пастаў. Неўзабаве згулялі вяселле. Маладая жонка давучылася і прыехала ў наш горад. Было гэта ў 2005 годзе. З таго часу ні разу не пашкадавала, што так распарадзіўся лёс.

Спачатку працавала таваразнаўцай у філіяле “Каапгандаль № 2”. Затым быў водпуск па доглядзе дзі¬цяці, а пасля яго ўладкавалася эканамістам у “Каапгандаль № 1”. Дыпламаванага спецыяліста хутка ацанілі за адказнасць, кампетэнтнасць, акуратнасць, ініцыятыўнасць. Алена Пятроўна ў сваю чаргу бязмежна ўдзячна за практычную навуку Галіне Вячаславаўне Гінько з “Каапгандлю № 1” і былому начальніку планавага ад¬дзела райспажыўтаварыства Соф’і Станіславаўне Турла. Вопытныя эканамісты ахвотна дзяліліся з маладой калегай сваімі навыкамі, напрацоўкамі.

— А ў райспажыўтаварыстве, куды пазней перавялі, маёй настаўніцай стала Ірына Анатольеўна Леўкавец, — расказвала Алена Пятроўна. — Планаванне, распрацоўка праграм, фінансавая справаздачнасць — гэтыя даволі сухія словы і паняцці тояць у сабе задачы, паспяховае рашэнне якіх прыносіць асаблівае задавальненне. Не абысціся і без сваіх ідэй. Хоць прафесія эканаміста — гэта прафесія лічбаў і паказчыкаў, яна ўсё ж цікавая і дынамічная, патрабуе гнуткасці, нават у нейкай ступені вынаходніцтва. Калі любіш сваю работу, то цікава займацца эканамічным аналізам гаспадарчай дзейнасці арганізацыі, распрацоўкай мерапрыемстваў па забеспячэнні рэжыму эканоміі, павышэнні эфектыўнасці работ, выяўленні рэзерваў, папярэджанні страт і непрадукцыйных выдаткаў. Вызначыць найбольш эфектыўныя шляхі атрымання прыбытку, разлічыць, якія даходы можна атрымаць у будучыні і колькі сродкаў для гэтага спатрэбіцца — вось над чым працуем у першую чаргу. А яшчэ трэба падсумаваць прыбытак, абдумаць, як яго выкарыстаць, правесці аналіз выканання намечаных планаў і дасягнутых прадпрыемствам вынікаў, зрабіць высновы і распрацаваць планы на далейшую перспектыву.

Райспажыўтаварыства пастаянна ў пошуку навацый, новай прадукцыі, партнёраў і рынкаў збыту. За пяць месяцаў бягучага года рознічны тавараабарот склаў 114,9 мільярда рублёў, тавараабарот прадукцыі прадпрыемстваў грамадскага харчавання — 10,3, прамысловай прадукцыі выпушчана на 24,6 мільярда, прадукцыі ўласнай вытворчасці — на 13,4, нарыхтоўчы абарот перавысіў 10 мільярдаў рублёў. За гэтымі лічбамі — старанне прадаўцоў, нарыхтоўшчыкаў, кандытараў, майстроў розных цэхаў, а таксама зладжаная, прадуманая работа эканамічнай службы, работнікаў бухгалтэрыі і ўсяго калектыву пад кіраўніцтвам Р. А. Леўкаўца. А. П. Раманенкава адзначыла, што прыемна працаваць з такімі вопытнымі, кваліфікаванымі эканамістамі, як Ірына Анатольеўна Леўкавец, Марыя Тэафілаўна Клямята. Вучацца ў ветэранаў маладыя Марыя Сяргееўна Жук, Аляксандра Сяргееўна Скурацёнак, Святлана Раманаўна Жыгулёўцава, Таццяна Аляксандраўна Феафанава і многія іншыя.

— Алена Пятроўна — кампетэнтная ў сваёй справе, камунікабельная, ма-більная, — гаварыла намеснік старшыні райспажыўтаварыства па кадрах Ірына Іванаўна Ісачанкава. — Яна знайшла агульную мову як з калегамі, так і з кіраўніцтвам. Яе паважаюць і цэняць. Па выніках работы, якія падводзяцца напярэдадні нашага прафесійнага свята — Дня работнікаў спажывецкай кааперацыі, — А. П. Раманенкава ўдастоена звання “Лепшы па прафесіі” і бу¬дзе ўзнагароджана дыпломам.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.