Прайшлі дзяржаўную акрэдытацыю

Образование

Перад педагогамі каледжа выступае старшыня акрэдытацыйнай камісіі, галоўны інспектар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Мікалаеўна Малкіна.

 

З 23 па 27 мая ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы працавала камісія Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі навучальнай установы на адпаведнасць статусу каледжа і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”.

Камісія заслухала справаздачу дырэктара каледжа Мікалая Мікалаевіча Лысёнка, прэзентацыі старшынь метадычных аб’яднанняў. Яе члены наведалі заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы, вывучылі пытанні арганізацыі прававых асноў функцыянавання навучальнай установы, кадравага і вучэбна-праграмнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Вялікая ўвага была звернута на арганізацыю практычнага навучання на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выніковасць унутранага кантролю ва ўстанове, правядзенне і якасць ідэалагічнай і выхаваўчай работы, адукацыйны працэс. Педагагічныя работнікі і навучэнцы прынялі ўдзел у анкетаванні. Была прааналізавана таксама работа калегіяльных органаў кіравання, матэрыяльна-тэхнічнага і інфармацыйна-бібліятэчнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.

Камісіяй прынята рашэнне аб пацвярджэнні дзяржаўнай акрэдытацыі навучальнай установы. У ходзе яе была да¬дзена высокая ацэнка рабоце намеснікаў дырэктара Наталлі Аляксандраўны Шылько, Алены Канстанцінаўны Дубовік, метадыста Ганны Казіміраўны Трацяк, старшыні цыклавой камісіі Наталлі Уладзіміраўны Казловай.

Асабліва быў адзначаны высокі ўзровень заняткаў, якія праводзіць выкладчык Дзмітрый Васільевіч Міхасёнак. Для актывізацыі мыслення, запамінання і ўспрымання навучэнцамі вывучаемых пытанняў ён выкарыстоўвае элементы праблемнага выкладання матэрыялу, рашае з імі практычныя задачы, шырока прымяняе электронныя сродкі. З вялікай зацікаўленасцю (такі вывад зроблены камісіяй на падставе анкетавання навучэнцаў) праводзяць вучэбныя заняткі выкладчыкі Марына Валер’еўна Раманоўская, Аляксей Уладзіміравіч Харкоў, Раіса Мікалаеўна Хруцкая, Марына Уладзіміраўна Карачаўцава, Аляксандр Яўстаф’евіч Будзько, Дзмітрый ¬Алікавіч Мажэйка, Сяргей Веніямінавіч Шылёнак.

Са станоўчага боку адзначана работа калектыву каледжа па маральным і эстэтычным выхаванні навучэнцаў. Высокая ацэнка дадзена рабоце па арганізацыі адпачынку, развіцці творчых здольнасцей юнакоў і дзяўчат. У арганізацыі ідэалагічнай работы значная роля належыць музейнаму пакою “Гісторыя і сучаснасць”, які абсталяваны ў будынку інтэрната.

Камісія вызначыла шляхі далейшага развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, прапанавала новыя кірункі па ўдасканаленні навучання, увядзенні новых і пашырэнні спектра адукацыйных паслуг у рамках існуючых спецыяльнасцей.

Змяненне статусу навучальнай установы дазволіла ўжо сёння аб’явіць аб наборы на дзённую форму навучання выпускнікоў з базавай адукацыяй для падрыхтоўкі з іх ліку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па кваліфікацыі “Тэхнік-механік”. Шляхам завочнага навучання на базе агульнай сярэдняй адукацыі можна будзе атрымаць кваліфікацыю “Бухгалтар”.

Новы этап у развіцці Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, несумненна, з’яўляецца дасягненнем усяго педагагічнага калектыву, дае магчымасць выпускнікам школ атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў сваім раёне і пры жаданні прадоўжыць вучобу па скарочанай форме, напрыклад у Полацкім дзяржаўным універсітэце або ў любой іншай вышэйшай навучальнай установе краіны.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.